«Я кожны дзень служу беларушчыне». Невядомае інтэрв’ю з Саўкам

video

«Адзін дзень можна вылучыць на тое, каб рабіць не як прафесіянал, а як грамадзянін», – казаў Зміцер Саўка. У сваім апошнім інтэрвʼю мовазнавец і былы кіраўнік моўнае службы «Белсату» разважае пра феномен Лукашэнкі, ментальнасць беларусаў ды тое, чаму варта хадзіць на Плошчу. Зміцер Саўка памёр 9 красавіка.

Я думаю, мой шлях да беларушчыны пачаўся з таго, што ў 60-я гады быў вялікі дэфіцыт ясляў. Мама мяне нарадзіла і мусіла ісці на працу. А каму сядзець з дзіцем? Мама працуе, тата працуе – не было каму. І мяне адвезлі ў вёску Сенькавічы Івацэвічскага раёну – гадавацца да бабулі Ульяны.

Маладым чалавекам я ніколі не думаў, што мне выпадзе жыць пры якім-небудзь іншым рэжыме, чым пры камуністычным. Я не ўяўляў сабе, што Савецкі Саюз перастане існаваць. Падавалася, што ўсё будзе сутнасна нязменным.

Я кожны дзень служу беларушчыне, я кожны дзень штосьці раблю для яе. Але адзін дзень можна вылучыць на тое, каб рабіць не як прафесіянал, а як грамадзянін.

Для нас любыя выбары – гэта шанец. Калі не шанец змяніць штосьці ў нашым жыцці ці зваліць абсалютнае зло, гэта шанец паглядзець адзін на аднаго і сказаць: «Мы ёсць!». Для нас гэта магчымасць сказаць самім сабе: «Мы – сіла. Мы можам».

Калі ёсць нязгодны Саўка, значыцца ёсць людзі, якім не падабаецца тое, што сёння адбываецца.

Я прыйшоў для таго, каб парадавацца такой выдатнай магчымасці выйсці аграмаднаю грамадою, гэтымі дзясяткамі тысячамі людзей, і сказаць: «Мы тут. Вы расказваеце, што нас няма, а мы ёсць. Вы кажаце, што нас усё задавальняе, а нас не задавальняе, і не задавальняе вельмі шмат».

Мяне не білі. Я ні ў якія прарывы не ішоў. Мне нялоўка было мітусіцца, бегаць. Я сам, сваёй воляю, як грамадзянін сваёй краіны, прыйшоў на галоўную плошчу сваёй краіны, да галоўнага будынку сваёй краіны – Дому Ураду, – для таго, каб засведчыць сваю пазіцыю. Чаго я буду бегаць? Тады навошта я ўвогуле сюды прыйшоў, каб потым адсюль уцякаць. Якая логіка ў гэтым? Моладзь там прарывалася, спрабавала штосьці рабіць, шмат хто вырваўся, некаторыя – не, і атрымалі вельмі моцна па галаве. Я бачыў гэтых акрываўленых людзей з разбітымі галовамі і патаптанымі нагамі і рукамі. Мне, такому саліднаму, якім я сябе лічу, чалавеку, было няёмка так мітусіцца – і гэтым сведчыць сваю нерацыю. Я маю рацыю. І я прыйшоў па сваё. Аддайце мне маё права перадвызначаць лёс Бацькаўшчыны.

Мы ўсё жыццё жывем для таго, каб зразумець іншых людзей. Мне хочацца сярод светлых людзей, якія адыгралі станоўчую ролю ў маім жыцці, зразумець таксама людзей, якія адыгралі ў маім жыцці і адмоўную ролю: што імі кіруе?

Ніякі Лукашэнка не быў бы, вядома, магчымы ў краіне, у якой падначалены можа сказаць свайму начальніку: «Давайце мы не будзем рабіць так, бо будзе тое і тое». Калі ўся сістэму створаная для таго, каб выконваць самыя злачынныя, самыя ідыёцкія і адыёзныя загады, чалавек акрыляецца сваёй усёмагутнасцю і беспакаранасцю. Злосць ды кепскія рысы, якія ў яго ёсць, перамнажаюцца на сілу ўлады.

Я вёў бы пераемнасць лукашэнкаўскага рэжыму не ад камунізму, а ад царызму, ад прыгону і паншчыны, калі чалавек сам сабе не належыць, калі ён мусіць быць удзячны ўладзе за ўсё, што з ім адбываецца.

Я б прывёў тут цытату з Фларыяна Чарнушэвіча, які іміграваў у Бразілію: «Беларускі селянін хутчэй паверыць, што сонца ўзыходзіць на Захадзе і коціцца на Усход, чым у тое, што на свеце няма цара». Для мяне гэта неўміручыя радкі: пастаўце любое іншае слова – «пана», «караля», «Лукашэнкі», «камуністычнай партыі», «таварыша Брэжнева» ці «таварыша Сталіна» – і вы атрымаеце тую самую карціну. На жаль, стагоддзі не выхавалі ў беларусах вялікіх дэмакратаў.

Вядома, у нас была дэмакратычная шляхта і шляхецкая рэспубліка, але гэта было рэчаіснасцю толькі для дзясятай часткі насельніцтва. Пазней частка шляхты асімілявалася і перастала быць беларусамі, частка – сталася асноўнымі ахвярамі бальшавіцкага рэжыму. Інакш кажучы, людзей, у якіх была прышчэпленыя свабода і патрэба быць вольным, усведамленне таго, што яны сваймі поспехамі і няшчасцямі павінныя быць удзячныя сабе, а не нейкаму пану – такіх людзей даўно выразалі. Яшчэ пракаціліся дзве вайны, якія звычайна выразаюць самых актыўных, вольналюбівых ды ініцыятыўных. Гэта прывяло да селекцыі магчыма не самых вольных духам людзей, але прырода, час, акалічнасці, гісторыя ўсё ставіць на свае месцы. Спадзяюся, нашчадкі прыгнечаных духам усё ж такі выгадуюцца на свабодных людзей.

Размаўляла Кася Камоцкая

Глядзі таксама
Каментары