Як 20 гадоў прадаваць нацыянальную сімволіку ў цэнтры гораду


[vc_row][vc_column][vc_video link=”https://youtu.be/GR1JmuTT6QA”][vc_column_text]Студзеньскія маразы ці ліпеньская спякота – гэтага ўпартага чалавека вы сустрэнеце каля гэтак званага «сіняга» дому ў Віцебску нягледзячы ні на што.

Газеты, улёткі, бел-чырвона-белыя сцяг, герб «Пагоня» – усё гэта Барыс Хамайда распаўсюджвае ў самым цэнтры гораду з 1997-га года. Да таго ж рэгулярна пратэстуе супраць недэмакратычнасці ўладаў. За гэта дзясяткі затрыманняў, штрафы і арышты.

«Абысці гэтую фігуру было проста немагчыма. Бо Барыс Ханонавіч – гэта сімвал Віцебску, як ні круці. Другой такой асобы няма ў Беларусі. Гэта я вам адказна. І віцябляне маюць усе падставы ганарыцца такім чалавекам», – мяркуе Алена Сцяпанава, рэжысёрка фільму.

У Полацку прайшла адмысловая фотавыстава, прысвечаная Барысу Хамайду, ды прэзентацыя дакументальнага фільму, стваральнікамі якога выступілі Алена Сцяпанава ды Аляксандр Зянкоў.

Мог стаць высокапасадоўцам, але стаў у апазіцыю

У стужцы пад назваю «Выбар Барыса Хамайды» сам галоўны герой распавядае пра сваё жыццё, вандруючы па родным Віцебску.

Тут і пра выбар жыццёвага шляху: калі мог стаць высокапасадоўцам у сістэме Міністэрства юстыцыі, але пайшоў у апазіцыю, і пра гісторыю гораду, і пра віцебскую «аўру», якая дапамагае Барысу Хамайду пераадольваць цяжкія хвіліны.

Яшчэ з пачатку 90-ых Барыс Хамайда спрычыніўся да стварэння бадай першай у Віцебску дэмакратычнай арганізацыі ды заснаваў першую апазіцыйную газету пад сімвалічнаю назваю «Выбар».

Стваральнікі фільму запэўніваюць – гэта не апошняя стужка пра выбітных актывістаў з рэгіёнаў Беларусі. Тым больш, што гледачы ацанілі працу на выдатна.

«Каб здымаць добрае дакументальнае кіно, не трэба нейкіх дазволаў, нейкіх грошай ад Міністэрства культуры. Патрэбны, вядома, невялікі прафесіяналізм, мінімальная матэрыяльная база, але галоўнае – натхненне», – упэўнены Павел Магілін, журналіст.

І хоць, паводле гледачоў, стужка атрымалася крыху смутная, бо паказвае праблему суіснавання сумленных і самаадданых людзей з уладамі Беларусі, сам Барыс Хамайда ў фільме падае рэцэпт, які, на ягоную думку, можа змяніць жыццё краіны.

«Трэба вяртацца да нашых вытокаў, да нашай гісторыі. Тады прыйдзе час, калі будзе ўсё лепш»

Юрый Салодкі, «Белсат», фота – Evgeny Feldman[vc_row][vc_column][/vc_column][/vc_row]

Стужка навінаў