Эксклюзіўнае інтэрв'ю: «Белсат» сустрэўся на Данбасе з былым камендантам Грознага


Размова з былым ваенным камендантам Грознага Ісой Мунаевым, які ваюе супраць расейцаў на Данбасе.

Мае сябры Валера і Сяргей – валанцёры, возяць рэчы і пошту ў зону АТО. Яны шкадуюць, што ў 90-я верылі ўсяму, што казалі пра вайну ў Чачэніі па тэлевізары. Кажуць: мы глядзелі на ўсё, што адбывалася ТАМ праз расейскае тэлебачанне. Цяпер мы разам накіроўваемся ў батальён імя Джахара Дудаева, які змагаецца на баку ўкраінскіх вайскоўцаў. Я сам адначасова патрапляю і ў 90-я, і ў тэлевізар, і да чачэнцаў, якія ваююць на тэрыторыі Украіны. За колькі месяцаў існавання батальёну ў яго няма стратаў, 7 байцоў атрымалі раненні.

Камандзір батальёну – Іса Мунаеў. У Вікіпедыі пра яго напісана на 4 мовах, у тым ліку на беларускай. Ён прайшоў Першую і Другую войны ў Чачэніі і быў адным з самых маладых брыгадных генералаў. Зараз яму 49, ён ваюе з Расеяй з 26 гадоў. Апошнім часам ён жыў у Даніі.

Мы прыязджаем у лагер, знаёмімся. Пытаю ў камандзіра, калі можна будзе ўзяць у яго інтэрвю. Адказвае: вы сюды прыехалі, каб зрабіць інтэрвю – зробіце. Чачэнцы дастаюць з машыны аўтаматычны станкавы гранатамёт (АГС) і пачынаюць збіраць. Мы ідзем у намёт. Я ўпершыню апынаюся ў сітуацыі, калі пад час інтэрвю мяне атачаюць людзі з аўтаматамі. Мы п’ем гарбату, Іса жанглюе Ф1 і паралельна тлумачыць як трэба ставіць і здымаць расцяжкі. Кажа: вось, глядзіце, гэтыя «коткі» я распрацаваў сам. Далей ён распавядае пра свой асабісты кошт вайны з Расеяй.

[vc_single_image image=”1″ img_size=”large”]

– Я афіцэр рэгулярнай арміі Чачэнскай Рэспублікі Ічкерыя, выпускнік вышэйшай школы МУС СССР. Мы не былі тэрарыстамі, да нас прыйшлі і мы абаранялі сваю радзіму. Вось паслухайце, мы 23 гады ваюем. Я хачу вам патлумачыць, вось глядзіце, першае пытанне. У вас ёсць сям’я, так? Да вас прыйшлі ў дом і хочуць знішчыць вашую сям’ю, што вы зробіце? Вы будзеце іх абараняць. Вось гэта мы і зрабілі. У другую чаргу мы былі афіцэрамі. Я працаваў начальнікам паліцыі гораду Грознага ў званні падпалкоўніка, мы ўсе сталі на абарону. Вось Муслім, ён, працаваў у контрвыведцы, палкоўнік НСБ – службы нацыянальнай бяспекі Чачэнскай Рэспублікі Ічкерыі. Мы ўсе афіцэры, і мы ведаем, хто прыйшоў ва Украіну. Калі нам было вельмі цяжка, нам ніхто не дапамагаў, а проста казалі словы, проста словы. Усе казалі – гэта ўнутраная справа Расеі. Калі мы казалі: нас забіваюць, мы абараняем сваю радзіму, мы не тэрарысты… Але ў адказ нам казалі – гэта ўнутраная справа Расеі.

– Тут вы ваюеце супраць Расеі ці за Украіну?

– Я ваюю за Украіну. Я ведаю, што будзе з Украінай, калі мы не спынім маскалёў. Мы 23 гады з імі ваюем, вы нават уяўлення не маеце, хто да вас прыйшоў. Мы абараняем Украіну тут, абараняем Чачэнскую Рэспубліку Ічкерыю. Мы не ісламскія фундаменталісты, не тэрарысты, мы чачэнцы.

– Каму вы падпарадкоўваецеся?

– Мы падпарадкоўваемся міністэрству абароны Украіны. Мы атрымліваем зброю, боепрыпасы, мы знаходзімся на тэрыторыі часткі Міністэрства абароны Украіны, вы бачылі, як усё гэта ахоўваецца.

[vc_single_image image=”3″ img_size=”large”]

– Тэарэтычна, калі б вайна пачалася паміж Беларуссю і Расеяй, ці вы прыехалі б у Беларусь?

– Вядома, я куды заўгодна паеду ваяваць супраць Расеі, апроч Кітаю, пакуль Расея не будзе знішчаная. Я буду абавязаны дапамагчы.

– Ёсць розніца паміж тым, што зараз адбываецца на Данбасе, і тым, што было ў Чачэніі?

– Украіна – гэта такі чачэнскі шаблон адзін у адзін, я ўжо больш за 2 месяцы знаходжуся тут і ўсё гэта бачу, сцэнар той жа самы, што быў у нас.

– Але адрозненні паміж першай і другой вайной у Чачэніі і Украінаю павінныя быць?

– Вы разумееце, першай і другой вайны ў Чачэніі не было. Проста ў першую вайну чачэнцаў было больш за 1 млн. і 100 тыс. асобаў, мы былі больш свежыя, і мы перамаглі іх. Яны заключылі ганебную для сябе дамову. А пасля… Мы страцілі больш за 300 тысяч асобаў. Жанчын, дзяцей, старых… З іх 42 тысячы былі толькі дзеці. Вось глядзіце, мая сям’я. Расейцы забілі ў мяне дачку, ёй быў год і 7 месяцаў, расейцы забілі сястру 1964 году нараджэння, расейцы забілі прыкладамі 70-гадовага майго бацьку. Ён паралізаваны ляжаў на ложку, яны прыйшлі і пыталі, што ты прыкідваешся? Яны яго прыкладамі дабілі, пасля гэтага на пяты дзень ён памёр. Расейцы забілі бацьку маёй жонкі, калі ён сказаў, што не ведае, дзе мая сям’я. Аднаго брата маёй жонкі ўзарвалі, другі знік. І гэта выпала толькі мне, але гэта, можна сказаць, вельмі мала, бо ў кожнай сям’і такія страты. Вось што зрабілі з намі расейцы, і тое самае яны плануюць зрабіць ва Украіне з украінцамі, дзеля гэтага яны прыйшлі. Вось чаму чачэнскі міратворчы батальён імя Джахара Дудаева прыйшоў на святую зямлю Украіны, каб абараніць нашых братоў украінцаў.

[vc_single_image image=”5″ img_size=”large”]

– У якім годзе вы з’ехалі з Чачэніі?

– У 2007-м, але я не выехаў, мяне вывезлі, я быў цяжка паранены, вось так я трапіў у Еўропу.

– Людзі, супраць якіх вы тут ваюеце – гэта ўкраінскія сепаратысты, расейская армія, альбо гэткі мікс мясцовых апалчэнцаў і расейцаў?

– Якія мясцовыя апалчэнцы, пра што вы кажаце, дзе гэтыя мясцовыя апалчэнцы? Які ДНР? З 37-га года гэтыя землі зачышчалі, каб у гадзіну «Х» сказаць, што гэта расейскія землі. Не трэба прыдумляць ніякі ДНР, навошта пра гэта казаць. Дзеля чаго яны ваююць? Каб далучыць украінскія землі да Расеі, бо ў Расеі ж зямлі няма, ім усё мала.

– Калі Расея выведзе войскі, вы вернецеся ў Данію?

– У Данію, вядома, не. Я вярнуся ў Чачню, разам са сваймі братамі-ўкраінцамі я пайду на Чачэнію. Данія – гэта не мая радзіма, мне не патрэбная ні Данія, ні Амерыка. Я не добрага жыцця шукаю, я шукаю свабоды свайму народу. Вы патрымайце птушку ў залатой клетцы год-два, а пасля выпусціце яе і загадайце ёй вярнуцца назад. Яна ніколі туды не вернецца. Мая свабода ў маёй радзіме. Я паважаю Данію і ўдзячны ёй за тое, што ў цяжкі час, калі я быў паранены, там мяне вылечылі. Але мы хочам назад.

– З чачэнцамі, якія ваююць з іншага боку неяк камунікавалі?

– Гэта не чачэнцы, гэта кадыраўцы! Але большасць з гэтых людзей у любы зручны момант пад час баявых сутыкненняў будзе пераходзіць да нас.

– Чаму?

– Бо мы ваюем за сваю свабоду, за свой гонар і за свае сем’і. За што змагаюцца яны? За тое каб Пуцін і Кабаевы, і Кадыравы жылі яшчэ лепш, для гэтага. За грошы. Якая ў іх ідэя?

– Не ведаю.

– Ну вось.

– Шмат кадыраўцаў тут?

– Кажуць, што шмат, але я думаю, што чалавек 500 іх будзе. Можа быць, будзе нават і больш, калі баявыя сутыкненні зноўку пачнуцца. Яны вымушаныя, іх прымушаюць ісці. У нас ёсць свае людзі сярод кадыраўцаў, якія гатовыя перайсці на наш бок, але пакуль мы іх не пускаем. Яны нам там больш патрэбныя, чым тут. Мы больш даведваемся інфармацыі, мы даведваемся якія настроі сярод іх.

– І якія гэта настроі?

– (Паўза) 85 адсоткаў нас падтрымае, калі ічкерыйскае войска ступіць на зямлю Ічкерыі.

[vc_single_image image=”7″ img_size=”large”]

– Думаеце, там будзе новая вайна?

– Там новай вайны не будзе. Там будзе вызваленне маёй радзімы. Няхай я загіну ва Украіне, але Муслім пойдзе далей, мы ўсё адно вернемся на сваю радзіму. Калі мы абодва загінем, Тарас павядзе. Мы ўсе тут ужо сталі чачэна-бандэраўцамі. Толькі на Ічкерыю! (Смяецца)

– Для перамогі тут, ва Украіне, што трэба?

– Як сказаў мой прэзідэнт Джахар Дудаеў – патрэбны дух. І ён ёсць ва ўкраінскіх байцоў і ва ўкраінскага народу. І вельмі шмат украінцаў жадаюць да нас далучыцца. Сёння за раз да нас хацелі далучыцца 50 чалавек. У адзін дзень уступіць у батальён прыйшлі 50 украінцаў!

– А які памер батальёну?

– Батальён дыслакуецца на 3 пунктах. Дзе і хто, спадзяюся, вам не трэба тлумачыць. У нас не толькі чачэнцы і ўкраінцы, у нас ёсць байцы з Узбекістану, Турцыі, Францыі, нават Расеі.

Сурёзна, з Расеі?

Сурёзна, баец падыйдзі да мяне, здымі маску. Ты адкуль?

– Сам родам з Расеі. 35 гадоў, завуць Валянцін.

– Адкуль менавіта?

– Горад Нагінск, Падмаскоўе.

– А чаму да батальёну Дудаева далучыліся?

– У мяне бацька з Украіны, і мне гэтая краіна бліжэй, чым Расея.

[vc_single_image image=”9″ img_size=”large”]

Мы выходзім з намёту, побач два флагштокі. Адзін вышэйшы са сцягам Украіны, другі, ніжэйшы, са сцягам Ічкерыі. Калі мы будзем удома, то яны памяняюцца месцамі, сцяг Украіны будзе крыху ніжэй, кажа Іса і вяртаецца ў намёт.

Я застаюся з 21-гадовым байцом, які прыехаў ва Украіну з Еўропы. Ён выехаў з Чачэніі ў 14, скончыў еўрапейскі ўніверсітэт і атрымаў дыплом па спецыяльнасці «эканаміст». На маё пытанне ці доўга ён думаў, вагаўся, ехаць ці не ехаць ва Украіну, ён адказаў проста: адразу, як даведаўся, вырашыў ехаць. Пытаю: як мясцовыя ставяцца да вас? Па-рознаму, мы ж чачэна-бандэраўцы. Вось ты адкуль?

– З Беларусі.

Атрымліваецца, ты бульба-бандэравец, раз прыехаў да нас.

[vc_single_image image=”11″ img_size=”large”]

90-я вяртаюцца. Украінскія часопісы выходзяць з вокладкай: „Канец камунізму”. З Данбасу мы вяртаемся праз Харкаўскую вобласць. Праязджаем праз невялікае мястэчка каля Чугуева. Вось тут, кажа Валера, быў Ленін, знялі на тым тыдні. Што тут казаць, Леніна больш няма нават у Багадухаве, гэта таксама ў Харкаўскай вобласці, у дзяцінстве я праводзіў там кожнае лета. Гэта быў эталон краю савецкай эпохі, амаль самая мяжа з Расеяй. А цяпер там ледзь не штодня экшн.

Украіна спрабуе дарабіць тыя справы, да якіх не дайшлі рукі 25 гадоў таму. Развод з Расеяй зацягнуўся і таму гэтае вяртанне ў 90-я такое балючае, праз вайну, прапаганду, акупацыю Крыму. Натуральна, ніхто не хоча аддаваць тое, што лічыць сваім. І лепш не памятаць, што тваім гэта стала ў тым ліку праз галадамор.

Людзі сварацца праз моўныя курсы. Гэта нармальна. Вайна ва Украіне прымушае выйсці з бульбы нават тых, хто хацеў бы сядзець там бясконца. Больш за тое, ёсць сэнс шукаць падшыўкі старых газет, з такіх, глухіх 90-х, каб зноўку, гэтым разам ужо з алоўкам, перачытваць артыкулы Пазняка і ківаць галавою: стары меў рацыю.

І самае страшнае ва ўсім гэтым не тое, што прагнозы 20-гадовай даўніны гучаць актуальней за навіны. Самае страшнае, што праз вайну ва Украіне ўсім, хто збіраецца выйсці з бульбы, трэба па-новаму ацэньваць кошт адмовы (ці спробу адмовы) ад „рускага міру”. Часам ён на парадак даражэй, чымся кашуля ад Honar, альбо вышыванка ад Eliz.

Кожны вяртаецца ў свае 90-я. Чачэнцы ў свае, украінцы ў свае. У нас таксама вяртаецца гэты час. Па-свойму, млява і незаўважна. Прэм’ер знянацку пачаў прамаўляць па-беларуску. Можа быць, замест бандэраўцаў у нас у мэйнстрым неўзабаве зноўку вернецца слова бэнээфаўцы. І, можа быць, з другой спробы гэтае слова будзе мець нават пазітыўную канатацыю.

Аркадзь Несцярэнка, belsat.eu

Стужка навінаў