Вытворцы піва церпяць велізарныя страты


З гэтага квасу піва ня будзе. Гэткай прымаўкай можна апісаць актуальны стан дзяржаўных бровараў. У верасні яны працавалі толькі на палову магутнасцяў, а «Крыніца» – адзін з найбуйнейшых вытворцаў піва ў Беларусі – за першае паўгоддзе панесла страты на 6 мільёнаў долараў.

Стратнай была дзейнасць і «Брэсцкага піва», магутнасці якога былі загружаныя на чвэрць. «Крыніцы» – на палову.

Разам з тым прыбытак прыносілі прыватныя прадпрыемствы, якія належаць буйным замежным канцэрнам, «Аліварыя» і «Лідскае піва».

Дырэктар апошняга заявіў, што прадпрыемства выпускае толькі тую прадукцыю, якая прыносіць прыбытак.

Паўгода таму праблему працы айчыннага бровару разглядалі на нарадзе з удзелам Аляксандра Лукашэнкі. Тады кіраўнік Беларусі адмовіўся прадастаўляць крэдыты дзяржаўным піваварным прадпрыемствам. Але без інвестараў і пазыкаў мала надзеі на паляпшэнне іхнага фінансавага стану.

На меркаванне экспертаў, у перспектыве выратаваць сітуацыю магло б стварэнне імпартазамяшчальных вытворчасцяў. Напрыклад, запуск расейскіх і ўкраінскіх піўных брэндаў. Такая практыка ўжо прынесла поспехі ў тытунёвай галіне.

Вольга Жарнасек, «Белсат»

Стужка навінаў