«Я хацеў быць вялікім спартоўцам», – Лукашэнка распавёў пра свае мары ў дзяцінстве


Фота - president.gov.by

Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з навучэнцамі «Моладзь. Погляд у будучыню» распавёў, што ў дзяцінстве не хацеў быць прэзідэнтам – ён марыў быць футбалістам.

«Я страшэнна любіў футбол і хацеў быць вялікім спартоўцам. Але я не патрапіў ні да якога трэнеру, ды і гаворкі не магло быць. Як маглі, так і гулялі», – адзначыў Лукашэнка.

Паводле ягоных слоў, пра палітычную карʼеру ён нават не думаў.

«Я тады не думаў пра тое, каб стаць прэзідэнтам. І думаць не мог. Па-першае, прэзідэнтаў у краіне не было. Былі генеральныя сакратары. Але я таксама не думаў пра тое, каб стаць нейкім там сакратаром», – распавёў Лукашэнка, адказваючы на ​​адно з пытанняў.

«Скажу шчыра: у мяне было адзінае жаданне, – паколькі я жыў не ў лепшым сяле, бачыў пакуты гэтых людзей, бачыў недахопы, бачыў, як яны жылі, – у мяне было жудаснае жаданне ўзяць нейкую тэрыторыю, гаспадарку, і гэтым людзям зрабіць нешта добрае», – цытуе прэзідэнта ягоная прэс-служба.

На сустрэчы з моладдзю Лукашэнка таксама выказаўся наконт выкарыстання беларускай мовы ў школе пры выкладанні гістарычных прадметаў.

«Я катэгарычны праціўнік навязвання вучням нейкай дзяржаўнай мовы – у нас іх дзве – расейская і беларуская. Чалавек сам павінен вызначыцца, на беларускай ці расейскай ён будзе вывучаць, – сказаў ён. – Калі вы мяне спытаеце, а я як хацеў бы… Я хацеў бы, каб гэтыя прадметы вывучаліся на беларускай мове. Мы больш маем зносіны, у тым ліку ў побыце, на расейскай мове. Беларускай мовы ў нашым побыце не хапае. Дрэнна гэта ці добра? Не ведаю. Не думаю, што гэта катастрофа».

 

ІІ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары