Выставу пра Курапаты за 2 дні наведала каля тысячы асобаў


[vc_row][vc_column][vc_raw_html]JTNDaWZyYW1lJTIwd2lkdGglM0QlMjI1NjAlMjIlMjBoZWlnaHQlM0QlMjIzMTUlMjIlMjBzcmMlM0QlMjJodHRwcyUzQSUyRiUyRnd3dy55b3V0dWJlLmNvbSUyRmVtYmVkJTJGbXNuZEdwSlZIemMlMjIlMjBmcmFtZWJvcmRlciUzRCUyMjAlMjIlMjBhbGxvd2Z1bGxzY3JlZW4lM0UlM0MlMkZpZnJhbWUlM0U=[/vc_raw_html][vc_column_text]Праўда пра «Дарогу смерці». Выставу «Праўда пра Курапаты», што праходзіць цяпер у менскім Палацы мастацтваў, толькі за 2 дні наведала каля тысячы асобаў.

Экспазіцыя распавядае пра мемарыяльны комплекс ва ўрочышчы, пра першаадкрывальнікаў Нацыянальнага некропалю і яго абаронцаў, пра ахвяраў сталінізму.

ВІНЦУК ВЯЧОРКА, ГРАМАДСКІ ДЫ ПАЛІТЫЧНЫ ДЗЕЯЧ:
«Тое, што гэтая выстава ўсё ж такі адбылася, сведчыць, што на пэўны час улады не зацікаўленыя ў новых кандалах вакол тэматыкі Курапатаў, бо курапацкая тэматыка мае міжнароднае вымярэнне».

Праўду пра Курапаты грамадскасці раскрылі ў 1988 годзе Зянон Пазняк і Яўген Шмыгалёў. Яны апублікавалі звесткі пра расстрэл ва ўрочышчы напрыканцы 30-ых – пачатку 40-ых гадоў ХХ стагоддзя тысячаў жыхароў Беларусі. Выставу памяці ахвяраў НКВД зладзілі грамадзянская ініцыятыва «Эксперты ў абарону Курапатаў», мастацкая суполка «Пагоня» і шэраг іншых ініцыятываў.

«Трэба, каб мы ведалі, хто страляў, прозвішчы гэтых людзей, каб людзі ведалі, па чыім загадзе, за што гэтых людзей забілі», – падкрэслівалі наведнікі.

Выстава мела зачыніцца ўжо сёння, але арганізатары плануюць працягнуць яе яшчэ на пару дзён, бо экспазіцыя выклікала вялікую цікавасць у менчукоў.

АЛЯКСЕЙ МАРАЧКІН, МАСТАК:
«Мы маем шмат матэрыялу – і гісторыкі, і навукоўцы, і будзем падштурхоўваць і ўлады, каб гэтае месца было не забытае».

У планах арганізатараў – конкурс на стварэнне мемарыялу ў Курапатах, а таксама гэтак званая «інфармацыйная талака»: калі нехта ведае штосьці пра сваіх рэпрэсаваных продкаў або пра мясціны рэпрэсіяў, то зможа дадаць гэта на інтэграванай інтэрнэт-платформе.

Настасся Храловіч, «Белсат»

Стужка навінаў