Як ачышчалася ад чужой ідэалогіі ды чужых міфаў гісторыя Беларусі


У Савецкім Саюзе гісторыя замест таго, каб уздымаць гонар, выхоўвала ў беларусах комплексы. Замест таго, каб навучаць, змушала не задаваць лішніх пытанняў і згаджацца з роляю малодшага брата.

Глядзець выданне «Два на два» цалкам

Такія мэты пераследаваў у БССР аўтар школьных падручнікаў па гісторыі Лаўрэнцій Абэцэдарскі. Ягоныя кнігі ператварыліся ў сродак рэпрэсіяў, мэта якіх была фальсіфікацыя гістарычных ведаў і дэфармацыя свядомасці беларусаў. Абэцэдарскі сцвярджаў, што беларускі народ ужо з сярэдзіны XVII ст. змагаўся за ўз’яднанне з Расеяй, ігнаруючы такі гістарычны факт: за 300 гадоў ВКЛ правяла 12 войнаў з Масквой агульнаю працягласцю 72 гады.

Ён крытыкаваў тэорыю залатога веку гісторыі Беларусі, які адмыслоўцы звязваюць з ВКЛ, а існаванне беларусаў у княстве лічыў пакутамі пад ботам літоўскіх феадалаў.

Абэцэдараўшчына стала фірмовым азначэннем гісторыкаў, якія імкнуцца замяніць гісторыю беларусаў на вузкі аповед пра народ у лапцях. У гэткай версіі сапраўдныя героі – Іван Жахлівы, Пётр I ды Сувораў, якія тапілі беларусаў у крыві.

Беларусаў прымушаюць паверыць, што іхнаю дзяржаваю быў «Северо-западный край», дзе забаранялі выдаваць кнігі па-беларуску. БНР для такіх гісторыкаў – недарэчнасць, а Слуцкі збройны чын – выпадковасць, беларускія ж дысідэнты ў Савецкім Саюзе – фікцыя, змаганне за незалежную Беларусь на пераломе 1980–90-х – фантазія.

Сёння гэтыя людзі баяцца, што беларусы стануць спажыўцамі дэідэалагізаванай гісторыі сваёй краіны. «Калі гэтая лінія возьме верх, то ў выпадку развароту ўнутранай палітыкі ў гэтым пытанні з’явіцца небяспека вяртання на ўкраінскі шлях развіцця нацыянальнай гістарыяграфіі (знятая ў сярэдзіне дзевяностых, трэба аддаць належнае Лукашэнку)», – тлумачыць Дзяніс Мальцаў, эксперт Расейскага інстытуту стратэгічных даследаванняў.

Але пакуль у абэцэдараўшчыны ёсць такі саюзнік, як Лукашэнка, антыгісторыя дае свой плён. І людзі называюць вайну 1812 года – айчыннай, цара Мікалая – сваім, згадваюць 1939-мы як год уз’яднання Беларусі ды нават сцвярджаюць, што Францішак Скарына жыў і працаваў у Піцеры (нягледзячы на тое, што паўночная расейская сталіца была заснаваная ажно праз 150 гадоў пасля смерці беларускага першадрукара).

«Белсат» вырашыў спытаць жыхароў Беларусі, што апошняе яны даведаліся з гісторыі Беларусі.

Глядзець выданне «Два на два» цалкам

«Самае цікавае я даведаўся гадоў 25 таму. Я лічу, што менавіта тады нам расплюшчылі вочы на гісторыю Беларусі», – кажа мінак.

«Што прэзідэнта абралі пяты раз», – паўжартам кажа жанчына.

Некаторых здзівіла, што Беларусь наагул з’явілася на мапах свету. «Гэта станаўленне Рэспублікі Беларусь пасля распаду СССР. Гэты факт мяне ўразіў, і не толькі мяне – усю Рэспубліку Беларусь», – распавядае мужчына.

«Вядома, Хатынь, Берасцейская крэпасць – страшна. У нас на Гарадзеншчыне каля Чарлёны падпальвалі людзей. Вось гэта вельмі страшна», – падсумоўвае суразмоўца каналу.

Незалежнасць дала магчымасць нашым гісторыкам зірнуць на мінуўшчыну краіны з беларускага гледзішча. У студыі – гісторык Анатоль Трафімчык і выдавец гістарычнае літаратуры Андрэй Янушкевіч.

Гарась Валатовіч

Стужка навінаў