«Я буду жыць вечна», або Што адбываецца ў галовах дыктатараў. І іх дзяцей




Напярэдадні дня народзінаў «апошняга дыктатара Еўропы» (які ён перанёс з 30 на 31 жніўня) і ягонага малодшага сына мы пагутарылі з псіхолагам – спецыялістам па крызіснай псіхалогіі са шматлікімі навуковымі публікацыямі і даведаліся, што адбываецца ў галовах людзей, якіх мы называем дыктатарамі, якія дзеці вырастаюць у іх сем’ях, і што іх саміх прыводзіць да імкнення кіраваць вечна. Наш суразмоўца папрасіў захаваць ягоную ананімнасць.

Дыктатарамі нараджаюцца ці дыктатарамі становяцца?

Хутчэй, становяцца. Можна, вядома, казаць пра тое, што людзі нараджаюцца з некаторымі схільнасцямі да тых ці іншых паводзінаў. Існуюць, напрыклад, псіхолага-псіхіятрычныя перадумовы да развіцця істэроідных рысаў характару, дэспатычнасці ці, наадварот, гіперуразлівасці. Але перадумова – не з’яўляецца гатовай якасцю асобы. Хутчэй гэта ўзаемаадносіны з асяроддзем, у якім чалавек расце, тыя формы і мадэлі паводзінаў, якія ён засвойвае і рэалізуе фармуюць ягоныя паводзіны ў будучыні.

Няма гарантаванага пераўтварэння мілага дзіцяці ў дыктатара. У кожнага чалавека ёсць магчымасць рабіць выбар адносна сваіх паводзінаў. Магчымасць такога свядомага стаўлення да таго, як ты сябе паводзіш з’яўляецца прыкладна з падлеткавага ўзросту, і ў далейшым мы чакаем ад дарослага чалавека свядомых і адказных паводзінаў, якія ўлічваюць жаданні і патрэбы іншых людзей. На псіхафізіялагічным узроўні за свядомы выбар адказвае кара вялікіх паўшар’яў галаўнога мозгу, якая мае свой тэрмін саспявання.

Першае «самастойнае» падарожжа Колі Лукашэнкі

Аднак, значна болей важнымі для паводзінаў дзіцяці з’яўляюцца раннія падкоркавыя структуры галаўнога мозгу, якія змяшчаюць інфармацыю пра аўтаматызаваныя навыкі, засвоеныя мадэлі паводзінаў, несвядомыя звычкі і рэакцыі.

Паколькі дзіця расце ў пэўнай сістэме адносінаў, то ў яго закладваюцца пэўныя нейронавыя шляхі як аснова паводзінаў і эмацыйных рэакцый.

Калі дзіця прывыкае, напрыклад, да маніпуляцый і ціску як спосабаў дасягнення сваёй мэты, да таго, што можна крыўдзіць іншых – і табе нічога за гэта не будзе, што іншыя нават не кажуць пра тое, што ім дрэнна ці добра – то ён можа і ў свядомым дарослым узросце паводзіць сябе такім жа чынам, не разумеючы, «а што тут такога».

Ідэальнае асяроддзе, для таго, каб стаць дыктатарам, – якое яно?

Гэта асяроддзе непрадказальнае, без выразных правілаў і наступстваў за свае дзеянні, якое патурае і ўсё дазваляе ці, наадварот, якое душыць любую чалавечнасць, дзе галоўнае – выжыць і кожны сам за сябе. Гэта асяроддзе, у якім парушаныя праявы любові і патрабавальнасці, іх прапарцыйнасці, устойлівасці і сілы выяўленасці.

«Добра – гэта калі ўсё робяць, як я хачу, дрэнна – калі мне не падпарадкоўваюцца»

Якія ёсць псіхалагічныя асаблівасці ў дзяцей, з якіх могуць вырасці дыктатары?

Па-першае, гэта такое чорна-белае мысленне, яны не адчуваюць нюансаў, яны могуць не разумець дзе дарэчны, а дзе недарэчны нейкі жарт, калі нешта прычыняе іншаму боль, дзе трэба спыніцца і перастаць нешта казаць і рабіць. У свой час блізкія дарослыя непаслядоўна рэагавалі на іх словы і дзеянні, на патрэбы, просьбы і плач, то ігнаруючы, то патураючы там, дзе дзіця патрабавала таго, што яму было пад сілу зрабіць самому. То мы забараняем гуляць на планшэце, то тут жа дазваляем, варта толькі ўпасці на падлогу і гучна пакрычаць.

Таму ў такіх дзяцей не фармуецца выразная сістэма каардынатаў, што такое добра, і што такое дрэнна. Добра для іх – гэта калі я магу дамагацца свайго, і калі ўсё робяць так, як я хачу. Дрэнна, калі мне не падпарадкоўваюцца, мяне не слухаюць.

Па-другое, у эмацыйнай сферы яны першапачаткова трывожныя, а потым становяцца менш чуллівыя да свайго стану і стану іншых. Спачатку нечуллівасць – гэта спосаб абароны, каб існаваць у непрадказальных ці нават агрэсіўных умовах. Яны менш эмпатыйныя, не арыентуюцца на патрэбы іншага чалавека. І па-трэцяе, гэта сфера паводзінаў, іх мадэлі. Гэта «як што» – ахоўна-нападаючыя рэакцыі нібы вакол ворагі, схільнасць да запальчывасці і сітуацыйных рашэнняў «на эмоцыях», лідарскія схільнасці, а таксама гэта тыя мадэлі, якія дзеці бачаць у асяроддзі. Просты тэст: як у сям’і прынята рэагаваць на пабіты кубак – запытаць, ці не парэзаўся ці накрычаць?

Дыктатары і іх дзеці не адчуваюць сябе ў бяспецы

На самой справе, дзеці дыктатараў не адчуваюць сябе ў бяспецы. А таму што гэта базавая патрэба чалавека, то мы і спрабуем яе дасягнуць любым коштам. І тут, калі мы бачым абвостраную патрэбу ў бяспецы ў дзяцей дыктатараў з аднаго боку, а з другога – прыклады гвалтоўных метадаў яе дасягнення, і складаем іх адзін да аднаго, – то атрымліваем добра працуючы механізм агрэсіўных паводзінаў у дачыненні да людзей, якія ствараюць пагрозу дабрабыту.

Ці можа, напрыклад, дыктатар і пры гэтым бацька-адзіночка выхаваць нармальнае дзіця?

Наагул выхаваць дзіця ў няпоўнай сям’і досыць складана. Адзін бацька-адзіночка рызыкуе «не дадаць» цёплых асбістых адносінаў, напоўненых спагадаю і падтрымкаю. У бацькоў наогул пераважае прадметная арыентацыя, любоў «за дасягненні»: трэба паказаць хлопчыку: як паводзіць сябе ў грамадстве, чаго патрабаваць і што даваць, як працаваць. Дзіця ў выніку «заточаны» на знешнія, практычныя прыкметы поспеху, мае абмежаванае ўяўленне пра мадэлі паводзінаў. Акрамя таго, калі мы гаворым пра эмацыйна нечуллівага бацьку, то чым меншае дзіця, тым больш у яго будзе адчувальны т.зв. эмацыйны голад – імкненне быць максімальна побач са сваім дарослым ці бязладны пошук і прыхільнасць прынамсі да некага, хто можа выказаць яму сімпатыю.

Калі дзіця такога ж псіхалагічнага тыпу як і бацька, то падабенства праяўляецца ў большай ступені. У сістэме такіх паталагічных адносінаў, дзе замест блізкіх цёплых сувязяў, фармуюцца прадметныя, фармальныя схемы псіхалагічных паводзінаў, ніхто не можа гарантаваць, што дзіця не будзе выкарыстоўваць знаёмыя яму мадэлі паводзінаў.

«Мне гэта падабаецца, значыць, яно падабаецца і табе таксама»

Што да стаўлення да ўласных дзяцей. То ёсць два шляхі, першы – калі дыктатары не ідэнтыфікуюць сябе са сваімі дзецьмі. Другі шлях – выяўленай ідэнтыфікацыі, праекцыі, калі маё дзіця – гэта працяг мяне, і яму прыпісваюцца ўласныя жаданні, мары. Мне падабаецца гэта, значыць і табе таксама.

Тут узнікае праблема, дзіця стаіць перад задачай ці ўзяць у спадчыну бацькоўскія жаданні, імкненні, амбіцыі, бацькоўскую сістэму каштоўнасцяў, ці шукаць сваё. Калі ён яе атрымоўвае ў спадчыну, то мы атрымліваем у поўным сэнсе нашчадка. Такое дзіця атаясамлівае сябе са значным дарослым, а бацька – гэта заўсёды важны дарослы для дзіцяці. Спрабуе быць такім, як мама і тата любяць. Ці пачынае супраціўляцца, рабіць на злосць і папярок, што, аднак, не значыць, што расце супрацьлеглая асоба. Ён залежыць ад установак і жаданняў дарослага, каб ісці супраць іх, інакш ён не ведае, куды ісці. А калі ўзнікае неабходнасць аддзялення ад бацькоў, самавызначэння і самаідэнтыфікацыі, такое дзіця сутыкаецца з праблемай сепарацыі, можа губляць сваю волю і плыць па плыні бацькоўскіх установак. З такіх дзяцей вырастаюць бесхрыбетныя, «капрызныя» дыктатары.

«Не ведаю, што ў вас там за заторы, я ў заторах не стаю»

Дыктатары заўсёды трымаюцца за ўладу. Як можна пастлумачыць іх імкненне захаваць сваю пасаду як мага даўжэй?

Дыктатарская ўлада дае кантроль, дае ўпэўненасць. Я кантралюю, я адчуваю ўнутраную сілу, я адчуваю сябе добра і бяспечна. Я шмат чаго дасягнуў, я багаты, мяне ўсе любяць, я – альфа-самец. Гэта інструмент стварэння значнасці асобы. Гэта і тытулы (афіцыйныя і не вельмі).

Акрамя статусу, гэтыя кіраўнікі пачынаюць лезці ў сферы, у якіх яны не вельмі моцныя. Яны пісьменнікі, спартоўцы і г.д. Яны губляюць зваротную сувязь са светам. З часам, яны перастаюць адэкватна ўспрымаць рэальнасць.

Адзін з важных матываў – гэта грошы. Можна быць бедным і агрэсіўным (як, напрыклад, Сталін – заўв. Belsat.eu), а можна сфакусавацца на грошах, а не на прыніжэнні іншых людзей.

Асноўнымі матывамі ўтрымання ўлады з’яўляюцца імкненне ўзяць пад кантроль задавальненне патрэбаў: гэта тыя ж базавыя патрэбы ў бяспецы, у атрыманні жыццёвых выгодаў (ежа, жыллё), у сацыяльным прызнанні і ў самарэалізацыі. Улада дазваляе досыць хутка іх задаволіць. Можна ісці вучыцца гуляць у хакей, а можна стварыць каманду няўмехаў пад сябе.

«Я буду жыць вечна»

Што кіруе дыктатарамі ў момант перадачы ўлады?

Гэта балючы момант для іх. Матыў утрымання ўсяго так, як ёсць. Захаванне стану ўласнай стабільнасці і непахіснасці. Аўтарытарныя асобы свята вераць у тое, што ніхто, акрамя іх не ведае як трэба рабіць правільна. «Калі я ўсё гэта адпушчу, усё абваліцца». Але чалавек, калі не рухаецца наперад, то пачынае загніваць у псіхалагічным сэнсе: чарсцвее, коціцца па накатаных рэйках і перастае дапускаць да сябе новую інфармацыю.

У псіхіцы кожнага чалавека ёсць такая падступная штука, як пазітыўныя ілюзіі. Ірацыянальнае адчуванне, пазітыўная ілюзія бясконцасці нашага існавання, ёсць у дыктатараў. Таму, пры перадачы ўлады пераемніку ёсць разлік, што ўсё застанецца як ёсць. Я змагу кіраваць тым, каму перадаў уладу. Дыктатары не плануюць паміраць.

Паталагічныя схільнасці, якія не цягнуць на дыягназ

Ці можна дыктатараў назваць псіхічна хворымі людзьмі?

Часцей за ўсё, не і мы маем дачынення з варыянтам нормы. Могуць быць паталагічныя тыпажы, паталагічныя схільнасці, якія, аднак, не з’яўляюцца клінічным дыягназам хваробы. Такая рэакцыя на аўтарытарных людзей – гэта толькі нашае эмацыйнае ўспрыманне іх шаленства і неадэкватнасці учынкаў. Захворвання там няма, але часта ёсць зніжэнне крытычнасці да сябе. Яны не чуллівыя да зваротнай сувязі – яе проста не падпускаюць, не прызнаюць крытыкі ў адносінах да сябе. З часам зніжаная крытычнасць усё больш ўзмацняе неадэкватнасць паводзінаў. Існуе таксама псіхапатыя, якая яшчэ не з’яўлецца хваробай. Гэта такія памежныя станы, якія яшчэ не лечацца, але ўжо невыносныя ў грамадстве.

Улада – гэта адказнасць

Што такое ўлада? Улада – гэта адказнасць.

А вось тое, што адбываецца з дыктатарамі – гэта толькі адзін бок медаля, гэта атрыманне ўлады без прыняцця на сябе адказнасці за наступствы.

Чалавек хоча адчуваць сябе эфектыўным, імкнецца да кантролю над тым, што адбываецца, але пры гэтым пазбягае адказнасці за тое, што робіць. Таму гэта такое скажонае паняцце ўлады. Ці можна разлічваць на маральную адказнасць такіх людзей? Цяжка. На жаль, часта такая адказнасць узнікае толькі пасля адказнасці сацыяльнай.

Большасць зрынутых дыктатараў шукаюць прытулку ў такіх жа дыктатараў, а іх нашчадкі часцяком спрабуюць вярнуць сабе ўладу сваіх бацькоў.

Чытайце таксама:

Гутарыла Іна Чанчавік, belsat.eu

Стужка навінаў