Як амерыканка, шведка і полька сустракалі Дзень Перамогі


Барак Оўбама падпісвае ўказ аб узнагародзе Залатым медалём Кангрэсу пілотаў Жаночай службы ВПС ЗША (існавала ў 1943–1944 гадах). 1 ліпеня 2009 г.

Чатыры жанчыны апісваюць ува ўспамінах заканчэнне еўрапейскіх дзеянняў Другой сусветнай вайны.

Маргэрыт Хігінс

Вайсковая рэпартэрка. Асвятляла Другую сусветную, войны ў Карэі і В’етнаме. Дзень Перамогі сустрэла ў аўстрыйскім Зальцбургу.

За асвятленне вайны ў Карэі Маргэрыт Хігінс першай з жанчын атрымае ў 1951 годзе Пуліцара як замежная рэпартэрка.

Мы ўсе выйшлі на балкон і пабачылі радаснае свячэнне артылерыйскіх гарматаў. Чырвоныя і блакітныя залпы, трэйсеры, супрацьпаветраныя і супрацьтанкавыя снарады ў апошні раз на гэтым фронце асвятлялі неба. <…>

Небяспека штурхае людзей адзін да аднаго, а таксама да вялікіх учынкаў. На ўласныя вочы я глядзела на вялікіх людзей, якія перажывалі неверагодныя выпрабаванні.

З выдання: Алекс Кэршаў, «Вызваліцель» (2013)

Айві Эўтс

Вайсковы лекар амерыканскага войска. Дзень Перамогі сустрэла на еўрапейскім фронце.

Усе святкавалі, кожны мужчына быў п’яны, а навокал выбухалі салюты.

У аддзяленне прыйшоў жаўнер, п’яны як свіння. Ён паслізнуўся і ўпаў, не жадаючы рабіць нічога, што яму казалі. Я загадала санітаркам сесці на яго, і яны з задавальненнем гэта зрабілі. Я прысела на калені і наклала яму некалькі швоў на руках. Тады я даведалася якім усё ж такі цудоўным анальгетыкам можа быць алкаголь.

З выдання: Каміль Яніцкі, «Пʼяная вайна. Алкаголь падчас Другой сусветнай вайны» (2012)

Астрыд Ліндгрэн

Дзень Перамогі пісьменніца сустрэла ў Стакгольме.

Падчас вайны будучая аўтарка «Піпі Доўгайпанчохі» працавала цэнзарам у шведскіх спецслужбах, то бок ускрывала ды чытала чужую карэспандэнцыю.

7 траўня

Канец вайны! Канец вайны! КАНЕЦ ВАЙНЫ!

А 14:41 падаецца ў маленькім чырвоным будынку школы ў Рэймс прадстаўнік Эйзэнхаўэра Бэдэл Сміт з боку саюзнікаў ды Альфрэд Іодль з нямецкага боку падпісалі капітуляцыю, пасля якой усе нямецкія сілы ўва ўсёй Еўропе паддадуцца. Такім чынам Нарвегія цяпер таксама вольная.

Звесткі пра заканчэнне вайны сабралі жыхароў Стакгольма на Кунгсгатан – Каралеўскай вуліцы. 7 траўня 1945 г.

У Стакгольме гэта выклікала незвычайную радасць. Каралеўскую вуліцу пакрывае слой абрыўкаў газетаў у некалькі сантыметраў, усе вядуць сябе як варʼяты. Пасля паведамлення па радыё мы спявалі на працы «Так, мы любім гэты край» (нарвежскі гімн. – Заўв. «Белсат»).

Стурэ (муж А. Ліндгрэн. – Заўв. «Белсат») няма ўдома, але прыслаў бутэльку херэса, каб мы маглі адсвяткаваць мір. Выпіла з Лінэяй і Ларсам, і цяпер кружыцца галава. Вясна, свеціць сонца, у гэты благаславёны дзень – канец вайны.

Не хацела б я быць немкай.

Падумайце – вайна скончылася, Гітлер мёртвы. На радыё цяпер выбух радасці і крыкі «Ура!». Стакгольм цалкам зварʼяцеў. «Хваля радасці ўсцяж шуміць над Кунгсгатан», – кажа вядоўца. – «Гэта цудоўны, раскошны дзень».

Я дала Ласэ (сын А. Ліндгрэн – Заўв. «Белсат») на дзве кроны больш на кішанковыя, і ён пабег у гэтае касмічнае буянства. Карын атрымала адну крону і адсвяткавала мір тым, што купіла слодычаў.

Ах, цяпер канец тартурам, канцэнтрацыйным лагерам і бамбаванням ды «вымазванням» гарадоў. Змучанае чалавецтва, магчыма, будзе мець крыху спакою.

«Шведскі тыгр» – не проста ў колерах сцяга. Найвядомейшы шведскі плакат часоў вайны – адпаведнік савецкіх «Не болтай!» ды «Болтун – находка для шпиона» (шв. tiga – «маўчаць»).

Нямеччыну і немцаў ненавідзяць, але нельга ненавідзіць усіх немцаў, іх можна толькі шкадаваць. Вайна скончылася – гэта самае галоўнае.

8 траўня

Гістарычны момант за момантам. Толькі што чула, як Ўінстан Чэрчыл падаў праз радыё пра безумоўную капітуляцыю ўсіх нямецкіх войскаў у Еўропе ды абвесціў, што нарэшце можна святкаваць Дзень Перамогі ў Еўропе. Ён казаў праз той самы мікрафон, праз які Чэмберлен абʼявіў вайну немцам 3 верасня 1939 года.

Стары добры Ўінстан. Па сутнасці, гэта ён выйграў вайну.

З выдання: Астрыд Ліндгрэн, «Ваенныя дзеннікі 1939–1945» (2015)

Аліцыя Гаўлікоўская-Свярчыньская

Правяла чатыры гады ў жаночым канцэнтрацыйным лагеры Равэнсбрук. Дзень Перамогі сустрэла ў Нямеччыне, 10 траўня вярнулася ў Польшчу.

Аліцыя Гаўлікоўская-Свярчыньская нарадзілася ў 1921 годзе. Пасля вайны стала лекарам-пульманолагам.

10 траўня мы перайшлі мост праз Одэр.

У Мендзыходзе быў пажар, бо выбухнулі боепрыпасы. У горадзе было мала людзей, але бушавалі расейцы. Мы хацелі дзесьці схавацца, пайшлі на блокпост, дзе былі польскія жаўнеры, але яны нас малілі, каб мы сабе пайшлі: калі яны нас будуць бараніць, то самі загінуць.

Яны аддавалі сабе справу, што нас не абароняць, што прыйдуць расейцы і іх застрэляць. Ужо было зразумела, што расейцы – паны жыцця і смерці.

Тады да нас дайшло, што ў нас будзе фатальна, што мужчынам няма чаго сказаць, і яны баяцца таксама, як мы. Глядзела я на тых польскіх жаўнераў, у якіх трэсліся порткі, ды на расейцаў, што гойсалі навокал, і думала: «Божа мой, гэтая краіна ўсцяж зняволеная, толькі прыйшоў нехта іншы».

З выдання: Дарыуш Заборэк, «Расчосвала цёплых трусікаў. Размова з Аліяцыяй Гаўлікоўскай-Свярчыньскай» (2014)

ДД, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары