Выступ Паўла Стэфановіча не пакажуць па тэлебачанні


Прамова кандыдата ад АГП рассмяшыла Цэнтрвыбаркам.

Цэнтрвыбаркам наклаў вета на паказ агітацыйнага роліка Паўла Стэфановіча праз «парушэнне заканадаўства ў сферы звароту наркатычных сродкаў».

«Тэлевізійнікі з трэцяга канала (Беларусь-3) прывезлі нам на экспертызу выступ аднаго з кандыдатаў, але вы не зможаце яго ўбачыць. Кандыдат у дэпутаты на працягу ўсяго выступу заклікаў да легалізацыі марыхуаны», – распавяла Лідзія Ярмошына ў размове са «Спутнікам».

Старшыня ЦВК прызналася, што падчас прагляду выступу кандыдата ад АГП яны «дружна смяяліся ўсім апаратам».

Паводле Ярмошынай, напрыканцы свайго звароту Стэфановіч згадаў эканамічную праграму партыі «Мільён працоўных месцаў».

«Адразу зразумела, дзе АГП плануе ствараць гэтыя працоўныя месцы», – са смехам сказала Ярмошына.

Паводле кіраўнічкі Цэнтрвыбаркаму, выступы кандыдатаў не павінныя супярэчыць не толькі выбарчаму кодэксу, але і іншым беларускім законам.

ДД, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары