Выжываем у крызіс: агароды ў дварах шматпавярховікаў стануць трэндам?

video

 

«Заўсёды ёсць выйсце», «Антыкрызісная бульба» – гэтак пішуць у сацыяльных сетках людзі пра гародчык у палісадніку дому на вуліцы Нікіфарава, што ў сталічным мікрараёне Уручча. Бульбу, гарбузы, кабачкі, цыбулю, кроп ды іншую гародніну пасадзілі жыхары дому. Ужо нават сабралі першы ўраджай.

Год таму ў палісадніку маласямейкі з’явілася града з бульбай. Яе даглядалі зяць і ўнук адной жыхаркі. На наступны год за прыкладам рушылі яшчэ некалькі суседзяў. У выніку з’явіліся грады з кабачкамі ды іншай гароднінай.

«А якая тут экалогія? Тут усё добра – зямлю ўзаралі, падрыхлілі, падкармілі, чарназёму падвезлі… Так што мы радуемся. Мне цікава як яно расце. Усё натуральнае, без хімікатаў. Уручча – самы чысты раён», – даводзіць спадарыня Ніна, жыхарка дому.

У Амерыцы тое ж самае!

Маленькі гародчык хутчэй хобі, а не спосаб уратавацца ад крызісу. Хоць людзі не без гонару кажуць пра нядаўна сабраныя першыя кабачкі. Суседзі збольшага ўхваляюць захапленне агароднікаў.

«Амерыку паказвалі, дык у іх жа нават на дахах гароды. Не тое што ў палісадніку. У іх на дахах расце і радыска і цыбулька. Можа й няблага гэта», – мяркуе мясцовая жыхарка Алена.

«Экалогія якая… Машына на машыне. Нельга гэта есці», – пераконвае жыхар дому. «Ды не! Чаму небяспечна? Да дарогі далекавата. Асаблівай загазаванасці тут няма. Усё нармальна», – упэўнены Сяргей Пракапека, сусед.

«Я лічу, што нічога кепскага ў гэтым няма. Тое, што пасадзіў сваймі рукамі, можна есці. Як вам сказаць… Думаю, што тое, што пасаджана за межамі гораду, не ўсё можна сёння есці. Лічу, што ўсё гэта нармальна, тым больш у нашай Беларусі, якая Чарнобыль перажыла».

Ніколі раней сталічных палісаднікаў ні бульба, ні гарбузы не ўпрыгожвалі. Што гэта – своеасаблівае баўленне часу ці трывожныя званочкі пачатку глабальнага збяднення народу?

Любоў Лунёва, Белсат

Глядзі таксама
Каментары