Як ашчаджаць ваду? Рэальныя парады ад эксперта


Кансультант па рэсурса- і энергазабеспячэнню Антон Гаховіч распавядае, як можна знізіць расход вады ў кожным доме і – зэканоміць.

Добрым тэхнічным сродкам для эканоміі вады стане насадка для кранаў – эканамічны аэратар. Без яго можа выцечы да 20 літраў вады за хвіліну, што ў 4 разы болей, чым з адмысловай насадкай. Сакрэт аэратара ў тым, што ён напаўняе струю вады паветрам і робіць напор больш моцным.

Каб набыць аэратар, неабходна ведаць дыяметр крана і від яго разьбы. І галоўнае – запытваць у гандляроў эканамічны аэратар, а не звычайны. Цяпер менскія інтэрнэт-крамы прапаноўваюць набыць насадку па кошце ад 105 тысяч. Аднак, па словах эксперта – гэта дорага ў параўнанні з еўрапейскімі цэнамі. Антон набывае аэратары ў Беластоку. Там іх кошт – каля 40 тысяч за адзінку.

Набываючы ашчаджальную насадку ў Беларусі, варта звярнуць увагу на маркіроўку ўпакоўкі. На ёй павінна змяшчацца інфармацыя наконт беражлівасці, напрыклад: «-50%», «Eco» і «Water Saving». І, канешне ж, не варта замаўляць аэратары з Кітая – найхутчэй, яны апынуцца падробкай.

Прымаючы душ, расход вады можна панізіць гэтак сама, як і пры выкарыстанні вады з-пад крана – дастаткова замяніць звычайную лейку для душа на эканамічную. Яна дазволіць ашчаджаць болей за 6 літраў вады ў хвіліну.

Для тых, хто даўно не мяняў сантэхніку, самы час зрабіць гэта. Аказваецца, нам змешвальнік з двума кранамі нявыгадны для эканоміі па простай прычыне – трэба доўга падбіраць жаданыя тэмпературны паказнік вады і яе напор. Лепей выкарыстоўваць рычажныя змяшальнікі. Аднак, ідэальны і, адпаведна, дарагі варыянт – тэрмастатычныя.

Майце на ўвазе, што калі з крана цягам дня капае вада, то яна можа напоўніць цэлую ванну, а гэта – 200 літраў. Пры такой з’яве варта задумацца пра замену сантэхнікі, іначай выкапае цэлае возера, а разам з ім і вашыя грошы.

Ашчаджаць водныя рэсурсы і сямейны бюджэт дазволіць і новы зліўны бачок у прыбіральні. Справа ў тым, што са старымі савецкімі 9-літровымі бачкамі не зэканоміш. Лепей замяніць яго на камбінаваны 6-ці і 3-літровы, тады ашчадзіце 24 кубаметры вады ў год.

Звярніце ўвагу, ці выцякае вада праз ваш зліўны бачок. Для гэтага дастаткова насыпаць ва ўнітаз харчовы фарбавальнік, які надае вадзе іншы колер.

Антон расказаў пра хітрыкі, якія не патрабуюць фінансавых укладанняў. Напрыклад, калі ў зліўны бачок змясціць напоўненую вадой, пластыкавую бутэльку, яна дазволіць зберагчы да 20 літраў вады штодня. А яшчэ можна звярнуцца з просьбай да сантэхніка, каб адрэгуляваў зліўны паплавок на меншую колькасць вадкасці.

«Ашчаджальныя» звычкі

І нарэшце – звычкі! У кожнага яны свае, нават у працэсе мыцця. Хтосьці закручвае кран, а хтосьці пакідае моцны напор вады, калі чысціць зубы. Таму варта абзавесціся лістком-нагадалкай у ванным пакоі ды на кухні. У ім напішыце самому сабе парады, як ашчаджаць ваду. Антон прапанаваў некаторыя з іх – уключайце ваду толькі як пачысцілі зубы, а найлепей – карыстайцеся кубачкам для вады. Умывацца можна, набраўшы вадкасць ва ўмывальнік. Мужчыны, закручвайце кран, калі голіцеся пры дапамозе станка і пены.

Калі мыеце бялізну рукамі, палашчыце яе ў тазу. Гародніну і садавіну таксама варта мыць у ёмкасці, а не пад праточнай вадой. Брудны посуд спачатку пазбаўце ад рэшткаў ежы, толькі пасля мыйце ў напоўненай вадой ракавіне, а затым палашчыце пад чыстай вадой.

Сярод звычак Антона – мыцца пад душам не штодня, а раз на два-тры дні, каб не перасушваць скуру і не змываць карысныя бактэрыі, якія жывуць на целе. Але тут усё залежыць ад індывідуальных патрабаванняў цела.

Добра быць экспертам і ведаць адказы на шматлікія пытанні. А яшчэ лепей – не толькі даваць парады, але і самому імі карыстацца, што, між іншым, робяць Антон Гаховіч і яго нявеста біёлаг. У кватэры маладых усталяваны аэратар ды эканамічная лейка для душа. Расход вады на дваіх у месяц – 6 кубоў. Антон прызнаецца, што гэта шмат. Узгадвае, калі жыў адзін, то выліваў толькі па 1 кубу халоднай і гарачай вады.

Эксперт звяртае ўвагу на бяздумнае выкарыстанне рэсурсаў і раіць самастойна прааналізаваць: калі і на якія патрэбы мы выкарыстоўваем рэсурсы. Варта памятаць і пра паўторнае выкарыстанне вады. Напэўна, шмат хто вылівае вадкасць з чайніка ў ракавіну, хоць яе можна выкарыстаць для мыцця падлогі ды вокнаў.

Ядзя Бурштынава, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары