Выжыць у Мазыры: без каналізацыі, сцёкаў і дарог


[vc_row][vc_column][vc_column_text]Жыхары вуліцы Бумажкова, Заслонава, а таксама завулку Азёрны і Прыпяцкі пакутуюць ад адсутнасці асфальту, каналізацыі і сцёку дажджавой вады.

Сярод мясцовых жыхароў у асноўным пенсіянеры. Праз пабітыя дарогі да іх дамоў не можа пад’ехаць ні хуткая дапамога, ні машына з дровамі або брыкетам.

«Дзеці не могуць машынай прыехаць. Такія канавы разрытыя», – кажа Таццяна Маісеенка, якая тут жыве.

«Не дарога, а калдобіны – вось і ўсё. Нам, пенсіянерам, хадзіць цяжка», – кажа «Белсату» іншая мясцовая жыхарка.

Адсутнасць дарог – не адзіная праблема тутэйшых жыхароў. Людзі таксама дамагаюцца правядзення каналізацыі ды сцёку ліўневых вод. Але мясцовыя ўлады, імітуючы працу, толькі высылаюць рабочых, якія засыпаюць дарогу шчэбенем і жвірам, што, паводле мясцовых жыхароў, толькі шкодзіць, бо ў сувязі з гарыстым рэльефам усё змываецца дажджамі на жылыя надзелы.

«Пачалі шчэбень гэты вазіць. Паднялі дарогу. І ўвесь гэты шчэбень і ўвесь адсеў патрапілі ў агарод. Самазваламі вывозілі яго ўсёй сямʼёй і людзі дапамагалі. Нават падвалы засыпала гэтым друзам», – кажа Таццяна Маісеенка.

Каб неяк выратаваць свае дамы і агароды, людзям давялося абгарадзіць двары бетоннымі збудаваннямі. Мясцовыя жыхары неаднаразова пісалі калектыўны зварот у Мазырскі райвыканкам ды звярталіся да чыноўнікаў індывідуальна з просьбаю заасфальтаваць дарогу і правесці каналізацыю, аднак усё ўпустую.

«Ужо не першы год усе аўтамабілісты здаюць падатак на дарогу. Дзе гэтыя грошы?, – пытаецца мясцовы жыхар Павел Пінчук. – Куды яны сыходзяць? Прэзідэнт наш абяцаў, што ўсе гэтыя грошы пойдуць на дарогі. Але ж не на другую кальцавую Менску, а пакладзіце вось такія прыватныя сектары.

Мы таксама вырашылі даведацца ў мясцовых чыноўнікаў, ці збіраюцца яны дапамагчы жыхарам. Тэлефанавалі ў Мазырскі райвыканкам, аднак слухаўкі так ніхто і не зняў.

Жыхарам, якія намагаюцца звязацца з чыноўнікамі, улады адказваюць адпіскамі.

«Нам адрапартавалі, што па паперах на ўсіх нашых завулках ляжыць асфальт: грошы затрачаныя, асфальт зроблены, ляжаць паўсюль дарогі. Як бачыце, ніякіх дарог няма», – кажа Пінчук.

Каб развязаць праблему адсутнасці дарог і каналізацыі, мазырскія чыноўнікі прапанавалі мясцовым жыхарам зрабіць гэта часткова за свой кошт. Аднак паводле закону на добраўпарадкаванне жытла насельніцтва грошы вылучаюцца кожны год.

«Калі б нешта рабілася б, магчыма, людзі ўклаліся б, каб каля свайго паселішча хоць – нешта, але зрабіць. Але ж трэба, каб гэтым нехта займаўся», – лічыць праваабаронца Уладзімір Целяпун.

Мясцовыя жыхары ўпэўненыя, што праблема ў тым, што жывуць яны на ўскрайку гораду. «Будзь такая праблема ў цэнтры, дзе чыноўнікі ездзяць на машынах штодзень, дарогі даўно ўжо б пабудавалі», – кажуць яны.

Кацярына Ерусалімская

Стужка навінаў