Як апраналіся беларускія франты і моднікі больш за 100 гадоў таму


Гарадскую моду мінулых стагоддзяў паказалі на выставе ў Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту.

Адзін з цікавых момантаў выставы: арганізатары перамясцілі частку інтэрʼеру, рарытэтных прадметаў і адзення менскіх мяшчан канца ХІХ – пачатку ХХ ст. з аднаго старога менскага дома, які захаваўся на вуліцы Вызвалення, у іншы – на тэрыторыi музея.

Гэта дапамагло гасцям перанесціся ў эпоху гарадскіх франтаў і моднікаў: мэбля і модныя рэчы ручной работы падкрэслівалі не толькі заможнасць, але перш за ўсё густ сваіх гаспадароў.

Яшчэ адна разынка: выстава інтэрактыўная. Тут можна прымерыць вопратку мінулай эпохі ды зрабіць незабыўнае фота, а таксама паўдзельнічаць у майстар-класе па выразанні профіляў паводле старых узораў.

Дом па вуліцы Васкрасенскай (так называлася вуліца Вызвалення) габрэйская сям’я цягам многіх гадоў здавала арандатарам, якія пакінулі пасля сябе нямала цікавых прадметаў. Арганізатары выставы вырашылі ўзнавіць у доме атмасферу фотасалона канца канца ХІХ – пачатку ХХ ст. з намаляваным на сцяне пейзажам, балюстрадамі ды старым фотаапаратам.

Знайшлося месца і для старых фотаздымкаў сямʼі Андрыеўскіх, якая некалі жыла ў доме ў завулку Паўночным. А таксама зробленага ў 1902 годзе імяннога кія з ініцыяламі, які належаў галаве сям’і Канстанціну Акімавічу – чыноўніку Лібава-Роменскай чыгункі.

Ёсць на выставе і фатаграфія удзельніка паўстання 1863 года Міхаіла Валовіча, які сядзіць на троне з сімволікай Рэчы Паспалітай, зробленая адным з самых вядомых менскіх фатографаў Антонам Прушынскім, а таксама модныя аксэсуары адзення і курыльныя прыналежнасці ручной работы.

belsat.eu

Стужка навінаў