«Я зрабіў выснову, што гэта секта». Скандалы вакол манастыра матухны Васілісы


Cвята-Ксеніеўскі жаночы манастыр, ігуменню (на фота) якога забілі, раней трапляў у эпіцэнтр скандалаў.

У 2007 годзе газета «Комсомольская правда» апублікавала артыкул «В Бога верю, дом не отдам», у якім распавядаецца, як у вёсцы Барань, дзе месціцца манастыр, мясцовым жыхарам у маніпулятыўнай форме прапаноўвалі прадаць свае дамы на карысць святыні. Тым, хто адмаўляўся, казалі: «Што, у Бога не верыце?».

Паводле выдання, манастыр набываў дамы для пілігрымаў, якія ў будучыні маглі б стаць жыхарамі «сапраўднай праваслаўнай вёскі».

У 2008 годзе «Комсомолка» апублікавала артыкул пад загалоўкам «Монастырь разрушил семью минского бизнесмена. У ім чытач распавёў, што ягоная жонка пасля паездак у манастыр перапісала на сябе сямейны бізнес і кінула дзяцей.

«Так трэба цяпер. Матухна Васіліса сказала, што дзеці не малыя і іх цыцкай не трэба карміць», – напісала жонка свайму мужу пасля таго, як пастанавіла сысці ў манастыр.

Мужчына прызнаўся выданню, што і сам «трапіў пад уплыў» манастыра – шмат разоў ахвяраваў буйныя сумы ды нават думаў пра перспектыву зрабіцца манахам.

У тым жа годзе выданне апублікавала яшчэ адзін артыкул пра Cвята-Ксеніеўскі жаночы манастыр. У ім былая манашка ўзгадвае гісторыю менскага бізнесоўца, якога кінула жонка. «Шчыра кажучы, перамены адбыліся не ў лепшы бок. Звузілася кола знаёмых, дачыненні сталі напружанымі», – зазначае жанчына.

«Пра тое, што ў гэтым манастыры адбываецца нешта незразумелае, кажа той факт, што за апошнія два гады адтуль сышлі практычна ўсе манахіні», – распавядае былая манашка.

У 2013 годзе «Tut.by» сустрэўся з ужо былым бізнесоўцам, ягонымі дзецьмі. «Ёй галаву задурылі», – кажа сын Ілля. Пасля двух тыдняў у манастыры маці вярнулася дадому «сама не свая».

«Яна казала нешта незразумелае. Нейкія ісціны і прынцыпы жыцця: «Галоўнае – думай толькі пра сябе»; «Ты маеш права рабіць што заўгодна»… Тлумачыла, што матухна іхная, Васіліса», «некозрит в духе». «Счытвае як рэнген», – распавёў былы муж.

У адным з каментароў пад артыкулам чытач «Tut.by» падзяліўся сваёй гісторыяй.

«Дакладна магу сказаць, што там дзейнічае секта. Мая цешча часам наведваецца туды. Па вяртанні яна мае ваяўнічы настрой, скрозь ды ўсюды бачыць праявы сусветнага зла і далонь злога духу ды г.д., але галоўнае не ў гэтым. Пасля занурэння ў гэтую секту яна дрэнна даглядае мужа (цесця), увесь час застаецца з ім у канфрантацыі, гадзінамі сядзіць «як бы» за чытаннем праваслаўнай літаратуры, амаль не займаецца хатняю гаспадаркаю. З іншага боку, варта ёй пару месяцаў не наведаць гэты манастыр, становіцца больш спакойнай, ураўнаважанай, прымае крытыку, нават можна на рэлігійныя тэмы паразмаўляць. Чаму я зрабіў выснову, што гэта секта – па тых тэзісах, якія ўкладваюцца там у галовы іхных сясцёр і братоў Яны часта трактуюць «па-свойму» базавыя дактрыны праваслаўя», – распавёў Аляксандр.

Тэолаг Наталля Васілевіч: Беларускія святары сталі менш сябе звязваць з РПЦ

ЮВ, belsat.eu, паводле belaruspartisan.org

Стужка навінаў