«Я б сабе пажадаў, каб мой акумулятар добра працаваў да соткі». Алесю Краўцэвічу споўнілася 60 гадоў


Алесь Краўцэвіч на святкаванні свайго юбілею ў Цэнтры гарадскога жыцця. Фота-Паўліна Валіш/Белсат

Вядомы папулярызатар ВКЛ, заслужаны гісторык і археолаг, абаяльны вядоўца праграмы на Белсаце «Загадкі беларускай гісторыі» адсвяткаваў свой юбілей. Якім было жыццё прафесара, пра што марыў, чым расчароўваўся і што не адкладвае на потым, распавядае Алесь Краўцэвіч.

Каб павіншаваць прафесара, сябры і калегі Алеся Краўцэвіча сабраліся ў Цэнтры гарадскога жыцця з кветкамі, падарункамі і добрым настроем. Гарадзенцам выпала рэдкая магчымасць у нефармальнай абстаноўцы пачуць жыццёвую гісторыю з вуснаў самога юбіляра, пабачыць яго дзіцячыя і юнацкія фотаздымкі, пачуць закулісныя гісторыі пра яго кнігі.

Алесь Краўцэвіч на святкаванні свайго юбілею ў Цэнтры гарадскога жыцця. Фота-Паўліна Валіш/Белсат

«Бацька навучыў мяне працаваць, нават калі не хочацца»

Так атрымалася, што я займаюся сярэднявеччам. А сярэднявечча – гэта цывілізацыя вясковая. Можа, таму я яе так добра разумею, бо сам нарадзіўся ў традыцыйнай вёсцы, дзе людзі яшчэ памяталі сваю зямлю, яшчэ не адвучыліся працаваць, яшчэ так не пілі. Вёска Лупачы Мастоўскага раёну, адкуль я родам, лічыла 40 дамоў. Усе адзін аднаго ведалі. Бацькі трымалі гаспадарку і гэты традыцыйны лад жыцця ў нас трымаўся. Да прыкладу, ці не самы вялікі грэх – красці ў людзей. Бывае, як пасля Калядаў гніюць калгасныя стагі, бацька браў мяне ўночы па салому, бо карове ў хляве не было чаго падаслаць. На палях усё гніло, а людзям не давалі. Таму ў калгаса красці грахом не лічылася.

Я нарадзіўся ў сям’я настаўніцы і селяніна. Я ведаю, што такое сялянская праца, як працуе цалкам натуральная гаспадарка. Бацька рабіў усё сам: ад колаў да лесвіц. Ведаць усё гэта, аказалася для мяне вельмі важным як для гісторыка. Я не саромеўся таго, што я з вёскі. Я шчыра спачуваў гарадскім, якія выраслі на асфальце і сярод бетону. Калі ў нас была рэчка, каля якой можна было соднямі сядзець, а сто метраў ад хаты лес. Дзяцінства было шчаслівае. Але самае галоўнае за што, я ўдзячны свайму бацьку, – гэта тое, што ён навучыў мяне працаваць, нават калі не хочацца. Хлопцы гуляюць у футбол, а ты ідзі сена грэбсці. Аднак дзякуючы гэтаму, я дагэтуль не губляю часу дарма. Гэта такая важная звычка – працаваць усё жыццё.

«Аказалася, што савецкая армія і флот – не вельмі рамантычная арганізацыя»

Я марыў стаць марскім афіцэрам. Начытаўся кніжак Аляксандра Міронава. Азбуку Морзэ спрабаваў вучыць, сілуэты караблёў маляваў, рабіў мадэлі. Рамантыка. І каб загартавацца, у 1974 годзе пасля школы пайшоў у тэхнікум фізкультуры ў Горадні. Пад канец вучобы я зразумеў, што савецкая армія і флот – не вельмі рамантычная арганізацыя. Хлопцы вярталіся пасля арміі і распавядалі што ды як. Я ўзагадў, што ў школе мне падабалася гісторыя і, паколькі я быў выдатнікам, паступіў на гістарычны факультэт у Менску. Каб падзарабіць я ездзіў будаваць Байкала-амурскую магістраль у 1980-м годзе. На здымку ў мяне абарваныя рукавы. Нельга было хадзіць без вопраткі, таму мы абразалі кашулі, каб хоць крышку загарэць. Гэта была неверагодна моцная школа. Мы за два месяцы зараблялі па 1000 рублёў, калі заробак быў 120 рублёў на старыя грошы. Аднак гэта была вельмі цяжкая фізічная праца. Ад лома такія мазалі былі, што цяжка было лыжку трымаць. Памятаю, як адзін хлопец ляжаў у нашым намёце і казаў: »Сматывацца нада, а то все мы здзесь падохнем». І зматаўся. Гэты быў першы сапраўдны дэзертыр, якога я сустрэў. Мне было 20 гадоў.

1980 г. Будова БАМу. Фота з архіву Алеся Краўцэвіча/Белсат

У пошуках скарбаў

Да археалогіі мяне прыцягнуў Алег Трусаў. На пачатку 80-х гадоў месяцамі мы сядзелі на раскопках у Міры, цалкам адарваныя ад шэрай брэжнеўскай рэальнасці. Гаварылі толькі па-беларуску. Калі месяц так жывеш, і хтосьці прыязджае і пачынае па-руску казаць, смешна становіцца. Гэта былі самыя сур’ёзныя і плённыя раскопкі ў маім жыцці. Удалося адшукаць два манетныя скарбы XVII ст., дом рамесніка, горан для апалу керамікі, падмуркі кафлянай печкі нават з дзверкай. У выніку паўстала адна з першых маіх кніг «Стары мір».

 

 

На раскопках Мірскага замку. Фота з архіву Алеся Краўцэвіча/Белсат
Прафесар паказвае сваю першую кнігу, выдадзеную ў 1990-м г. Фота -Паўліна Валіш/Белсат

«Мы жылі як на крылах»

У адраджэнскім руху я пачаў удзельнічаць яшчэ ў 80-х гг. Ужо на пачатку 90-х была неверагодная эйфарыя, калі Беларусь атрымала незалежнасць. Мы жылі як на крылах. Перад гэтым быў складаны час. Мяне звольнілі з працы за тое, што адмовіўся пісаць данос на Алега Трусава. Я вярнуўся ў Горадню ў 93-м і ўсё паціху наладзілася. Увесь час былі беларускія імпрэзы. У кавярні «Батлейка» Міколы Таранды збіраліся ўвесь час, прыходзіў тагачасны віцэ-мэр Аляксандр Мілінкевіч, Сямён Домаш. Адкрывалі Музей Багдановіча. Да раніцы кампаніяй сядзелі ў Доме рамёстваў. Гэта была проста суцэльная эйфарыя і спадзяванне на светлыя шырокія далі для сябе і для краіны. У студзені 1994 году я пачаў працаваць на пасадзе першага прарэктара Гарадзенскага ўніверсітэту. Гэта быў вельмі важны этап. Мы займаліся тым, што пераводзілі выкладанне на беларускую мову. Лукашэнка яшчэ толькі быў абраны прэзідэнтам, таму дзяржава спрыяла. Міністр дасылаў загады, і за пяць месяцаў мы перавялі 60 адсоткаў выкладання ва ўніверсітэце на беларускую мову. А потым прыйшоў «лыса-вусаты». Пачаліся няспынныя дурныя праверкі. Прымушалі вешаць партрэты Лукашэнкі ў кабінетах, хоць у маім ніводнага дня яго партрэт не вісеў. Да мяне мелі прэтэнзіі, што занадта малады і нацыяналіст. Утварылася такая атмасфера, што прыйшлося сысці. Потым выкладаў ва ўніверсітэтах у Любліне, Жэшаве, Беластоку, Варшаве і так 18 гадоў.

Алесь Краўцэвіч на святкаванні свайго юбілею ў Цэнтры гарадскога жыцця. Фота-Паўліна Валіш/Белсат

«Рэдактар адмаўляўся дапусціць да публікацыі першую кнігу»

Самае галоўнае ў маім жыцці і дзейнасці – гэта ўсё ж такі пісанне кніжак. Толькі так я адчуваю, што не займаюся лухтой, таму што нешта застаецца. Хто памятае, што 20 гадоў таму Краўцэвіч быў першым прарэктарам універсітэту? Ніхто не памятае, а кніжкі набываюць. Мая першая кніга выйшла ў 1990-м годзе. «Майстар-наш продак». Рэдактар Леў Мацкевіч хацеў не дапусціць яе да публікацыі за тое, што я напісаў адзін сказ, які яго абурыў. У сярэдзіне XVII ст. Беларусь перажыла нацыянальную катастрофу. Гэта была вайна з Масквой, пасля якой насельніцтва краіны паменшылася амаль у два разы. Кніга была ў плане, таму яе нельга было не пусціць у друк, аднак Мацкевіч зрабіў усё, каб яна выйшла ў самым горшым афармленні, на самай таннай паперы і з непрывабнай вокладкай. Але тыраж усё роўна быў 10 тысяч экзэмпляраў. Кніга вельмі хутка разышлася. Яна самая сціплая з маіх кніг, але самая дарагая. Але найбольшае маё дасягненне – гэта апошняя кніга Гісторыя Вялікага Княства Літоўскага. Я ганаруся, што давёў яе да канца.

Кнігі доктара навук Алеся Краўцэвіча. Фота-Паўліна Валіш/Белсат

Прыгода з тэлебачаннем

Я пачаў супрацоўнічаць з тэлебачаннем яшчэ ў 90-х гадах. На гарадзенскім тэлебачанні былі дзве вялікія праграмы пра Мір і Наваградак. Гэта быў вельмі добры вопыт, бо мне прыходзілася гаварыць цягам 20 хвілін тэксту і я не меў магчымасці ані разу збіцца. Таму што ўсё прыходзілася запісваць нанова. Потым мяне запрасілі на «Белсат» у якасці эксперта на праграму «Гісторыя пад знакам Пагоні». Потым узнікла ідэя сваёй праграмы, яе падтрымалі і ўжо чацвёрты год мы робім «Загадкі беларускай гісторыі». Гэта неверагодна цікавы і важны праект. Мы ездзім па ўсёй краіне, няма ніякай цэнзуры. І канешне, вельмі прыемна, што паўсюды мяне пазнаюць людзі. Не было ніводнага гораду ці мястэчка, каб нехта не падышоў і не падзякаваў. Значыць, ёсць эфект працы.

Алесь Краўцэвіч на святкаванні свайго юбілею ў Цэнтры гарадскога жыцця. Фота-Паўліна Валіш/Белсат

Чаго я зычу сабе?

Ведаеце, новы акумулятар нашмат хутчэй зараджаецца і выдае больш энергіі. Калі акумулятар старэе, то ўжо цяжэй ладуецца і хутчэй разладоўваецца. Я хацеў бы, каб мой акумулятар у маёй асобе заставаўся новым як мага даўжэй. Бо творчая праца – гэта вельмі моцная аддача энергіі. Гэта праблема кожнага, хто нешта стварае, піша. Спадзяюся, што ў мяне хопіць энергіі напісаць кароткую гісторыю Беларусі, працягваць жыццяпісы вялікіх князёў літоўскіх і далей рабіць «Загадкі беларускай гісторыі» і так да соткі!

Ад імя тэлеканалу «Белсат» зычым спадару Алесю спаўнення ягонага жадання, доўгіх гадоў жыцця і творчых поспехаў!

ПВ, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары