Яўген Васьковіч: «У турме я зарабляў 19 тысяч за месяц»


Чатыры гады таму Яўген Васьковіч быў асуджаны на сем гадоў за падпал будынку бабруйскага КДБ. Belsat.eu пагутарыў з былым палітвязнем пра жыццё ў турме ды планы на будучыню.

Па гарачых слядах

– Тая бутэлька з кактэйлем Молатава нікому не зрабіла ні лепш, ні горш, нічога не змяніла, нікому нічога не данесла, нікога ні да чога не падштурхнула. Пацярпелі толькі Вы і Вашыя сябры. Вы неяк пераасэнсавалі той учынак?

Чытайце таксама >>> Лукашэнка памілаваў Статкевіча і іншых палітвязняў

– Я зразумеў, што ёсць іншыя спосабы дасягнення мэтаў, якія не прывядуць да такіх наступстваў у тым плане, што сапраўды выніку няма, а толькі нашкодзіў сам сабе.

– Які ў Вас настрой цяпер?

– Спачатку, была эйфарыя, цяпер стала спакайней і эмоцыі аціхлі. На вакзале была эмацыйная сустрэча. Родныя мяне там чакалі, і сябры, і наша бабруйская дэмакратычная супольнасць. Потым прыехаў да маці ў вёску, дзе ўжо было больш спакойна.

– Што Вы ўчора рабілі, калі даведаліся пра вызваленне?

– Я ўчора працаваў на прамзоне, прыйшоў а 04:00, і дзесьці а 5-ай увечары прыйшлі па мяне два афіцэры і забралі. Куды – незразумела. У самы апошні момант сказалі, што вызваляюць. Адвезлі на вакзал, афіцэр набыў білет, пасля чаго пасадзілі ў аўтобус.

– Вы сказалі, што працавалі. Колькі зараблялі?

– Працуючы пяць дзён на тыдзень, прыкладна, з 8:30 да 17-ай я атрымліваў 18–19 тысяч рублёў за месяц. Плюс да гэтага давалі бланкі на тавары. Хоць грошы на тавары ў мяне заўсёды былі. А 18–19 тысяч – гэта з улікам камунальных плацяжоў. У нас там на стэндзе вісела раздрукоўка з расцэнкамі на камуналку на аднаго зняволенага.

– Што было самым цяжкім падчас зняволення?

– Напэўна, пераасэнсаванне, пераацэнка каштоўнасцяў. Вельмі моцна мяняўся характар.

– У інтэрнэце раз-пораз пісалі, што Вы перыядычна траплялі ў карцар. За што?

– Напрыклад, за форму адзення – выходзіў у майцы, а не ў баваўнянай куртцы. карцар – гэта камера на адну асобу, ёсць драўляны тапчан, які ўдзень складаюць, на ноч раскладваюць, драўляная падлога, унітаз, рукамыйнік, крэсла, адныя закратаваныя дзверы, адныя суцэльныя. Узімку, дарэчы, тапілі нармальна; некаторыя распавядалі, што ў іншых калоніях можна было нават апячыся аб батарэі.

– Як Вы думаеце, чаму выпусцілі ўсіх палітвязняў?

– У мяне толькі адна версія – будучыя выбары. Можа жаданне атрымаць ад кагосьці нейкія бонусы за вызваленне палітвязняў ці нешта звязанае з гэтым – я ў эканоміцы не вельмі разбіраюся.

«Буду працягваць сваю дзейнасць»

– У 2011 годзе вы казалі, што «сістэма дзее як гестапа». Ці на Вашую думку нешта змянілася?

– У плане татальнага кантролю, высочвання, вышуку, які ні на секунду не спыняецца, – нічога не змянілася. У плане формы, вядома, гэта адрозніваецца: цяпер не тыя часы, калі можна беспакарана пазбавіць кагосьці жыцця або здароўя, усё гэта цяпер робіцца на псіхалагічным узроўні. Параўнаць сістэму з гестапа цяпер не магу.

– Ваша партыя, БХД, нікога не падтрымлівае на выбарах, сваіх прэтэндэнтаў не вылучала, але выказала падтрымаў Статкевічу. Вы згодныя з такой лініяй?

– На дадзены момант удзел у выбарах – глупства. Цяпер няма такога чалавека, які рэальна б склаў канкурэнцыю ў плане пазнавальнасці, а тыя, хто можа гэтую канкурэнцыю скласці, не могуць удзельнічаць у выбарах. Статкевіч быў у месцах пазбаўлення волі і цяпер, выйшаўшы на волю, ён ужо не зможа паўдзельнічаць у выбарах.

– Што будзеце рабіць далей?

– Я планую працягнуць працу ў «Бабруйскім кур’еры», магчыма, паступлю ў Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт. А так – буду абавязкова працягваць і журналісцкую, і палітычную дзейнасць.

– Як думаеце, у Вашай газеце газеце Вас чакаюць?

– Учора рэдактар ​​газеты сказаў, што ён мяне нават не звальняў. Пасля гэтых слоў я зразумеў, што мяне там сапраўды будуць чакаць.

Размаўляў Яўген Балінскі, belsat.eu

Стужка навінаў