Як адзначаць і што гатаваць на Вялікдзень


Адкуль пайшла традыцыя фарбаваць яйкі, што сімвалізуе соль на стале і хто такія жакі? Распыталі тэолага, літаратара і вядоўцу праграмы «Вяскоўцы» Віктара Шукеловіча.

Вялікдзень – для хрысціянаў самае важнае свята, хоць шмат хто памылкова лічыць такім Раство. У Беларусі праваслаўная і каталіцкая традыцыі святкавання мала чым адрозніваюцца. Хутчэй можна казаць пра рэгіянальныя адметнасці.

Святу папярэднічае Вялікі пост (у каталікоў доўжыцца 40 дзён, у праваслаўных – 7 тыдняў), які сканчаецца начным набажэнствам у Вялікую Суботу. У праваслаўных пост значна больш строгі ў плане ежы, чым у каталікоў. Нельга не толькі мяса ды алкаголю, але і яек з малочнымі прадуктамі.

Яйка – гэта кулінарны сімвал Вялікадня. Менавіта з яго пачыналася разгаўленне пасля даўгога посту. У маёй вёсцы Жупраны на Ашмяншчыне кожны чалец сям’і атрымлівае яйка, прычым «біцца» можна толькі несвянцоным. А ў Маршалках на Валожыншчыне, дзе мы здымалі апошнюю праграму «Вяскоўцы», адно яйка дзеляць на столькі кавалкаў, колькі ў сям’і чалавек.

Чытайце таксама >>> Яечны паштэт нявесткі на Вялікдзень

Кожная страва на велікодным стале штосьці сімвалізуе. Яйка – бяссмерце, бясконцасць, бо яно круглае. Ёсць хрысціянская легенда. Марыя Магдаліна пераказала рымскаму імператару навіну: «Хрыстос уваскрэс!» і перадала яму звычайнае белае яйка. Ён адказаў: «Я хутчэй паверу, што гэтае яйка стане чырвоным». І ў тую ж хвіліну ў ягоных руках яно змяніла колер. Адсюль традыцыя фарбаваць яйкі.

Чытайце таксама >>> 5 незвычайных і простых спосабаў пафарбаваць велікодныя яйкі

Соль сімвалізуе духовую моц. Хлеб – сімвал штодзённых патрэбаў чалавека. Выпечка і мясныя вырабы – знак дабрабыту. Таксама дзерлі хрэн, які сімвалізуе пакуты Хрыста і горыч, якую ён перажыў. У чыста практычным сэнсе хрэн дапамагаў страваванню, бо на Вялікдзень елі шмат мяса.

Чытайце таксама >>> Шакаладны кекс на Вялікдзень з начыннем і глазурай

Паколькі падчас посту нельга было нічога малочнага, тварог сушылі і рабілі з яго сыр. На свята дадавалі сметанковае масла і гатавалі ў пячы.

Чытайце таксама >>> Як прыгатаваць тварожную пасху

Усю Беларусь можна ўмоўна падзяліць на дзве часткі: адна калядуе на Божае Нараджэнне, другая – валачобнічае на Вялікдзень. Вельмі мала вёсак, дзе існуюць абедзве гэтыя традыцыі. Ёсць меркаванне, што гэта водгук паганскіх часоў, калі на тэрыторыі, дзе пераважала балцкае насельніцтва, Новы год святкавалі ўвесну, а там, дзе славянскае, – узімку. Пры гэтым валачобнікі ў каталіцкіх і праваслаўных вёсках спяваюць песні на адзін і той жа матыў, толькі словы розныя.

Праграма «Вяскоўцы» з Віктарам Шукеловічам пра валачобнікаў

На паўночным захадзе Беларусі апрача валачобнікаў можна сустрэць жакаў. Гэта дзеці, якія ўжо не з песнямі, а з вершыкамі хадзілі віншаваць гаспадароў. Прычым у іх часта сустракалася закляцце: «Не дасі яечка – здохне авечка», «Не дасі пірага – адсохне нага», «Не дасі двух – вылезе дух». Праўда, цяпер такога ўжо не кажуць, гэта лічыцца невыхаванасцю. Часцей пачуеш: «Мы вам па славечку – вы нам па яечку» або «Дайце капу яек нам на падарак». Капа – гэта мера часоў Вялікага княства Літоўскага, 60 штук.

Чытайце таксама >>> Як астраномія ўплывае на Вялікдзень?

Дарэчы, жакамі ў часы ВКЛ называлі шкаляроў, студэнтаў. Гэта слова са старабеларускага лексікону. Відаць, на Вялікдзень яны прыязджалі на канікулы дадому, хадзілі па хатах і проста збіралі правіянт. А з цягам часу іншая моладзь пачала за імі хадзіць. А назва засталася.

Запісала Інга Астраўцова

Глядзі таксама
Каментары