Як агрэсія Расеі супраць Украіны спрыяе заходнім і беларускім вытворцам зброі

photo

Краіны Еўропы пачалі заўважна падвышаць свае ваенныя бюджэты з 2014 году, калі Расея захапіла ўкраінскі Крым, а потым працягнула агрэсію на Данбасе.

Вялікая Брытанія вырашыла мадэрнізаваць свае танкі «Challenger 2», краіны Балтыі купляюць новую бранятэхніку, Польшча супрацоўнічае з Паўднёвай Карэяй у вытворчасці новых самаходных артылерыйскіх установак… Такія і падобныя ім навіны прыходзяць рэгулярна. Павялічваюцца колькасць вайскоўцаў і ваенныя бюджэты.

«У Еўропе з-за эканамічнага крызісу абаронныя бюджэты застаюцца на нізкім узроўні. Аднак пагрозы для бяспекі ў рэгіёне, у тым ліку ваенны крызіс у Усходняй Еўропе і тэрарыстычныя праявы, пачынаюць мяняць погляды на ваенныя выдаткі», – гаворыцца ў прагнозе аўтарытэтнай фінансава-аналітычнай кампаніі «PricewaterhouseCoopers» на 2015 год. Час паказаў, што гэты прагноз спраўдзіўся.

Хто дбае, той і мае

Усходнееўрапейскія чальцы НАТА выключаюць для сябе супрацу з Масквой і імкнуцца замяніць старую тэхніку і рыштунак праз кантракты з іншымі краінамі НАТА.

«Урад Славаччыны мае намер замяніць тэхніку савецкіх часоў, праводзячы ў жыццё самы амбіцыйны план па набыцці і мадэрнізацыі ў сучаснай гісторыі краіны», – зазначае аналітык Інстытуту міжнародных дачыненняў у Празе Міхал Шымечка.

«Украінскі канфлікт і пагаршэнне сітуацыі ў сферы бяспекі ў выніку сталі прычынамі праграмы мадэрнізацыі ці, як мінімум, повадам для яе», – дадаў ён.

Эстонскі кулямётчык падчас вучэнняў NATO «Trident Juncture 2015».

Інтэгратарам і часткова фінансістам пераўзбраення ўсходнееўрапейскіх сябраў НАТА хоча стаць Польшча. Гэтак, у мінулым месяца Варшава дала старт Праграме рэгіянальнай дапамогі ў сферы бяспекі. Такім чынам Польшча плануе ўзмацніць сваіх суседзяў, а таксама па магчымасці забяспечыць новымі замовамі свае ваенныя заводы.

Сама Польшча таксама падвышае выдаткі на абарону на 9 % – да 2 % валавога ўнутранага прадукту – $9,5 мільярда, што больш чым у 10 раз больш, чым ваенны бюджэт Беларусі.

Тое ж самае робіць Эстонія – і купляе 44 БМП «CV90». Літва, таксама як і Эстонія з Латвіяй, падвышае ваенны бюджэт на 2016 год да $634 мільёнаў. Грошы пойдуць на баявую падрыхтоўку арміі, але таксама і на пакупку новых баявых машын пяхоты, самаходных гарматаў, супрацьтанкавых і супрацьпаветраных сістэм, адзначыў міністр абароны Літвы Юозас Олекас.

БМП CV90

Ладная частка новых выдаткаў ідзе на пакупку больш сучаснай зброі, таму заходнія кампаніі ваенна-прамысловага комплексу (ВПК) могуць сёлета заўважна палепшыць свае бюджэты.

«Lockheed Martin» не хацеў б гэтага казаць, але іхны лепшы спецыяліст па продажах не атрымае бонуса ў гэтым годзе. Таму што яго імя – Уладзімер Пуцін», – пачынаецца адзін са шматлікіх артыкулаў пра гонку ўзбраенняў і пакупку новай зброі заходнімі краінамі.

«Lockheed Martin» – толькі адзін з гігантаў амерыканскага ВПК, але ён заробіць сотні мільёнаў долараў на кантрактах найноўшых ракет і самалётаў такім краінам як Польшча і Фінляндыя. Гэтак, толькі Варшава купіць у кампаніі 40 магутных крылатых ракет паветра-зямля AGM-158 JASSM за $500 мільёнаў.

Знішчальнік F-15E выстрэльвае ракету JASSM

Пра пакупку амерыканскіх ракет, на гэты раз супрацькарабельных, думае і Швецыя.

Высокадакладныя і малазаўважныя ракеты AGM-158 JASSM маюць дальнасць да 400 кіламетраў, агульная вага кожнай – больш за тону, вага боегалоўкі – 450 кілаграмаў. Выкарыстоўваць такую зброю могуць, напрыклад, знішчальнікі F-16, якіх у польскай авіяцыі 48.

Касі, каса, пакуль раса

Хоць агулам беларуская эканоміка панесла страты ад пагаршэння сітуацыі ва Украіне, на гэтай сітуацыі зарабіў беларускі ваенна-прамысловы комплекс. Беларусь прадае Украіне дызельныя рухавікі для ваеннай тэхнікі і тэхнікі падвойнага прызначэння, піша hvylya.net. У 2014 годзе ў шмат разоў выраслі пастаўкі электронікі і электрычных рухавікоў, радыёлакацыйнага і навігацыйнага абсталявання.

«Пакуль заходнія хаўруснікі Украіны думалі, ці даваць зброю Кіеву ў вайне з Расеяй, «хаўруснік Расеі« дапамагаў новай украінскай уладзе ў шляхетнай справе змяншэння колькасці «расейскіх турыстаў» на частцы Данецкай і Луганскай абласцей», – піша ўкраінскі партал.

Прадукцыя МАЗа цалкам можа задаволіць патрэбы ўкраінскай арміі.

 

Яшчэ адной крыніцай прыбытку для нерасійскіх вытворцаў зброі сталіся санкцыі, якія былі накладзеныя на РФ заходнімі краінамі.

Гэтак, Балгарыя, нягледзячы на пагрозы з Масквы, адмовілася ад рамонту і мадэрнізацыі сваіх самалётаў МіГ-29 савецкай вытворчасці на расейскіх заводах. Замест гэтага ў 2015 годзе быў заключаны аналагічны кантракт з Польшчай.

Краіне трэба здабыць незалежнасць ад Расеі ў вайсковай сферы, заявіў міністр абароны Балгарыі Велізар Шаламанаў. У перспектыве Балгарыя збіраецца ўвогуле адмовіцца ад савецкай і расейскай авіятэхнікі і набыць знішчальнікі F-16.

Балгарскія МіГ-29.

Беларусь у сваю чаргу пачала замяшчаць для расейскага войска частку той прадукцыі, якую РФ ужо не можа набываць на Захадзе.

Расейская абаронка будзе і далей жывіцца новымі дзяржаўнымі замовамі, пакуль Масква працягвае вонкавапалітычныя авантуры, аднак наўрацці яна зможа заўважна падняць экспарт узбраенняў.

Хоць зараз Крэмль займае другое месца ў сусветным рэйтынгу гандляроў зброі пасля ЗША, хутчэй за ўсё, расейская абаронка будзе губляць пазіцыі на міжнародных рынках, лічыць сябра грамадкай рады Мінабароны РФ і кіраўнік Цэнтру аналізу стратэгій і тэхналогій Руслан Пухаў.

«Думаю, з улікам хуткага насычэння алжырскага рынка, цяжкай эканамічнай сітуацыі ў Венесуэле, падвышэння канкурэнцыі ў Індыі і В’етнаме расейскі экспарт зброі будзе змяншацца», – адзначыў Пухаў у інтэрвю напрыканцы лета 2015 году.

Паводле яго, Масква можа саступіць сваё другое месца Францыі. Таксама хутка ўмацоўваюць свае пазіцыі на сусветным рынку Паўднёвая Карэя, Ізраіль, Турцыя.

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары