Яцэнюк: Адзіны спосаб абараніць Украіну – уступіць у НАТО


Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін імкнецца аднавіць Савецкі Саюз, перакананы прэм’ер-міністр Украіны Арсеній Яцэнюк. Каб абараніцца, Украіна будзе імкнуцца ў НАТО.

Пра гэта ён сказаў на 11-й штогадовай сустрэчы Ялцінскай Еўрапейскай Стратэгіі (YES) у Кіеве. Яцэнюк выказаў меркаванне, што канчатковая мэта прэзідэнта РФ – захоп усёй Украіны.

«Ён (Уладзімір Пуцін – belsat.eu) не можа змірыцца з думкай, што Украіна стане часткай вялікага еўрапейскай супольнасці, ён хоча аднавіць Савецкі Саюз», – сказаў украінскі прэм’ер.

Паводле ягоных словаў, першым этапам плана Пуціна была анексія Крыму, другім – стварэнне замарожанага канфлікту на Данбасе, трэці крок – калідор праз Адэскую вобласць у Прыднястроўе.

«Трэба прызнаць, што ў пэўных абставінах НАТО – адзіная магчымасць абараніць Украіну… У кароткатэрміновай перспектыве НАТО не гатовы прыняць Украіну, але, як гаворыцца ў Бібліі, калі стукаць у дзверы – то яны адчыняцца. Таму мы вырашылі стукаць», – заявіў кіраўнік украінскага ўраду.

МЯ, belsat.eu, паводле unian.net

Стужка навінаў