Як адбываецца змена ўлады ва Узбекістане пасля смерці Іслама Карымава?


«Белсат» паразмаўляў са старшынёй асацыяцыі «Правы чалавека ў Цэнтральнай Азіі» Надзеяй Атаевай.

– Як цяпер адбываецца транзіт улады ў краіне, дзе фактычна за 25 год незалежнасці палітычныя эліты не мелі такой праблемы?

– Да ўлады абсалютна шырокім крокам ідзе прэмʼер-міністр, які часова выконвае абавязкі прэзідэнта, які ўжо выразна паказвае свой аўтарытарны падыход, парушаючы Канстытуцыю Узбекістану. У гэтым сэнсе я лічу, што спадар Мірзіяеў для фону запрасіў (іншых кандыдатаў – рэд.) на прэзідэнцкія выбары, і ўжо ў прынцыпе вызначана, што ён сам сябе і выбраў, бо ўсе ўмовы для перадвыбарнай кампаніі – выключна фармальныя, іх немагчыма назваць нармальнымі. Таму транзіт улады адбываецца з парушэннем фундаментальных правоў. Няма ўмоваў для свабоднага палітычнага выбару лідара нацыі.

Іслам Карымаў быў вядомы жорсткім падаўленнем іншадумства і шматлікімі парушэннямі правоў чалавека. Ці магчымы будучы прэзідэнт Шаўкат Мірзіяеў будзе прытрымлівацца той жа лініі?

Мірзіяеў выхаваны ў палітычнай сістэме Іслама Карымава. Гэта чалавек абсалютна не ліберальны. Я думаю, у яго будуць свае жорсткія метады, якія толькі ў дэталях будуць адрознівацца ад умоваў кіравання Іслама Карымава. Аднак, я не бачу нейкіх пазітыўных перспектываў, пры якіх бы ў краіне выконвалася свабода слова, узнікла б раздзяленне ўлады. Пакуль мы бачым перавагу выканаўчай улады над судовай і іншымі галінамі ўлады. Хутчэй за ўсё, гэта палітыка будзе працягвацца, можа, нават узмацняцца.

– Калі адыйсці ад палітычнай барацьбы ў вярхах, то як цяпер выглядае жыццё простых насельнікаў Узбекістану?

– Людзі становяцца ахвярамі карумпаваных працаўнікоў праваахоўных органаў. Іх могуць, асабліва ў сезон збірання бавоўны, прыцягваць да адміністратыўнай адказнасці з той мэтай, каб прымусова выкарыстоўваць у баваўняным сектары Узбекістану. Пакуль замоўчваецца праблема, звязаная з прафесійнымі захворваннямі на прадпрыемствах Узбекістану. На вялікіх машынабудаўнічых прадпрыемствах да гэтай пары старое абсталяванне і вельмі частыя выпадкі траўмавання ды смерці. Усе гэтыя факты ніяк не даследуюцца. То бок людзі разумеюць, што дабіцца справядлівасці ў краіне немагчыма. Тыя, хто больш-менш рэпрэзентуюць інтэлігенцыю ва Узбекістане, выкарыстоўваюць права звароту ў дзяржаўныя ўстановы і спрабуюць гэткім чынам дамагацца выканання сваіх правоў. Самых настойлівых могуць абвінаваціць, што яны замахваюцца на канстытуцыйны лад, то бок бюракратыя або малаадукаваная, або занадта агрэсіўная. На мой погляд, такі застойны і сістэмны стан па-за справядлівасцю становіцца крыніцай і радыкалізацыі, і эміграцыі. Я вельмі спадзяюся, што Узбекістан стане ўплывовым не толькі колькасцю насельніцтва, але і тым, што ўлады моцныя, і войска моцнае, традыцыі моцныя. Узбекістан можа перамагчы дэспатыю і дадатна паўплываць на ўвесь цэнтральна-азіяцкі рэгіён. Стабільнасць шмат у чым залежыць не ад таго ціску, у якім улады прывыклі размаўляць са сваім народам, а праз грамадскую дыскусію, магчымасць выказваць сваё меркаванне. Я вельмі чакаю, калі ўлады пасталеюць, каб адказваць на пытанні, якія хвалююць грамадства. Калі будуць створаныя ўмовы для справядлівай судовай сістэмы для свабоды словы, тады ўсе астатнія фундаментальныя правы будуць рэанімавацца, і грамадства будзе дыхаць зусім па-іншаму.

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў