«Хачу ўбачыць доказы віны сына». Маці-328 галадуе восьмы дзень


У Лідзе ўжо восьмы дзень трымае галадоўку Людміла Лапко, маці асуджанага за збыт наркатычных сродкаў. Жанчына звярнулася ў Адміністрацыю прэзідэнта з просьбай арганізаваць ёй сустрэчу з Лукашэнкам, каб распавесці яму пра «белыя плямы» у крымінальнай справе свайго сына.

У красавіку 2015 года 19-гадовы лідчанін Яўген разам з сябрам патрапілі ў шпіталь пасля ўжывання наркотыкаў. Паводле словаў маці, хлопцаў пратрымалі пад кропельніцай усяго дзве гадзіны пры належных васьмі, а пасля завезлі ў ізалятар проста з лякарні. Хлопцам давялося выклікаць туды «хуткую», бо ў абодвух была высокая тэмпература.

«Калі яны былі ў лякарні, у пакоі інтэрнату, дзе яны жылі, прайшоў вобшук і знайшлі спайсы. Аператыўнік сказаў адразу, што гэта «з мэтай збыту», на судзе таксама ён сведчыў. У выніку дзеці пайшлі па трэцяй частцы 328 артыкула, ім далі 11 гадоў», – распавядае Людміла.

Разам з ёй галадае і маці сябра Яўгена, які адбывае пакаранне – Алена Нікалаюк. Жанчыны ўпэўненыя: толькі галадоўкай можна прыцягнуць увагу высокапастаўленых чыноўнікаў і кіраўніка дзяржавы да праблемы.

«У справе вельмі шмат нестыковак. Па-першае, у пратаколе было напісана, што хлопцаў затрымалі а 18-й, але яны былі ў ізалятары ўжо а 15-й. Чаму такое разыходжанне па часе? Ведаеце, ім адваката доўга не давалі… Па-другое, у інтэрнаце знайшлі не тое рэчыва, якое было ў крыві ў хлопцаў на момант затрымання. Да таго ж, адбіткі пальцаў на знойдзеных скрутках – не іхныя, а нейкай неўстаноўленай асобы. Я хачу ўбачыць доказы ягонай віны. Прайшло тры гады, але я іх так і не атрымала», – гаворыць маці Яўгена.

Жанчына сцвярджае, што ў абвінавачвання не было доказавай базы, каб пасадзіць яе сына на такі тэрмін. Яна мае намер дамагацца сустрэчы з Лукашэнкам, каб распавесці яму пра парушэнні падчас следства.

«Адвакаты спрабавалі абараніць сына, знайшлі ў матэрыялах справы 15 парушэнняў, але ўсё марна. Свой зварот у Адміністрацыю я даслала 10 траўня, чакаю адказу. Заўтра пайду ў мясцовы выканкам. Можа, мясцовыя чыноўнікі могуць прыспешыць адказ з Менску?»

Адчувае сябе Людміла Лапко, паводле яе словаў, добра. Яна рэгулярна прыходзіць у дзённы стацыянар у шпіталь, каб праверыць ціск і кардыяграму. Кажа, што гатовая спыніць галадоўку, калі ўбачыць вынік ад сваіх намаганняў.

Раней у Калінкавічах і Пухавіцкім раёне маці-328 галадалі 14 дзён – з 27 красавіка па 11 траўня. Яны двойчы хадзілі ў Адміністрацыю прэзідэнта і на 14-ы дзень спынілі галадоўку, атрымаўшы ад чыноўнікаў абяцанне, што законапраект аб змякчэнні пакарання «за наркотыкі» будзе хутка перададзены на разгляд дэпутатам. У сустрэчы з Лукашэнкам жанчынам адмовілі.

***

Сёння стала вядома, што законапраект у першым чытанні могуць разгледзець на вясновай парламенцкай сесіі ў чэрвені. Праект закона прадугледжвае змены ў Крымінальны кодэкс, у прыватнасці ў артыкул 328. Будзе змененая ніжняя санкцыя ч.2. арт. 328 (незаконны з мэтай збыту выраб, перапрацоўка, набыццё, захоўванне, перавозка або перасылка або незаконны збыт наркатычных сродкаў). Цяпер такое правапарушэнне караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад пяці гадоў, а законапраект прапануе ўвесці мінімальны тэрмін у тры гады. Таксама прапануецца змякчыць пакаранне па ч.3 арт.328. Цяпер яе ніжняя санкцыя прадугледжвае ад васьмі гадоў турмы, а будзе – ад шасці гадоў.

У працэсе падрыхтоўкі парламентарыі будуць звяртаць увагу на пазіцыю іншых ведамстваў, у тым ліку МУС і Вярхоўнага суду.

Кацярына Андрэева, belsat.eu

Стужка навінаў