«Я малілася штосекунду, каб мяне хто-небудзь прыстрэліў»


Фота з жанчынаю ля слупа ў Данецку абляцела ўвесь свет. Ірына Доўгань у інтэрвю украінскай службе «Радыё Свабода» ў падрабязнасцях распавядае пра свае дні ў палоне баевікоў «ДНР».

Разам з аднадумцамі Ірына Доўгань вазіла ежу, коўдры і спальнікі для ўкраінскіх вайскоўцаў. «Гэта была дапамога, якую мы самі куплялі на тыя грошы, якія давалі іншыя людзі, – распавядае спадарыня Ірына. – Аднойчы мы гэтак выязджалі з гораду з дапамогаю – везлі вайскоўцам камуфляж. Потым, калі вярнуліся ў Ясінаватую (горад на Данеччыне – belsat.eu), там ужо ішоў бой. Мы начавалі на блокпосце, бо нас не пускалі. Потым нам удалося туды прабіцца, а горад увесь быў забіты апалчэнцамі. Іх была неверагодная колькасць».

Калі Ірына Доўгань перавозіла рэчы для вайскоўцаў, то зрабіла некалькі фотаздымкаў на планшэт, каб паказаць тым, хто ахвяраваў грошы на камуфляж. «Гэты планшэт «паліў мне рукі», я хацела пазбавіцца ад яго. Потым аддала свайму знаёмаму, які выязджаў з гораду. Укруцілі ў некія рэчы і схавалі ў машыне. І на няшчасце на блокпосту ДНР-аўцы яго спынілі і забралі машыну. Знайшлі планшэт, выбілі з яго інфармацыю, адкуль ён і чый. Потым прыехалі да мяне і выбілі ўсе паролі. За мной прыехалі следчыя з батальёну «Усход» з Данецку. Як я разумею, у іх ліку – нашыя былыя ўкраінскія сілавікі. Былі і нашыя мясцовыя ДНР-аўцы, – кажа госця праграмы. – Калі мяне цягнулі, я бачыла яшчэ машыны з узброенымі людзьмі, што блакавалі дом. Было вельмі страшна. Яны крычалі «дзе укры?». Думалі чамусьці, што ў мяне недзе ў бункеры хаваюцца дзесяць жаўнераў».

Баевікі абшукалі дом спадарыні Ірыны, знайшлі там бінокль мужа і адразу вырашылі, што Ірына карэктуе ўдары ўкраінскай артылерыі. Ёй на галаву апранулі балаклаву і скавалі кайданкамі. Потым – павезлі ў Данецк, дзе трымалі ў нейкім будынку.

Спачатку яе дапытвалі былыя ўкраінскія міліцыянты, паводле жанчыны – досыць ветліва і карэктна.

«Потым прыйшлі асеціны. Пацягнулі ўніз, у нейкі пакой, дзе іх было чалавек дзесяць. Быў сур’ёзны прэсінг, мяне білі, стралялі каля вуха з пісталета. Быў такі Заур. Гэта была ягоная ідэя, каб я крычала «Зіг хайль!». Я закрывалася рукамі, прасіла літасці, я не хацела гэтага рабіць», – кажа Ірына Доўгань.

Таксама ёй пагражалі сексуальным гвалтам. «Я не была гераіняю. Я поўзала па падлозе і крычала. Крычала, што я маці дваіх дзяцей і ўжо бабуля, маёй унучцы годзік. Я крычала дзікім крыкам. Які гераізм? Тыцкаюць у лоб пісталетам. Страляюць ля вуха, я ўжо кантужаная. А яны крычаць мне «Зіг хайль!» у вушы. Патрабуюць паролі і пінкоды», – узгадвае Ірына Доўгань.

На другі дзень у захопнікаў узнікла ідэя абвязаць Ірыну ўкраінскім сцягам і вывесці на перадавую, дзе страляюць.

«Яны вырашылі, што вывезуць мяне на блокпост, які абстрэльвае ўкраінская артылерыя, і прывяжуць там. Я падумала: слава Богу мяне проста забюць і не будзе ніякага згвалтавання. Бо яны казалі: ты здохнеш, калі ўсіх «абслужыш». Гэта казалі не раз і не два, – кажа Ірына Доўгань. – Потым хтосьці сказаў, што гэта будзе занадта добра для мяне. Тады надрукавалі шыльду, што, маўляў, я агент і забіваю дзяцей».

«Я малілася штосекунду, каб мяне хто-небудзь прыстрэліў. Стрэл у галаву быў для мяне самым пажаданым тады», – кажа спадарыня Ірына.

Здзекі і пагрозы, у тым ліку згвалціць, працягваліся і ў Данецку на вуліцы, куды жанчыну прывезлі са сцягам. Мясцовыя жанчыны збівалі Ірыну Доўгань нагамі, плявалі ў яе. Мужчыны каўказскага выгляду цягалі яе за валасы, білі прыкладамі. Мясцовыя мужчыны – толькі пагражалі. «Не перадаць словамі, што там адбываецца і што здарылася з тымі людзьмі. Яны як быццам жывуць у іншым свеце, без спачування, няма нічога чалавечага. Самае страшнае – гэта былі маладыя людзі і дзяўчаты, што фатаграфаваліся на маім фоне». – кажа Ірына Доўгань.

Потым жанчыну прывезлі назад у будынак. Там яе працягвалі перыядычна збіваць і пагражаць расправаю. Злачынцы выбівалі з яе інфармацыю пра іншых валанцёраў, якія дапамагалі ўкраінскаму войску. Ірына Доўгань упэўненая, што яна засталася жывая дзякуючы таму, што фотаздымкі з Данецку надрукавалі шматлікія медыі, здзекі з жанчыны выклікалі хвалю абурэння. Гэта змусіла баевікоў адпусціць Ірыну Доўгань.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў