Where is Mr. Putin: пошукі расейскага прэзідэнта


Ужо амаль тыдзень Уладзімір Пуцін не з’яўляецца на шырокай публіцы. Апошні раз чыноўніка № 1 бачылі 5 сакавіка на перамовах з прэм’ер-міністрам Італіі, паведамляе РБК.

Пасля гэтага ў расейскага прэзідэнта была толькі адна публічная сустрэча 8 сакавіка, дзе ён нібыта сустракаўся з матулямі выбітных дзяцей. Пазней высветлілася, што гэта мерапрыемства было запісана загадзя асабістым аператарам Пуціна яшчэ 5 сакавіка.

Пасля ў кіраўніка Крамля былі толькі не публічныя сустрэчы з чыноўнікамі. Апошняй кропляй стаў перанос спаткання Пуціна, Лукашэнкі, Назарбаева ў Астану 12-13 сакавіка. Паводле Reuters, глава Расеі захварэў.

Пуцін жывей усіх жывых

Чуткі пра хваробу і раптоўную смерць палітыка развянчаў прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў. У каментары ТАСС ён заявіў, што ягоны шэф пачуваецца «вельмі добра», а ў людзей пачаліся «вясеннія абвастрэнні».

Іншую інфармацыю падае «Русский монитор». Паводле ліста аднаго з чытачоў часопісу, які працуе ў Цэнтральным Клінічным Шпіталі Кіравання Справамі Прэзідэнта, у Пуціна быў дыягнаставаны ішэмічны інсульт. Аднак рэдакцыя газеты гэтую інфармацыю не пацвярджае і не аправяргае.

Пуцін – асілак

Грамадству мала вядома пра рэальны стан здароўя Уладзіміра Пуціна. Для расейскай дзяржаўнай прапаганды тэма ягонай фізічнай сілы мае вялікае значэнне. Прэзідэнт мае імідж волата, спартыўнага чалавека. На пачатку сваёй кар‘еры ён выгадна кантраставаў са старым і стомленым Барысам Ельцыным.

«Не дачакаецеся»

Чуткі пра праблемы са здароўем Пуціна пачалі хадзіць увосень 2012 года. Тады Reuters са спасылкай на свае крыніцы паведаміла, што ў прэзідэнта баліць пазваночнік і яму пагражае аперацыя, а Пяскоў тады сказаў, што «яму сапраўды больна хадзіць». Напрыканцы года Пуцін сам пракаментаваў гэтую інфармацыю. Ён адзначыў, што падобныя спекуляцыі выгадныя ягоным «палітычным апанентам» і дадаў сваё традыцыйнае «не дачакаецеся».

Адмена падрыхтаваных візітаў першых асоб здараецца даволі рэдка, таму блогасфера працягвае поўніцца версіямі, што насамрэч адбываецца з Пуціным. Паводле інтэрнаўтаў, ён плануе ўварванне, загінуў, а можа захварэў на грып.

ДР, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары