Я рамеснік, ты рамеснік


За год амаль 18 тысяч беларусаў пачалі займацца самастойнаю вытворчасцю рамесных вырабаў.

Летась у Беларусі зарэгістравалі 17660 рамеснікаў. Амаль палова з іх – 8883 чалавек – афіцыйна сталі «майстрамі» у кастрычніку-снежні 2015 года, паведаміла Міністэрства эканомікі. Колькасць умельцаў у параўнанні з папярэднімі гадамі ўзрасла ў два разы.

Больш за ўсё рамеснікаў у 2015 годзе зарэгістравалася ў Менску – 4305 чалавек, а менш за ўсё – у Магілёўскай вобласці (1838 чалавек).

Агулам за апошнія пяць гадоў колькасць беларусаў, якія займаюцца рамеснай дзейнасцю, вырасла больш чым у тры разы. Гэткая прадуктыўнасць і прага да «ачумелых ручак» хутчэй за ўсё звязана з Законам супраць дармаедаў.

Рамеснікі вызваленыя ад выплаты збору на дармаедства, які складае 20 базавых велічыняў, і цяпер маюць абавязацельства плаціць у бюджэт усяго адну базавую велічыню ў год (актуальна гэта 210 тысяч рублёў). У 2015 годзе прапаноўвалася падняць збор да чатырох велічыняў, аднак норма не ўвайшла ў Падатковы кодэкс. Аднак каб не плаціць збор на дармаедства за мінулы год, «майстрам» трэба было стаць да 1 студзеня 2015 года.

ДР, belsat.eu 

Стужка навінаў