«Я звяртаюся да Лукашэнкі, калі ласка, выратуйце сына ад смерці!», – маці затрыманага чачэнскага спартоўца Амрыева


Відэасюжэт пра затрыманне Амрыева ў праграме «Вот так»

«На радзіме яны проста разарвуць майго сына на кавалкі», – гаворыць Роза, маці затрыманага ў Гомельскай вобласці чачэнскага спартоўца Мурада Амрыева. Яна звяртаецца праз беларускіх журналістаў да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай не дазволіць этапаваць Мурада ў Чачэнію.

«Мой сын абсалютна невінаваты. Чалавек, які пераследуе яго ў Чачэніі, зводзіць асабістыя рахункі. Справа ў тым, што старэйшы брат Мурада прымаў удзел у другой чачэнскай кампаніі, ваяваў супраць федэралаў. Але ён ужо адбыў пакаранне 6 месяцаў і з’ехаў у Нямеччыну. Цяпер палююць на малодшага, помсцяць», – распавядае Роза Амрыева ў інтэрв’ю belsat.eu.

Паводле слоў жанчыны, у 2013 годзе Мурада ўжо забіралі ў пастарунак кадыраўскія сілавікі, катавалі электратокам.

Мурада Амрыева некалькі год таму абвесцілі ў федэральны вышук за выкарыстанне нібыта падробленых дакументаў, але пасля абвінавачванне знялі і справу спынілі. Аднак па невядомай прычыне сёлета 1 лютага Амрыева зноў унеслі ў базу вышуку.

«Яны пераследуюць яго за нібыта падроблены пашпарт, але мы маем на руках пастанову суда аб спыненні справы. Здарылася звычайная судовая памылка. Сыну рабілі пашпарт падчас баявых дзеянняў, усё навокал грымела і мы мусілі хутка пакінуць горад. Дакументы згарэлі. У новы пашпарт выпадкова запісалі 1986 год нараджэння, а не 85-ы», – тлумачыць маці спартоўца.

Паводле звестак «Новай газеты», у Чачэніі Амрыеву абвешчаная кроўная помста.

«Пераслед Мурада – помста за тое, што старэйшы брат ваяваў у атрадзе. Але ж той, хто пераследуе, сам быў адным з галоўных там, разам ваявалі! А цяпер прыбірае сведкаў, якія ўсё бачылі. Або знішчае, або адпраўляе ў далёкае выгнанне, або саджае ў турму», – абураецца Роза.

Мурад Амрыеў – чэмпіён свету па змешаных адзінаборствах, мае дзве вышэйшыя адукацыі. Маці сцвярджае, што кадыраўцы помсцяць яшчэ і за такі поспех.

«Я звяртаюся да вашага прэзідэнта Лукашэнкі: калі ласка, выратуйце сына майго ад смерці! Дапамажыце! Пра Беларусь кажуць, што там мужныя і справядлівыя людзі. Я хачу, каб Лукашэнка не паддаваўся і не дазволіў знішчыць Мурада», – заклікае маці.

Раніцай 8 чэрвеня Мурада Амрыева затрымалі на беларуска-ўкраінскай мяжы ў пункце «Весялоўка». Адтуль яго даставілі ў пастарунак у Добрушы. Цягам содняў спартоўца збіраюцца экстрадзіраваць у РФ,

4 чэрвеня Амрыева затрымалі ў Бранску па падазрэнні ў выкарыстанні падробленых дакументаў. Яго пратрымалі двое содняў у паліцыі, пасля адвезлі ў Следчы камітэт. 6 чэрвеня ён скочыў праз вакно і збег з будынку транспартнай пракуратуры, дзе яго спрабавалі затрымаць чачэнскія сілавікі, каб адвезці на радзіму.

Кацярына Андрэева, belsat.eu

Стужка навінаў