Яхты, самалёты і стосы долараў: як дзеці багачоў выдаюць актывы сваіх бацькоў


Сэлфі на раскошных яхтах ды прыватных самалётах, якія публікуюцца маладымі спадкаемцамі мільярдавых багаццяў у сацыяльных сетках, могуць міжволі выдаць актывы бацькоў «залатой моладзі», піша «The Guardian».

Паводле выдання, доказы з інтэрнэту выкарыстоўваюцца ў трох з чатырох судовых працэсаў з прыцягненнем фірмаў, якія займаюцца кібербяспекай.

Следчыя могуць выкарыстоўваць не толькі канкрэтныя дадзеныя кшталту геатэгаў Instagram, але і агульную інфармацыю пра інтарэсы, характары, заняткі і кола знаёмых карыстальніка.

Напрыклад, адзін з выпадкаў махлярства, якімі займаўся Дэніэл Хол з «Burford Capital», быў звязаны з выканаўчым дырэктарам банку, які закрыўся. Ягоны адвакат настойваў, што справа не павінна разглядацца ў Вялікай Брытаніі, таму што адказчык не пражывае ў краіне. Аднак следства сабрала ў сацсетках і прадставіла ў храналагічным парадку доказы таго, што сам абвінавачаны і ягоная сямʼя жывуць і працуюць на Туманным Альбіёне.

У іншым выпадку чалавек, з якога спрабавалі спагнаць доўг, адмаўляў наяўнасць буйных актываў, аднак гэтую інфармацыю выпадкова выдаў адзін з ягоных нашчадкаў, які сфатаграфаваў сямейную яхту за 25 мільёнаў долараў на Багамах.

Празмерная дэманстрацыя багацця можа прыцягнуць і ўвагу махляроў. Адзін з выпадкаў быў звязаны з багатай спадчынніцай, якая актыўна выкарыстоўвала сацыяльныя сеткі. Хакеры хутка ўзламалі ейную пошту, бо ў якасці адказу на сакрэтнае пытанне яна выкарыстоўвала мянушку свайго сабакі, якую неаднаразова згадвала ў сацсетках. Калі дзяўчына паехала ў адпачынак, ашуканцы паслалі з ейнага адрасу падробленыя лісты з рахункамі за самалёты, вілы і шопінг на 900 тысяч долараў.

У жніўні летась у рунэце выбухнуў скандал пасля таго, як падчарка прэс-сакратара Пуціна Дзмітрыя Пяскова апублікавала ў сваім інстаграме фатаграфію, зробленую на самай вялікай паруснай яхце ў свеце. Пасля таго, як на гэта звярнуў увагу палітык Аляксей Навальны ды шматлікія СМІ, геатэг выдалілі са здымкаў.

У Instagram нязменнай папулярнасцю карыстаюцца блогі, аўтары якіх калекцыянуюць здымкі, якія дэманструюць жыццё «залатой моладзі». Сярод самых буйных калекцый – фотаблог «Багатыя расейскія дзеці», на які падпісана больш 300 тысяч.

ДР, belsat.eu паводле tjournal.com

Глядзі таксама
Каментары