«Washington Post»: выведка ЗША заўважыла распрацоўку новых ракетаў у КНДР


КНДР можа працягваць распрацоўку міжкантынентальных балістычных ракетаў, нягледзячы на дамоўленасць аб дэнуклеарызацыі, паведамляе амерыканскае выданне «Washington Post».

Паводле крыніцаў з выведных колаў, Пхеньян працуе над 1-2 ракетамі.

«Washington Post» публікуе спадарожнікавыя здымкі завода, дзе, як мяркуецца, робяць балістычныя ракеты.

Спадарожнікавы здымак заводу (на поўдзень ад Пхеньяна), дзе КНДР можа распрацоўваць балістычныя ракеты. Здымак зроблены 7 ліпеня прыватным сатэлітам. Фота – Planet Labs Inc./James Martin Center for Nonproliferation Studies at the Middlebury Institute of International Studies

У чэрвені прэзідэнт ЗША Доналд Трамп і паўночнакарэйскі лідар Кім Чэн Ын дамовіліся аб спыненні ядравай праграмы ў КНДР.

На мінулым тыдні Трамп заявіў, што КНДР ужо 9 месяцаў не праводзіць ядравыя выпрабаванні. На мінулым тыдні таксама стала вядома, што Паўночная Карэя распачала дэмантаж палігона Сахэ на паўночным-захадзе краіны, на якім, паводле Вашынгтона, адбываліся запускі балістычных ракетаў.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў