На атамнай электрастанцыі ў Астраўцы былі праведзеныя стрэс-тэсты па ядзернай бяспецы.
Дэпартамент па ядзернай і радыяцыйнай бяспецы МНС Беларусі (Дзяржатамнагляд) сёння публікуе нацыянальную справаздачу па выніках стрэс-тэстаў па ядзернай бяспецы для атамнай электрастанцыі ў Астраўцы.
Паводле заявы дэпартаменту, АЭС, якая будуецца на базе расейскага дызайну апошняга пакалення «3+», цалкам адпавядае міжнародным стандартам бяспекі.
Сярод фактараў знешняга ўдзеяння ў розных ступенях верагоднасці разглядаліся землятрус, патоп, анамальнае павышэнне тэмпературы і іншыя прыродныя катаклізмы.
«Мы знаходзімся ў статусе краіны-пачаткоўца ў рэалізацыі ядзерна-энергетычнай праграмы, для нас правядзенне працэдуры стрэс-тэстаў з’яўляецца не толькі надзейным інструментам праверкі і пацверджання бяспекі АЭС, але і кропкай росту ў дачыненні да развіцця тэхнічных кампетэнцый як рэгулючага органа, так і арганізацый тэхнічнай падтрымкі, якія прымалі ўдзел у падрыхтоўцы нацыянальнай справаздачы», – сказала начальнік Дзяржатамнагляду Вольга Лугоўская.
Цяпер справаздача будзе перададзена Еўрапейскай групе па наглядзе ў сферы ядзернай бяспекі (ENSREG) і Еўракамісіі для міжнароднай экспертнай ацэнкі.
19 кастрычніка віцэ-прэм’ер Беларусі Уладзімір Сямашка заявіў:верагоднасць аварыі на Беларускай атамнай станцыі практычна выключана.
У чэрвені гэтага году парламент Літвы пастанавіў, што БелАЭС зʼяўляецца небяспечнай, «уяўляе пагрозу нацыянальнай бяспецы Літоўскай Рэспублікі, яе навакольнаму асяроддзю і грамадскаму здароўю». Рашэнне падтрымалі 104 літоўскія дэпутаты.
Кіраўнік парламенцкага камітэту нацыянальнай бяспекі і абароны Вітаўтас Бакас адзначыў, што Беларусь парушае тры міжнародныя канвенцыі, і праект БелАЭС зʼяўляецца непразрыстым.
Выказала заклапочанасць і Польшча: кіраўнік МЗС Польшчы Вітольд Вашчыкоўскі заявіў, што Варшава не мае намеру закупляць энергію з Астравецкай АЭС. Паводле палітыка, польскія ўлады не памяняюць свой пункт гледжання аб небяспечнасці праекту, нават нягледзячы на ацэнкі МАГАТЭ.
Вядома, што пры будаўніцтве АЭС неаднойчы здараліся інцыдэнты, а інфармацыя пра іх заўжды даходзіла да грамадскасці са значным спазненнем.
Гэтак улетку 2016 года будаўнікі пашкодзілі корпус рэактара, а ў снежні ўжо новы корпус зачапіў пры транспартаванні чыгуначны слуп. Бада і інфармацыя пра тое, што на абʼекце загінулі два зваршчыкі.
КА, belsat.eu