Выстава «Прызнанні»: таямніцы менчукоў у якасці экспанатаў

photo

Гэта мой сорам і адказнасць. Таямніца, якую можна лічыць першаю адкрытаю ў межах інтэрактыўнай выставы «Прызнанні», якая ўжо спяшаецца ў Менск. Але свае таямніцы вы будзеце адкрываць ананімна!

Не здарма кожнай рэлігіі свету існуе малітва, а ў некаторых – споведзь. Камень з сэрца можа не здымеш, але лягчэй зробіцца напэўна. Бо выказваючы патаемнае, усведамляеш, прызнаеш, нясеш прынамсі ўскосную адказнасць.

Менавіта такія гуманітарныя мэты ўзяў на сябе праект арт-дырэктаркі агенцыі «So beautiful & Wild» Кацярыны Ліпніцкай. Нараджэнка Менску ў Беларусі не жыве даўно.

«Але за культурніцкім развіццём краіны сочу пільна», пераконвае Кацярына. – «Я скончыла магістратуру ў Швейцарыі і шмат вандравала, таму ведаю, што беларусы – адна з найбольш добразычлівых нацыяў і мне па-дзіцячаму цікава, якія сакрэты маюць на першы погляд спагадныя, памяркоўныя і надзейныя людзі. Мяркую, вам будзе што сказаць і чым здзівіць. На выставе пабачыце кабінкі, у якіх сам на сам зможаце паразважаць над тым, што вас хвалюе, і напісаць прызнанне».

kabinka

Падобна галасаванню на выбарах, але доўжыцца – тры тыдні. Са скрыні вашае прызнанне разам з іншымі трапіць на стэнды. А найбольш кранальныя словы будуць перанесеныя на вялікія чырвоныя палотны. Усё будзе адбывацца 6-28 лютага ў памяшканні «Галерэі Ў».

Confessions-Candy-Chang-making-of-1000x602

«Выставу прызнанняў» Кацярына арганізавала са згоды аўтаркі ідэі – мастачкі Кэндзі Чанг (Candy Chang). Натхненне на сацыяльна-псіхалагічны эксперымент Кэндзі чэрпала за малітоўнымі мурамі сінтаісцкіх бажніц, у суполцы Post Secret і ў каталіцкай ідэі споведзі. Праект стартаваў у 2012-ым годзе ў «ласым» Лас-Вегасе, дзе сабраў 1500 прызнанняў. Пасля Вегаса – Менск будзе першым гаспадаром выставы не тое што ў Еўропе, але на кантыненце!

«Усё гэта дасць беларусам унікальную магчымасць першымі ў Еўропе падзяліцца сваймі таямніцамі, глыбей пазнаць сябе», – кажа арганізатарка, – «Галоўныя каштоўнасці праекту – гуманізм, адкрытасць і давер. Я перакананая, што гэтая выстава набліжае людзей адно да аднаго, яднае і нагадвае нам, што ўсе мы насамрэч аднолькава прагнем кахання, шчасця, падтрымання ды разумення».

Confessions-name-tattooed-1000x602

Ужо 6-га лютага а 16.00 у галерэі сучаснага мастацтва «Ў» адбудзецца прэзентацыя і адкрыццё праекту. Да 28-га лютага прыходзьце на ананімнае прызнанне і знаёмцеся са шчырымі нататкемі іншых. Яны будуць дадавацца да экспазіцыі кожны дзень.

Confessions-scared-of-failing-1000x602

Пасля закрыцця выставы за споведзі беларусаў возьмуцца адмыслоўцы. Прааналізуюць іх зробяць публічную выснову – ці так ужо моцна свет унутраных перажыванняў беларуса адрозніваецца ад амерыканскага. Як моцна мова, колер скуры, менталітэт і культурныя традыцыі ўплываюць на нашыя інтымныя пачуцці?

Вынікі даследавання «Белсат» абвесціць у навінах на старонцы і ў сацыяльных сетках. З нецярплівасцю і цікавасцю правядзення выставы і яе высноваў чакае і самая Кэндзі Чанг. Мастачка лічыць, што «Нашыя асабістыя трывогі выліваюцца ў грамадскае жыццё, і многія з канфліктаў нашага грамадства адбываюцца з-за адсутнасці даверу і ўзаемаразумення. Кожны з нас праз гэты праект можа зрабіць першы крок да супольнай сумленнасці, даверу і адказнасці».

Confessions-scared-Ill-die-alone-1000x602

З прызнаннямі амерыканцаў можна азнаёміцца на старонцы праекту.

Некалькі для прыкладу:

«Порна падабаецца мне больш, чым займацца сексам з мужам».

«Баюся памерці заўчасна і ў адзіноце».

«Я прадаў гераін свайму сябру і ён разбурыў сваё жыццё».

«Я люблю сваю найлепшую сяброўку, але маю жонку».

А што сядзіць стрэмкаю ў вашым сэрцы і патрабуе вызвалення?

Юлія Цяльпук, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары