Выступ гурта «Dzieciuki» ў Менску забараніў сын гісторыка, які вывучаў нацыянальны рух


Павел Скалабан. Фота bsmc.by

Адказнасць за забарону гарадзенскага гурта, які спявае на гістарычныя тэмы, узяў на сябе Павел Скалабан – сын знакамітага гісторыка, які вывучаў беларускі нацыянальны рух.

Павел Скалабан кіруе галоўным упраўленнем ідэалагічнай работы Менгарвыканкаму, якое кантралюе ў тым ліку гастрольна-канцэртную дзейнасць у сталіцы ды выдае гастрольныя пасведчанні (за канцэрт без наяўнасці такога дакументу пагражае немалы штраф). Фактычна адмова ў выдачы гэтага пасведчання сведчыць пра тое, што выканаўца трапляе ў «чорны спіс» і выступаць легальна не можа. Так і здарылася з гуртом «Dzieciuki», у тэкстах якога ідэолаг пабачыў экстрэмізм, падае Tuzin.fm.

Павел Скалабан паходзіць з вельмі інтэлігентнай сям’і. Ён нарадзіўся ў 1975 годзе. Ягоны дзед Уладзімер Скалабан быў вядомым краязнаўцам, а бацька Віталь Скалабан – гісторык, архівіст, пісьменнік. Менавіта дзякуючы спадару Віталю стаў вядомы аўтар паэмы «Тарас на Парнасе», шмат у чым дзякуючы яму выйшла шасцітомнае выданне «Энцыклапедыі гісторыі Беларусі».

Сярод галоўных навуковых зацікаўленняў спадар Віталь называў беларускі нацыянальны рух. Забаронены гурт «Dzieciuki» ў сваю чаргу мае шмат песняў, прысвечаных дзеячам беларускай гісторыі. «Белсат» зняў кліп на песню гурта, прысвечаную войскам генерала Булак-Булаховіча.

Ягоны сын Павел паступіў на біялагічны факультэт БДУ (скончыў у 1997 годзе). Але ў навуку не пайшоў, вырашыў рабіць кар’еру дзяржаўнага службоўцы. Пачаў яе ў тым жа БДУ: ён працаваў ва ўпраўленні выхаваўчай работы ў шчыльнай супрацы з БРСМ, а потым узначаліў гэтае ўпраўленне.

Праз больш чым 15 год адданай працы Павел Скалабан атрымаў доўгачаканае падвышэнне па службе – пасаду кіраўніка менскіх ідэолагаў. У сваіх публічных выступах Павел Скалабан называе сябе педагогам і патрыётам, які вядзе барацьбу з разбэшчанасцю і амаральнасцю. На адной з нарадаў, дзе разбіралася дзейнасць сталічных клубаў, чыноўнік заявіў: «Мы бачым вялікую колькасць прапаноў зладзіць у Менску відовішчныя мерапрыемствы з удзелам гуртоў, тэксты якіх не вытрымліваюць ніякай крытыкі з боку маралі. Такі нізкапробны прадукт нам не патрэбны».

Вядома, што Павел Скалабан цікавіцца тэмаю Другой сусветнай вайны. Сваім любімым музеем ён называе Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, а ўлюбёнымі кніжкамі – «пра той час, пра партызан». «Быць начальнікам галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Менгарвыканкаму і не быць педагогам – гэта памылка», – заявіў ён у адным з сваіх нешматлікіх інтэрвʼю.

Карыстаецца Павел Вітальевіч на працы расейскай моваю, хоць пры звароце да яго па-беларуску ў стане на ёй адказаць. А яшчэ калекцыянуе прадметы беларускага вясковага побыту.

Цяпер да біяграфіі чыноўніка можна яшчэ дадаць, што ведамства, якое ён ачольвае, забараняе канцэрты найлепшых беларускіх музыкаў.

МЯ, паводле tuzin.fm

Глядзі таксама
Каментары