«Я был в Беларусии»: Купалле на радзіме Лукашэнкі


У галоўнай вёсцы краіны на час свята з’явіліся вуліцы Маскоўская ды Кіеўская.

Арганізатары сёлетняга фестывалю «Александрыя збірае сяброў» чакалі да 100 тыс. гасцей. Але бліжэй да 16-й гадзіны ў такую наведвальнасць не верылася. Магчыма, прычына ў надвор’і: шмат якія раёны Магілёўшчыны і Віцебшчыны ў суботу накрылі залевы. Калі ўрэшце дождж скончыўся, людзі пацягнуліся да брамак металашукальнікаў, якімі вітала Александрыя.

На кожным кроку (літаральна праз 50-100 метраў) – супрацоўнікі ў цывільным. Ёсць і праваахоўнікі ў форме. Што праўда, народнаму святу яны не перашкаджаюць і паводзяць сябе ветліва.

У гульнявай зоне бавяцца сем’і з дзецьмі.

«А што даюць?» – пытаецца мужчына побач з «атракцыёнам з кувалдай», намякаючы на прыз. У адказ чуе: «А што выцягне з меху».

Сэнс забавы – трапіць вялізным інструментам у маленькую драўляную палачку. Калі аднаму з удзельнікаў удаецца нумар, становіцца вядомы і прыз.

На сёлетнім фестывалі зладзілі імправізаваныя вуліцы: «Менская», «Кіеўская», «Маскоўская» ды «Гандлёвая». На «Маскоўскай» сядзяць дэлегацыі з Ліпецку ды з Калугі, на «Кіеўскай» – прадаюць шкарпэткі з вышыванкай. Недзе яшчэ ёсць латкі з магнітамі, на якіх можна пабачыць дзіўны сувенір «Я был в Беларусии».

Побач з намётам аднаго з магілёўскіх прадпрыемстваў гучна спяваюць. Вакаліст у вышыванцы бойка зацягвае «А белый лебедь на пруду..», у той час як людзі таньчаць.

Чыноўнікі паспрабавалі сябе ў ролі Скарыны

Адной з цікавінак фестывалю стаў «Друкарскі двор» – павільён, у якім на макеце станка XVI стагоддзя друкарнага кожны ахвотны друкаваў старонку са скарынаўскай Бібліі. У пэўны момант станок «акупавала» урадавая дэлегацыя: міністр інфармацыі Лілія Ананіч, віцэ-прэм’еры Міхаіл Русы і Наталля Качанава, намесніца Кіраўніка справамі прэзідэнта Беларусі Надзея Каткавец.

Сама друкаваная старонка выглядае вось так:

Прыезд кіраўніка краіны, які звычайна наведвае фестываль у сваёй вёсцы, сёлета аказаўся даволі нечаканым: выступ Лукашэнкі не анансаваўся ў праграме імпрэзы. Ды і дзяржаўныя медыі паведамілі пра візіт лідара Беларусі на малую радзіму толькі ўвечары.

Аўдыёапаратура падчас выступу кіраўніка Беларусі настроена так, што словы Аляксандра Лукашэнкі не разабраць.

«Што ён там кажа? Давай паслухаем», – прапануе дзяўчына. Хлопец, што з ёй, заўважае: «Ай, што слухаць, усё роўна нічога талковага не скажа».

Пасля нядоўгай прамовы кіраўнік Беларусі спускаецца і займае месца перад сцэнай. Свята працягваецца.

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў