У Горадні забаранілі спадарожнікавыя талеркі


Антэны знікнуць больш чым з 70 вуліцаў. Гэта ўдар па гледачах «Белсату», лічыць дырэктар каналу.

Гарадзенскі гарвыканкам вызначыў спіс вуліцаў, фасады дамоў на якіх забаронена «ўпрыгожваць» антэнамі і кандыцыянерамі.

«Ужо ўсталяваныя талеркі, антэны і іншыя канструкцыі, якія парушаюць адзіную сістэму архітэктурнага рашэння будынку, трэба будзе прыбраць», – заявіў начальнік упраўлення архітэктуры і горадабудаўніцтва Генадзь Таламанаў у размове з «Гродзенскай праўдай».

У большасці выпадкаў антэны-талеркі і скрыні кандыцыянераў, якія парушаюць вонкавы выгляд будынкаў, жыхары размяшчаюць без усялякіх дазволаў.

Згодна з законам, чалавек, які хоча ўсталяваць на фасад будынку антэну або іншую канструкцыю, павінен звярнуцца ў службу «Адно акно» адміністрацыі раёну, напісаць заяву і толькі пасля яго разгляду прымаць рашэнне аб магчымай «дэкарацыі».

Згодна з пастановай Савету міністраў Рэспублікі Беларусь ад 16 мая 2013 г. № 384 падставай для адмовы ўва ўсталяванні антэнаў і іншых прыладаў на фасад можа быць не толькі сітуацыя, калі дом уваходзіць у спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі, але і калі «выходзіць на галоўныя вуліцы і плошчы».

Апошняе рашэнне гарадзенскі гарвыканкам удакладняе спіс такіх вуліц і плошчаў. У яго ўвайшлі 77 вуліц цэнтральнай часткі гораду, 5 праспектаў, 2 завулкі, бульвар Ленінскага Камсамола, Індурская шаша, тры цэнтральныя плошчы – Леніна, Савецкая, Тызенгаўза – і плошча Дзекабрыстаў.

Рашэнне ўступіла ў сілу 10 жніўня.

«Гэта пытанне не аднаго дня і названыя ў адпаведным рашэнні фасады будуць прыведзены ў належны выгляд паступова», – кажа Таламанаў.

На думку дырэктара «Белсату» Агнешкі Рамашэўскай-Гузы, гэты загад можа быць своеасаблівым ударам па тэлеканале, які беларусы глядзяць менавіта праз спадарожнікавыя антэны.

«Цікава, што гаворка вядзецца не толькі пра старажытныя часткі гораду, дзе эстэтычны аспект можа апраўдваць гэтае рашэнне, але таксама і пра новыя мікрараёны», – кажа Рамашэўская-Гузы.

На думку кіраўнічкі каналу, масавы дэмантаж спадарожнікавых антэнаў – парушэнне права чалавека да інфармацыі і выбару медыяў.

«Дзіўна, што беларускія ўлады, нягледзячы на адлігу ў дачыненнях з Польшчаю, выконваюць падобныя жэсты. Гэтак, нядаўна яны няўдала спрабавалі дэпартаваць з Беларусі трох ксяндзоў», – нагадвае дырэктар каналу.

У 2008-м з гарадзенскіх кабельных сетак знік польскі канал TVP 1, а пазней – Polsat. Не дайшло таксама і да стварэння беларуска-украінскага каналу, пра які ў свой час казаў Аляксандр Лукашэнка. Мноства расейскіх ж каналаў транслюецца ў Беларусі без перашкодаў.

ДД, belsat.eu; фота: grodnonews.by

Стужка навінаў