Яечня са свойскіх яек і самаробны хлеб: Як стварыць аграсядзібу


agrasyadziba_nanosy_navaselle_03

Сядзіба Яўгена Наваселецкага – рэдкі прыклад «зямлі з гаспадаром».

Аграсядзібны комплекс знаходзіцца на беразе Нарачы, а саму назву атрымаў ад прылягаючай вёскі – Наносы. Зямлю на паўвостраве ў свой час хацелі раздаць пад лецішчы, але жывапісныя мясціны своечасова выкупіў бізнесмен Яўген Наваселецкі.

agrasyadziba_nanosy_navaselle_04

Назва «комплекс» падыходзіць да Наносаў куды больш за «сядзібу»: ва ўладанні бізнесмена нават не панскі двор або фальварак, але цэлая вёска, калі не мястэчка. На тэрыторыі паводле старых архітэктурных канонаў збудаваныя традыцыйныя зрубы, мураваныя дамы мяшчанаў, тры млыны, стайня і г.д.

Аўтэнтыка з камфортам

Калі ідзеш па брукаваных сцежках між дамамі, складаецца ўражанне, што гэта здымачная пляцоўка або фантастычны гарадок у народным стылі. Інтэр’еры гасцявых дамкоў з аднаго боку аўтэнтычныя: сапраўдныя печы, драўляныя вокны, аніякага пластыку, з іншага – усё вельмі камфортнае і дагледжанае, без цвілі ды сантыметровага слою пылу.

agrasyadziba_nanosy_navaselle_50

Мэблю, посцілкі ды іншыя традыцыйныя дэталі інтэр’еру ўласнікі, дарэчы, збіралі па ўсёй Беларусі. Ды і самі дамкі планіроўкай ды вонкавым выглядам паўтараюць тутэйшую забудову і быт паводле апісанняў стогадовай даўніны.

Без крамных дрожджаў, на кляновых лістах

Адна з асаблівасцяў аграсядзібы – хлеб, спечаны самастойна. Самастойна – значыць самастойна цягам усяго цыклу: ад памолу мукі на вадзяным млыне да запякання ў печы. Усе складнікі натуральныя: тут няма мовы пра крамныя дрожджы, адно натуральная закваска. Пячэцца хлеб паводле традыцыйнага рэцэпту – на кляновых ды дубовых лістах.

agrasyadziba_nanosy_navaselle_20

Рэшта страваў, якія прапаноўвае аграсядзіба, адпавядаюць беларускай кухні: дранікі, мачанка, салянка, боршч. Ахвочыя могуць зведаць і самагонкі: на выраб у гаспадароў ёсць адмысловая ліцэнзія.

agrasyadziba_nanosy_navaselle_24

Паўтысячы самавараў у калекцыі

Антыкварныя калекцыі, якія змяшчае сядзіба, не абмяжоўваюцца тканымі ды драўлянымі элементамі элементамі народнага быту. У Наносах захоўваецца ўнікальная калекцыя з паўтысячы самавараў рознага веку, памераў ды формы. Найстарэйшаму – каля 230 год.

agrasyadziba_nanosy_navaselle_39

Як вядома, у Беларусі самавары займелі папулярнасць на пачатку ХІХ ст. і пасля стала ўпісаліся нават у шляхецкі побыт. Экскурсавод распавядае, што на «досвітку эры самавараў» адзін мог каштаваць не менш за сялянскую хату. Пазней ужо самавар стаў масавым таварам і ператварыўся з раскошы ў штодзённы спадарожнік сняданкаў ды абедаў.

agrasyadziba_nanosy_navaselle_42

У стайні, якая месціцца на тэрыторыі сядзібы, цяпер каля двух дзясяткаў коней – іх выкарыстоўваюць у паказальных выступах для гасцей комплексу, а таксама як атракцыю для дзяцей з лагеру «Зубронак», які знаходзіцца недалёка. Падчас летняга сезону дзеці з лагеру завітваюць сюды па 2-3 разы на тыдзень.

Гаспадар вяртаецца на зямлю

Усе прынады сядзібы пералічыць складана: тут і музей рэтра-аўтамабіляў, і калекцыя самагонных апаратаў, і куратнікі побач з кожным гасцявым домам, дзякуючы якім кожнае ранішняе меню ўключае яечню або амлет.

agrasyadziba_nanosy_navaselle_29

Наносы – той, пакуль рэдкі, выпадак, калі беларуская зямля займела сапраўднага гаспадара. Або – вярнулася да ўласніка, якога не было тут ужо 70 ці нават 100 год: ад часу, калі мець заможную гаспадарку раптам стала «заганным» і «контррэвалюцыйным».

agrasyadziba_nanosy_navaselle_27

Наносы даюць прыклад, як у кароткі час можна зрабіць на пустым месцы – казку. Аграсядзіба, якая існуе ўсяго два гады, ужо збірае кліентаў не толькі з Расеі (адкуль прыязджае палова наведнікаў), але і з Японіі, Кітаю, Італіі ды Арабскіх Эміратаў. Такім чынам, «сялянская эстэтыка» ды «традыцыйны побыт» пры слушным падыходзе могуць пераходзіць з сумных старонак падручнікаў этнаграфіі ў годную рэпрэзентацыю краіны і яе жыхароў.

АК, фота: Вячаслаў Радзіміч

Глядзі таксама
Каментары