Выстава «Праўда пра Курапаты» выехала ў рэгіёны


Каля 600 месцаў пахавання, ад 7 да 300 тысяч ахвяр і толькі 5 вядомых імёнаў забітых. У Горадні адкрылася выстава «Праўда пра Курапаты».

«Праўда пра Курапаты» – гэта першая ў гісторыі Беларусі дакументальна-мастацкая выстава, прысвечаная самаму вялікаму беларускаму некропалю, які цягам 30-ці гадоў пасля выкрыцця дагэтуль не атрымаў у Беларусі належнай мемарыялізацыі. Арганізатары выставы сабралі на стэндах усю вядомую на дадзены момант інфармацыю пра месцы расстрэлаў. Дасціпна паказаныя ўсе этапы навуковых даследаванняў і барацьбы за народны мемарыял, а таксама прыводзяцца ўспаміны жыхароў т.зв. «зоны», людзей якія жылі побач з плотам, за якім лілася кроў тысяч чалавек.

Рэкі пралітай крыві і толькі 5 імёнаў

Нават паводле самых асцярожных афіцыйных прызнанняў лік ахвяраў у Курапатах не меншы за 7 тысяч чалавек. Найвышэйшая лічба меркаваных ахвяр – каля 300 тысяч. Такая лічба вынікае з агульнай колькасці пахаванняў (больш за 600) і з сярэдняй колькасці парэшткаў у іх. Аднак самай вялікай таямніцай застаюцца імёны рэпрэсаваных, якія так упарта сёння хаваюцца ад грамадства.

«Для нас вельмі важна было зрабіць гэту выставу ў Горадні, таму што з пяці вядомых нам імёнаў, тры належаць гарадзенцам, – кажа арганізатар выставы і прадстаўнік «Экспертаў у абарону Курапатаў» Марат Гаравы.

Нямецкі аэрафлотаздымак Курапатаў і наваколля ад 21 чэрвеня 1943 г., які дапамог аднавіць апошнюю частку маршруту “Дарогі смерці”. Горадня 12 кастрычніка 2017 Васіль Малчанаў/ Белсат

Падчас археалагічных раскопак удалося знайсці два квіткі, з дакладнымі датамі і прозвішчамі. Гэта былі выпіскі, колькі золата і каштаўнасцей адабралі ў двух габрэяў Мардэхая Шулькеса і Мойшы Крамера ў гарадзенскім астрозе. Трэцяе прозвішча высветлілася ў вусных размовах са следчымі Генеральнай пракуратуры – Штам.

Імёны яшчэ дзвюх ахвяр высветліліся з апытанняў жыхароў вёскі Цна-Ёдкава.Чэкіст-забойца Рыгор Бацян, які жыў у Цне выхваляўся, што ўласнаручна забіў у Курапатах Сцяпана і Соф’ю Жукоўскіх з Цны.

Наведваючы Курапаты, можна ўбачыць дзясяткі крыжоў з імёнамі. У свой час іх прыносілі людзі, якія не ведалі, дзе знаходзяцца магілы іх блізкіх, забітых бальшавікамі.

Здымкі чэрапаў, знойдзеных падчас археалагічных даследванняў Курапат. Горадня 12 кастрычніка 2017 Васіль Малчанаў/ Белсат

«Птушкі! Птушкі! Распавядзіце людзям, што мы ні ў чым не вінаватыя, што нас расстрэльваюць…»

Яскравым момантам выставы сталіся ўспаміны жыхароў вёсак, якія знаходзіліся блізу ўрочышча. Агулам за час даследаванняў было апытана больш за 200 жыхароў – сведкаў, якія чулі і бачылі на ўласныя вочы расстрэлы ў лесе. Да гэтага моманту яшчэ жыве спадарыня Лідзія Крывіцкая (1935 г.н.) з вёскі Зялёны Луг, якая ўсё сваё пражыла ля Курапат.

«Лідзія Крывіцкая распавяла, што была ў іх у вёсцы «Дунька, пыльным мехам стукнутая» і яна прыхавала бульбы для дзяцей з бульбянога поля. І калі пайшла па тую бульбу па палявой дарозе пачалі ехаць машыны, некалькі грузавікоў з бартамі, накрытых брызентам. Яе заўважыў энкавэдзіст, які выскачыў з грузавіка і пагнаўся за ёй. Яна цудам паспела ўцячы. А вецер быў і вецер схамянуў брызент і яна ўбачыла голыя пяткі арыштантаў, якіх паклалі адзін на аднаго як дровы. І яна гэта ўбачыла. Зянон Пазняк не раз спрабаваў яе раскалоць. Я сам яе месяц абхажваў. «Ты ведаеш, калі я табе распавяду, магілы маіх продкаў раскапаюць і выкінуць косткі» – казала яна. Вось якім страхам да сёння жыве наш чалавек», – распавядае Марат Гаравы.

Арганізатар выставы “Праўда пра Курапаты” Марат Гаравы разам з мастаком Генадзем Драздовым. Горадня 12 кастрычніка 2017 Васіль Малчанаў/ Белсат

Лідзія Крывіцкая (1935 г.н.) з вёскі Зялёны Луг (здымак 1956 г.). Гэтая сведка шматлікіх падзеяў у лясным урочышчы стала жыве ля самых Курапатаў з 1939 года. Менавіта ад спадарыні Лідзіі мы дазналіся пра першую абаронцу Курапатаў – адважную Лідзію Яцук. Яшчэ ў сталінскія часы гэтая ўдава, муж якой загінуў на фронце, рашуча ўзнялася ў абарону ляснога ўрочышча і захавала для нашчадкаў гэтае святое месца. Апроч таго, Лідзія Крывіцкая дапамагла аднавіць паходжанне тапоніму Курапаты і гістарычную тапаграфію бору, данесла да нас сведчанні пра начныя расстрэлы ў лесе з аўтаматычнай зброі ў самым пачатку вайны, пра апошні рэйс «чорнага ворана» ў Курапаты, калі немцы ўжо займалі Менск, а таксама пра тое, як пасля вайны ўлады хавалі сляды злачынстваў, – паведамляецца на адным са стэндаў.

«Адна жанчына, калі ішлі расстрэлы, выпадкова апынулася ў лесе Курапат і чула, як адзін з людзей, калі іх расстрэльвалі закрычаў: «Птушкі! Птушкі! Распавядзіце людзям, што мы ні ў чым не вінаватыя, што нас расстрэльваюць…», – распавёў падчас адкрыцця выставы мастак Генадзь Драздоў.

«Яшчэ адна гісторыя жанчыны, якая дзяўчынкай з вясковымі дзецьмі пералезла праз драўляны плот, якім была агароджана зона расстрэлаў, збіраць суніцы. І калі дзеці пачулі машыны, усе апроч яе паспелі пералезці праз плот. А яна схавалася за елку. Яна ўзгадвала. Што машын было не менш чатырох. Людзі ў энкавэдэшнай форме. Падчас апытанняў для нас вельмі важна было ўдакладняць, чыя гэта была форма. Якая ўпэўнена казала – энкавэдэшная. Выйшлі ахоўнікі і пачалі па аднаму выводзіць людзей, а пасля расстрэльваць у патыліцу. Крыкі жанчын былі жудасныя. Дзяўчынка са страху ад убачанага апісалася і страціла прытомнасць. Пасля ёй удалося ўцячы. Некалькі гадзін яна ў жаху блукала па жытняму полі і не магла з яго выйсці. Калі прыйшла да хаты маці не магла прывесці яе ў прытомнасць. А яна кажа: я не магла зразумець, што так проста можна людзей забіваць», – распавядае Марат Гаравы.

«Гэта айсберг»

Адкрыццё дакументальна-мастацкай выставы “Праўда пра Курапаты”. Горадня 12 кастрычніка 2017 Васіль Малчанаў/ Белсат

Пры ўсёй здзейсненай працы – гэта толькі пачатак, гэта толькі вяршыня айсбергу. Толькі частачка таго, што нам яшчэ трэба зрабіць. Беларускі народ яшчэ не прайшоў пакаяння гэтай трагедыі, – дадае арганізатар выставы.

Дакументальна-мастацкая выстава «Праўда пра Курапаты» ўпершыню выехала за межы сталіцы. Плануецца, што яе пакажуць у 13-ці гарадах Беларусі. У Цэнтры гарадскога жыцця ў Горадні яе можна будзе наведаць да 26-га кастрычніка.

Паўліна Валіш

Стужка навінаў