Як афіцыйныя старонкі ВНУ гандлююць дыпломамі


Летняя сесія набліжаецца. І шмат якія студэнты да яе рыхтуюцца не інтэлектуальна, а фінансава. Групы вядучых ВНУ «Вконакте» застракацелі аб’явамі аб куплі-продажы курсавых і дыпломных працаў.

Замест бібліятэкі – «Вконтакте»

Студэнты не саромеюцца абмяркоўваць куплю-продаж пісьмовых работ ва ўніверсітэцкіх групах «Вконтакте». Прама так і пішуць: куплю дыплом, куплю кантрольную…



На попыт знаходзіцца і прапанова. І рэкламуюць яе самі ж адміністратары групы.

У БНТУ – тое ж самае.




У групах педагагічнага, медычнага і лінгвістычнага ўніверсітэтаў, а таксама БДУ аб дапамозе не просяць. Але прапановы ёсць: часцей за ўсё, гатовыя дыпломныя і курсавыя рэкламуюць фірмы.

Ад рэферата да дыплома МВА

Рэферат можна купіць за 18 $, кантрольную па гуманітарных прадметах – за 17 $, а ад неабходнасці самому пісаць магістарскую працу можна пазбавіцца за 270 $ – калі вы студэнт нетэхнічнага ВНУ. На сайце http://kursovie.by/ курсавая, у залежнасці ад спецыяльнасці, абыдзецца ад $ 40 да 140, а дыпломная – ад 190 да 750. Танней працы па гуманітарных дысцыплінах, псіхалогіі і эканоміцы, студэнтам жа тэхнічных ВНУ прыйдзецца заплаціць па высокіх тарыфах.


На сайце з прадстаўнічым даменам wuz.by можна знайсці дзясяткі абвестак аб выкананні студэнцкіх работ. Пра кошты шмат хто з рэкламадаўцаў сайта не паведамляюць, але, напрыклад, адзін з іх запэўнівае: «Мы спецыялізуемся на выкананні дыпломных, курсавых і кантрольных работ для Міжнароднага інстытуту дыстанцыйнай адукацыі БНТУ з моманту заснавання ў 2000 годзе, гэта значыць ужо 14 гадоў».

Фірма-канкурэнт на wuz.by дадае: «Напрыклад, аформіць спіс літаратуры сёння бывае цяжэй, чым напісаць саму працу. Мы не ўхваляем кручкатворства, але ставімся вельмі строга да афармлення работ. Закон – ёсць закон! »

А што закон?

На сайце фірмы «5 балаў» чытаем: «Мы працуем легальна, таму ўсе нашы гарантыі пацвярджаюцца адпаведнымі дакументамі, і вы можаце не баяцца махлярства і нядобрасумленнасці з нашага боку». Тэлефаную, прадстаўляюся студэнткаю БДЭУ, цікаўлюся, няўжо і сапраўды – легальна? Працаўнік фірмы тлумачыць: «Вы замаўляеце выкананне навуковай працы, гэта законам не забаронена. А вось што вы з ёй будзеце рабіць – вырашаць вам ». Цікаўлюся, ці змогуць ва ўніверсітэце потым праверыць працу на плагіят або даведацца, што дыплом пісала ня я. У фірме супакойваюць: «Калі вам патрэбны пэўны працэнт арыгінальнага тэксту ў працы, гэта будзе каштаваць дадаткова. Але звычайна ў “наргасе” і без гэтага “пракатвае”»…

Міністэрства адукацыі: вінаватыя студэнты!

У Міністэрстве адукацыі прызнаюць, што сітуацыю нармальнай не назавеш, але ўсю віну перакладаюць на плечы студэнтаў. Па тэлефоне прэс-сакратар міністэрства патлумачыла: «Больш за ўсё адказнасць павінна ўскладацца на саміх студэнтаў. Вы ж разумееце, ім самім потым працаваць. І як гэта рабіць, калі яны працу набылі?! »У Міністэрстве таксама сцвярджаюць, што дзяржава змагаецца з сітуацыяй, але як канкрэтна – не ўдакладнілі.

Выпускніца БДЭУ: дыпломы студэнтам пішуць нават іхныя кіраўнікі

«У мяне ў групе дыплом сам не пісаў амаль ніхто. Курсавыя пісалі шматлікія – каб зэканоміць. Але дыплом – гэта і доўга, і складана, да таго ж шмат хто ўжо працуе. Прасцей аддаць 200–300 долараў», – распавядае выпускніца БГЭУ Ганна.

Аня заўважае, што выкладчыкі выдатна разумеюць, калі праца напісана самім студэнтам, а калі – набытая. Але сістэма абароны не сваіх работ настроена настолькі гладка, што ніхто на гэта ўвагі ўжо не звяртае.

«Некаторыя выкладчыкі самі садзейнічаюць таму, каб студэнты не пісалі нічога арыгінальнага, – кажа яна.  Калі я прынесла першы, добрасумленна напісаны раздзел на праверку навуковаму кіраўніку, вельмі дасведчанай і добразычлівай жанчыне, яна сказала, што “усё не так”, і дала гатовы ўзор – ужо абаронены дыплом. Мне заставалася пераставіць месцамі сказы і памяняць лічбы на дадзеныя прадпрыемствы, пра якое я пісала».

Больш за тое – аднаму са студэнтаў у групе Ганны дыпломную працу пісаў… навуковы кіраўнік гэтай самай працы. Дадатковы заробак $ 300, улічваючы заробкі ў нашых ВНУ, лішнім быць не можа.

У Рэйтынг 500 лепшых універсітэтаў свету ні адна беларуская ВНУ не трапіла. Для параўнання: Ягелонскі універсітэт у Кракаве і Санкт-Пецярбургскі дзяржаўны універсітэт занялі ў пераліку месцы з 301 па 400, а Маскоўскі дзяржаўны універсітэт имя Ламаносава  84-е.

Але не толькі ў лепшых універсітэтах свету, але і проста ў добрых універсітэтах дыпломныя, курсавыя ды іншыя работы ацэньваюцца, у першую чаргу, з увагі на арыгінальнасць і ўласныя даследаванні аўтара. У Беларусі ж часцяком галоўныя патрабаванні да працы – колькасць старонак, строга навуковы стыль напісання і правільнасць афармлення. Толькі пакуль выкладчыкі вывяраюць памеры загалоўкаў, з ВНУ выходзяць шэрагі «адмыслоўцаў», якія лепш за ўсё навучыліся афармляць набытыя «веды» ў тэкставым рэдактары.

Глядзі таксама
Каментары