«Я пайшоў, каб мець чыстае сумленне». Дзень тэатру абсурду – і 10 содняў арышту для актора

video

Услед за вулічнымі шоу надышоў і афіцыйны Дзень тэатру.

Менскі Тэатр беларускай драматургіі паказаў спектакль «Апошнія сведкі» паводле кнігі Святланы Алексіевіч. Кніга з аповедамі дзяцей, якія перажылі вайну, пабачыла свет у 1985 годзе, але, паводле польскага рэжысёра Паўла Шкотака, «зноў зрабілася актуальнаю». Агулам жа, каб адгукнуцца на актуальныя падзеі, тэатралы стаяць перад сурʼёзным выбарам, таму што няма палітычнага тэатру, а сацыяльны тэатр толькі пачынае сваё існаванне, кажа рэжысёр Андрэй Саўчанка:

«Палітычна выказвацца немагчыма. Або ты не будзеш існаваць, або табе прыйдзецца існаваць неяк насуперак усяму».

Не абыякавыя да актуальных падзеяў акторы адкрыта выказваюць сваю пазіцыю і заклікаюць да салідарнасці. Шчымлівыя словы акторкі і спявачкі Насты Шпакоўскай у сацыяльнай сетцы не пакінулі абыякавымі не толькі творцаў:

«Нам трэба паслухаць сябе, паслухаць тое, што падказвае сэрца, і абʼяднацца, каб думаць, што рабіць далей».

Тым часам, пасля падзеяў 25 сакавіка ў менскую лякарню з сурʼёзнаю чэрапна-мазгавою траўмаю трапіла акторка Свабоднага тэатру Яна Русакевіч, якая працавала і ў Купалаўскім тэатры. Адбыўся суд за ўдзел у акцыі на Дзень Волі над акторам Сяргеем Квачонкам, які перад паседжаннем суда сказаў:

«Насамрэч я пайшоў туды, бо пануе міліцэйскае бяспраўе, судовае бяспраўе, і каб мець чыстае сумленне».

Актора пакаралі 10 соднямі арышту.

Вольга Гардзейчык, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары