Я сядзеў з пілотам Лукашэнкі. Брытанец – «Белсату» пра два гады ў беларускай турме


Элан Сміт кіраваў фірмай, якая займалася арганізацыяй медычнай апекі замежнікаў, у тым ліку ў Беларсі. Паводле Сміта, ён набыў квіткі на цягнік Берасце–Тэрэспаль групе грамадзянаў Іраку. Беларускі суд прысудзіў яму два гады зняволення за арганізацыю нелегальнага каналу міграцыі. 10 месяцаў Сміт правёў у СІЗА № 2 у Віцебску, а пасля адбываў пакаранне ў калоніі Віцьба-3 у Віцебскай вобласці. Ён не мог разлічваць на ўмоўна-датэрміновае вызваленне, бо катэгарычна адмаўляў прызнаць віну. 29 верасня ён выйшаў на волю. У размове з «Белсатам» Элан Сміт распавёў пра тое, хто ў Беларусі за кратамі размаўляе па-ангельску, як замовіць масаж у камеры і чаму Вялікая Брытанія не спяшалася яму дапамагаць.

Якое было першае ўражанне, калі вы патрапілі ў беларускую турму?

Гэта быў шок, я быў цалкам разгублены. Умовы былі жахлівыя. Спачатку я правёў 14 месяцаў у СІЗА, а пасля прысуду аказаўся ў папраўчай калоніі. Умовы ў іх былі падобныя, але ў калоніі ўпершыню за 14 месяцаў я змог пабачыць неба.

Малюнак камеры СІЗА, у якой сядзеў Алан Сміт, зроблены ім самім

Цягам 14 месяцаў я ані разу не быў на шпацыры. Увесь час я сядзеў у камеры 4 x 2 метры з пяццю іншым вязнямі. Закрытыя вокны, няма вентыляцыі, усе паляць, адкрыты туалет унутры.

Я быў адзіным замежнікам.

Як вы дамаўляліся, не ведаючы мовы?

Гэта было вельмі цяжка. Калі я хацеў нешта сказаць, я карыстаўся слоўнікам. На шчасце, час ад часу ў камеры з’яўляліся людзі, якія трохі ведалі ангельскую. Праблема была з турэмнай адміністрацыяй, сярод якой па-ангельску не размаўляў ніхто.

Ці вязні ў камеры ў СІЗА вязні сябравалі? Ці ўдалося вам стварыць нейкі калектыў?

Хутчэй не, бо яны вельмі напужаныя праз пануючы ў вязніцы рэжым. Баяліся, што нехта з вязняў даносіць. Гэта не датычылася мяне, бо я не хаваўся і ўсё казаў адкрыта. У кожнай камеры інфарматары супрацоўнічаюць з адміністрацыяй. Натуральна, у камеры была камера і мікрафон, нас праслухоўвалі.

Вязні ведалі, хто быў даносчыкам?

Канешне, не. Я быў адзіным вязнем, які правёў у адной і той жа камеры 14 месяцаў. Усе іншыя сядзелі ў гэтай камеры каля двух тыдняў. Гэта рабілася для таго, каб людзі не маглі стварыць блізкіх сувязяў і нікому не давяралі. Усім новым я адразу казаў, што «пра справы не гаворым».

Што змянілася, калі вы патрапілі ў папраўчую калонію?

Спачатку для мяне гэта было, як свабода. Я мог шпацыраваць, адкрыць вакно, дзверы, бачыць дрэвы. Пра мяне ведала ўся калонія: такі вязень не трапляў туды кожны дзень.

Я быў адзіным у Беларусі зняволеным, які не падпісаў згоду аб абавязку выконваць турэмныя правілы – і, тэарэтычна, я павінен быў патрапіць у карцар. Таксама я быў адзіным у калоніі, хто не пагадзіўся, каб мне астрыглі валасы.

Як выглядае жыццё ў калоніі?

Барак быў падзелены на 12 сектараў, гэта была адмысловая калонія для былых міліцыянтаў, кадэбістаў, суддзяў і чыноўнікаў. Адміністрацыя баялася, што я шпіён, бо я заўсёды задаваў мноства пытанняў.

Як вы глядзелі на гэтых людзей, якія раней былі па іншым баку – удзельнічалі ў арганізацыі рэпрэсіяў?

Мяркую, улады зрабілі вялікую памылку, калі адправілі мяне туды, але было ўжо позна. Усім вязням загадалі не размаўляць са мной, але гэта было цяжка: у калоніі сядзела каля тысячы чалавек.

На людзей, якія ведалі ангельскую, ціснулі асобна, каб яны нават да мяне не падыходзілі. Аднак, мне ўдалося сабраць мноства шакавальнай інфармацыі. Я размаўляў з суддзямі – іх там было каля дзесяці. Спачатку яны баяліся, але потым прызнаваліся, што яны не выносяць прысуду, а толькі іх аб’яўляюць. Рашэнне прымае пракурор, які тэлефануе і кажа, напрыклад: «Дай яму два гады».

У выпадку суддзяў і міліцыянтаў рашэнне аб прысудзе прымае КДБ, які мае адмысловае СІЗА, куды яны трапляюць. Быў выпадак, калі ў калоніі адзін хлопец сустрэў суддзю, які вынес яму прысуд. І той яму сказаў: «Ведаеш, якая ў нас сістэма – я толькі аб’яўляю прысуд».

Якія былі адносіны паміж вязнямі і былымі суддзямі і міліцыянтамі?

Нядобрыя. Ніхто з імі не размаўляў і ім не давяраў. Да тых, што з імі размаўлялі, вязні ставіліся падазрона. Да мяне не, бо ўсе разумелі, што я з імі размаўляў, каб атрымаць інфармацыю. Я быў даволі блізкі з адным суддзём, які атрымаў 14 гадоў, і запытаўся яго адкрыта, колькі нявінных чалавек ён пасадзіў. Ён усміхнуўся і сказаў, што гэта былі не ягоныя рашэнні. А пасадзіў ён тысячу нявінных людзей.

А як яны тлумачылі ваш выпадак?

Мяне падазравалі ў мностве рэчаў, і мая справа цягнулася вельмі доўга. Паводле беларускай традыцыі, калі сядзіш у СІЗА больш за месяц, цябе не могуць апраўдаць, ты мусіш атрымаць тэрмін. Суддзя сказаў майму адвакату, што калі я прызнаюся, мяне выпусцяць. Але я адмовіўся. Больш за таго: паводле беларускага права, пасля адбыцця паловы тэрміну ў выпадку добрых паводзінаў можна выйсці на свабоду. Я адмовіўся прызнаць віну – і адседзеў увесь тэрмін.

Як гэта каментавалі адміністрацыя і іншыя вязні?

Начальнік калоніі атрымаў інструкцыю з суду, каб прымусіць мяне падпісаць прызнанне віны. Дарэчы, я ваяваў з турэмнымі начальнікамі кожны дзень.

Чаму вы ваявалі, што вас змушала?

Прынцып. Я быў невінаваты, чаму я павінен быў прызнаваць віну? Беларускія ўлады кінулі за краты столькі нявінных людзей, у тым ліку замежнікаў, катавалі столькі вязняў – і ніколі за гэта не заплацілі. Я вырашыў змагацца з парушэннямі закону і бараніць правы зняволеных. Я быў адзіным вязнем, які гэта рабіў – і рабіў гэта так, каб аб гэтым ведаў увесь свет. Я не маўчаў, я пагражаў галадоўкай.

Які вынік мелі гэткія паводзіны?

Кіраўніцтва баялася розгаласу. Гэта я, напрыклад, апісаў, як у калоніі дайшло да масавага атручвання. Пасля таго, як адміністрацыя хацела несправядліва пакараць іншых вязняў, я распачаў галадоўку. Ведаю, што гэткія пратэсты і розгалас дзейнічалі на іх.

Алан Сміт з жонкай Магдаленай Воліньскай пасля вызвалення

У калоніі сядзела мноства бізнесоўцаў – і не толькі. Гэта была калонія для вядомых людзей. Адным з іх быў асабісты пілот Лукашэнкі. Я спрабаваў з ім размаўляць, але ён пастаянна адмаўляў – яму загадалі.

Там былі афіцэры КДБ і мне ўдалося атрымаць вельмі цікавую інфармацыю. Пакуль я не раскрыю яе, каб не нашкодзіць ім, каб яны не мелі клопату на ўсё жыццё – яны і так атрымалі па 15 гадоў. Я сядзеў таксама з Тарасам Аватаравым, які атрымаў тэрмін за ўдзел у вайне на Данбасе па ўкраінскім баку.

На якія групы дзяліліся вязні?

На дзве групы – на тых былых міліцыянтаў і чыноўнікаў, якія размаўлялі толькі паміж сабой, і на вязняў, якія трымаліся сваіх уласных правілаў, тыповых турэмных забаронаў кшталту «не дакранацца да туалету» і г. д. Аднак гэта не мела ніякай сувязі з адносінамі з адміністрацыяй. У маёй калоніі не было, напрыклад, рэцыдывістаў.

Ці сустрэліся вы з агрэсіяй з боку іншых вязняў?

Наадварот – мяне паважалі, бо я быў адзіным чалавекам, які супрацьстаяў адміністрацыі. Многія стараліся мяне пазбягаць, бо ведалі, што я нічога не баюся.

Ці вашыя сябры за кратамі не баяліся кантактаў?

У мяне там было шмат сяброў, і нават перад маім вызваленнем яны казалі мне, што думаюць, што іх пакараюць. Яны баяліся пратэставаць, але ведалі, што я адзіная іх зброя супраць сістэмы.

Падарункі Алану Сміту на памяць ад беларускіх вязняў

Ці сярод вязняў былі нейкія адмысловыя традыцыі?

Так, там усцяж п’юць чыфір. Калі нехта ідзе або вяртаецца з карцару, зняволеныя арганізуюць гэткае супольнае піццё чыфіру. Я часта да іх далучаўся. Галоўная валюта ў турме – цыгарэты. За іх можна замовіць сабе масаж, іншыя вязні могуць памыць табе вопратку і г. д.

Як выглядалі вашыя кантакты з ахоўнікамі?

Не магу пра гэта казаць, каб ім не зашкодзіць. Ахоўнікі не хацелі размаўляць са мной – баяліся, што страцяць працу.

Ці вас падтрымліваліся брытанскія ўлады?

Гэта цяжкае пытанне. Гаворка вялася пра палітыку: ніхто не хацеў праз мяне знішчаць стасункі з беларускімі ўладамі. Але нельга сказаць, што наагул не памагалі: прадстаўнікі амбасады наведалі мяне каля дзесяці разоў, яны размаўлялі з адміністрацыяй калоніі. Я атрымаў вялізарнае падтрыманне ад простых беларусаў – і вельмі люблю іх за гэта. Я атрымаў мноства лістоў і паштовак, але шмат карэспандэнцыі да мяне, на жаль, не дайшло.

Як вам удалося зрабіць, каб свет пабачылі вашыя карыкатуры і вострыя лісты на тэму турэмных умоваў?

Гэта ўсё было нелегальна – мне іх дапамагалі выносіць па-за сцены калоніі. Я сказаў уладам калоніі: «Калі вы не дазваляеце мне высылаць лісты – я зраблю гэта сам».

Вязні: «Нам патрэбны лекар, які лечыць людзей». Лекары: «Вязні – не людзі». Гэтым малюнкам Алан Сміт пракаментаваў сітуацыю, калі двое з брыгады турэмных лекараў аказаліся ветэрынарамі

Яны не маглі зразумець як, хаця праводзілі следства – усё ж такі там было некалькі соцень чалавек.

У калоніі можна было нават пранесці тэлефон – існаваў цэлы ланцужок людзей, якія бяруць удзел у такіх рэчах. У маім выпадку я не мусіў нават за гэта плаціць: людзі ведалі, што я як стрэмка ў сістэме – і хацелі мне дапамагаць.

Смешна было, калі я распачаў галадоўку: я сказаў аб гэтым а 16-й, а ўжо а 17-й інфармацыю пра гэта апублікавалі ўва ўсёй краіне. Начальнік калоніі атрымаў званок з Дэпартаменту выканання пакаранняў з Менску з пытаннем, як гэта магчыма. У мяне адразу зрабілі поўны вобшук – хацелі знайсці схаваны тэлефон. А я ім казаў, што яны нічога не знойдуць.

Што вы пачулі на развітанне?

Зняволеныя вельмі засмуціліся, бо ведалі, што я быў іхным адзіным абаронцам, яны казалі, што не спадзяваліся сустрэць нікога падобнага: іншыя вязні-замежнікі проста сядзелі ціха.

Апошні малюнак Алана Сміта, зроблены ў калоніі «Віцьба-3»

У суботу адмыслова да мяне прыйшоў начальнік калоніі – і гэтым разам быў вельмі мілы. Напярэдадні я сказаў, што яму я не выбачу і ён заплаціць за тое, што мяне сустрэла ў турме.

Адміністрацыя вязніцы, відаць, была расчараваныя, што вы не прызналі віну і што яны мусілі вас цярпець столькі часу?

Так, гэта была адзіная прычына, чаму я павінен быў адседзець поўныя два гады. А калі мяне выпускалі, то адвялі да машыны праз тыльнае выйсце. Мне не аддалі камп’ютар і мабільны, каб журналісты не змаглі даведацца пра маё вызваленне.

Потым ад мяне хацелі яшчэ 90 еўраў за тое, што мяне адвязуць у аэрапорт. Я сказаў ім, што магу даехаць сам.

У аэрапорце было падобна – там мяне забралі ўва ўчастак, дзе ўсе міліцыянты нерваваліся, бо мелі заданне не дапусціць да майго кантакту з журналістамі.

Алан Сміт з сям’ёй пасля вызвалення

Нягледзячы на тое, што я перажыў, я сустрэў у Беларусі мноства добрых людзей, і самае прыкрае – што я мусіў іх там пакінуць. Гэты быў смутны дзень для мяне, і для іх.

Размаўляў Якуб Бернат

Стужка навінаў