«Я не ведаю, хто на фота – гэта завуч дала». Дзень Перамогі ў Горадні


9 траўня гарадзенцы прайшлі па горадзе з фотаздымкамі сваякоў, якія ваявалі ў Другой сусветнай. І з фота зусім невядомых людзей.

Сёлета было без параду – у 72-ю гадавіну Перамогі ў горадзе прайшла акцыя «І ў памяці навекі імёны». Дзве тысячы чалавек прайшлі па горадзе з партрэтамі ўдзельнікаў Другой сусветнай вайны, якіх няма ў жывых. Большасць удзельнікаў – школьнікі ці працаўнікі буйных прадпрыемстваў, якія сюды былі скіраваныя паводле абавязалаўкі. Той, хто не меў здымка сваяка-франтавіка, мог атрымаць на месцы фатаграфію зусім невядомага ім чалавека.

«Я не ведаю хто гэта на фота, – кажа дзевяцікласнік – Нам гэтыя фота раздала нашая завуч, калі правярала наяўнасць на мітынгу нашай паралелі».

Шэсце памяці ў Горадні. 9 траўня 2017 года. Васіль Маўчанаў / Белсат

Віталь, інжынер аднаго з гарадзенскіх прадпрыемстваў, сцвярджае, што прыняць удзел у акцыі яму настойліва парэкамендавала кіраўніцтва. «Паглядзіце на тыя фота, што аднолькава аформленыя ды надрукаваныя на пластыку, – кажа Віталь. – Іх раздаюць, тут такіх фота большасць».

Удзел у «бессмяротным палку» для мноства гарадзенцаў – гонар

Былі і тыя, хто ўдзельнічаў дабравольна ды нават і нёс партрэт свайго сваяка. Святлана трымае партрэт свайго дзядулі, які быў у войску шарагоўцам, прайшоў усю вайну ды быў узнагароджаны Ордэнам ІІ сусветнай вайны. Фота раздрукаванае на звычайным белым аркушы фармату А4.

Шэсце памяці ў Горадні. Васіль Маўчанаў / Белсат

«Для мяне гонар удзельнічаць у такім шэсці, такім чынам мы захоўваем памяць пра тыя трагічныя падзеі. Такім чынам мы нагадваем пра тых людзей, якія ваявалі за нашую будучыню», – кажа Святлана.

Адна з пенсіянерак скардзілася, што раздачай здымкаў невядомых акцыю памяці зганьбілі: «Людзі папрыходзілі з фотаздымкамі сваіх родзічаў, каб ушанаваць іх памяць, а тут начальнікі мясцовыя нагналі дзяцей з партрэтамі».

Шэсце памяці ў Горадні. 9 траўня 2017 года. Васіль Малчанаў / Белсат

Арганізатары заклікалі гарадзенцаў сабрацца зноўку на Кургане Славы ўвечары ды выканаць усім разам «Катюшу» ды «День Победы». Пад урачысты салют.

Мікола Дзямідаў

Стужка навінаў