«Ягоныя здымкі – пра людзей». Памёр класік беларускай фатаграфіі Юрый Васільеў


Гэта аўтарытэт для ўсіх пакаленняў беларускіх фатографаў, кажуць эксперты.

Юрый Васільеў нарадзіўся ў 1939-м годзе.

У 1978-м стаў старшынём фотаклубу «Менск» (быў адным з ягоных стваральнікаў), якім кіраваў больш за дваццаць гадоў.

Юрый Васільеў. Фота – Валерый Вядрэнка. 2008 год

«Юрый Сяргеевіч Васільеў зрабіў для беларускай фатаграфіі страшна шмат: стварыў усесаюзны фестываль «Фотаграфіка», у часы БССР спрабаваў стварыць творчы саюз фатографаў, ён быў вялікім знаўцам фатаграфіі і шмат гадоў вёў праграму «Фотопанорама» на беларускім тэлебачанні, у якой адукоўваў не толькі фатографаў, але кожнага гледача. Гэта абсалютны аўтарытэт», – кажа мастацтвазнаўца Іна Рэут.

«Воля». Фота – Юрый Васільеў. 1989 год

Васільеў сцвярджаў, што фатаграфія павінная быць лёгкай, ня вымучанай.

«Яна павінна быць натуральнай. Фатограф не павінен пацець – здымкі, дзяўчыны, вентылятары… Ды не фатаграфія гэта. Фатаграфія – гэта жыццё, якое адбываецца тут і цяпер», – казаў ён.

«Сын. Ясная Паляна». Фота – Юрый Васільеў. 1972 год

«Ягоныя фотаздымкі пра людзей, самае галоўнае ў іх – эстэтычны пачатак. Яны прыгожыя. І гэта не прылізаная і не гламурная прыгажосць», – кажа Іна Рэут.

Васільеў лічыў, што тэхніцы фатаграфіі можна навучыцца за месяц, але бачанне трэба развіваць гадамі.

З серыі «Кіжы». Фота – Юрый Васільеў. 1972 год

«Фатаграфія складаецца з двух частак: што і як. Ідэя і форма. Форма і змест», – распавядаў Васільеў старонцы «Zнята».

«У сучаснай фатаграфіі – нават той, якую ён мог не прымаць, – ён бачыў, што ёсць каштоўнае, а што – варта падтрымліваць», – дадае Іна Рэут.

У 1992-м Васільеў атрымаў званне Заслужанага работніка культуры Беларусі.

Быў ганаровым чальцом Саюзу фотамастакоў Літвы. З 2004-га – сябар рады Беларускага грамадскага аб’яднання «Фотамастацтва».

Яму было 78 гадоў.

Дзяніс Дзюба

Стужка навінаў