Сівіцкі – пра ўдар па Сірыі: Прысутнасць Расеі не гарантуе бяспекі. Мы павінныя зрабіць высновы


Фота: Joshua King/DOD/ZUMA Wire/Forum

Дырэктар Цэнтру стратэгічных і вонкавапалітычных даследаванняў Арсень Сівіцкі ў размове з «Белсатам» – пра тое, як наступствы ракетнага ўдару па Сірыі адаб’юцца на Беларусі.

Арсень Сівіцкага не сумняецца, што наступствы таго, што адбываецца на Блізкім Усходзе, безумоўна чакаюць наш рэгіён.

«Гэтак званы сірыйскі крызіс сістэмна звязаны з украінскім крызісам: і ў першым, і ў другім Расея бярэ ўдзел, і відавочна, што ў Расеі няма ваенных магчымасцяў, каб адказаць на гэты ўдар па Сірыі менавіта ў Сірыі. Хутчэй за ўсё адказ Расеі будзе асіметрычны: не выключаю, што эскалацыя можа распачацца на Данбасе», – заяўляе Арсень Сівіцкі.

Паводле эксперта, «атветка» Расеі імаверная на ўсходзе Украіны, бо там няма праблемаў з лагістыкай і тылавым забеспячэннем, і, самае галоўнае, адсутнічае рызыка прамога канфлікту са Злучанымі Штатамі.

Арсень Сівіцкі

Адмысловец звяртае ўвагу, што ў сваю чаргу эскалацыя канфлікту на ўсходзе Украіны можа сур’ёзна паўплывае на тое, якім чынам Расея будзе ціснуць на Беларусь – каб прымусіць падтрымаць расейскую пазіцыю па Украіне або па адносінах з заходнімі краінамі. Сівіцкі не выключае, што чым складаней будзе ваенна-палітычная абстаноўка ў нашым рэгіёне, тым прасцей будзе для Расеі ціснуць на Беларусь у справе размяшчэння вайсковых базаў на нашай тэрыторыі.

«Вельмі цікавы кейс»

У ранішняй заяве беларускага МЗС Арсень Сівіцкі бачыць спробу Менска прынамсі рытарычна салідарызавацца з расейскім бокам.

«Відавочна, што практычна беларускае МЗС рэагаваць ніяк не будзе. Гэтыя ўдары сапраўды не зусім адпавядаюць міжнароднаму праву, але з іншага боку гэтая аперацыя разглядалася ў межах прынцыпу «responsibility to protect» – абавязку абараніць, які дазваляе ваенную інтэрвенцыю, калі мова вядзецца пра неабходнасць абараніць цывільнае насельніцтва ад ужывання ваеннай сілы. У выпадку з Сірыяй вялося пра ўжыванне Асадам хімічнай зброі супраць мірных жыхароў. Таму сапраўды можна паспрабаваць зразумець пазіцыю МЗС, але ніякіх наступстваў для нашых адносінаў з Захадам яна не прынясе. Гэта спроба салідарызацыі з расейскім бокам, выкананне нашых хаўрусніцкіх абавязкаў: лепш падтрымаць на рытарычным, чымся практычным узроўні (размясціць тут расейскія войскі, даслаць нашых назіральнікаў у Сірыю ці яшчэ нешта). То бок, гэта традыцыйная рэакцыя афіцыйнага Менску», – кажа Арсень Сівіцкі.

Паводле Сівіцкага, тое, што расейскі бок нічога не зрабіў падчас нанясення ўдараў, – вельмі сур’ёзны сігнал для нас.

«Ён кажа аб тым, што саюз Расеі ды Сірыі мае асіметрычны характар: калі расейцам гэта не выгодна, яны не будуць умешвацца ў канфлікт. Іх ваенная групоўка, якая размяшчаецца на тэрыторыі Сірыі – зусім не гарантыя бяспекі для Сірыі і сірыйскага рэжыму. Высновы з гэтага цікавага кейсу павінен зрабіць беларускі бок, які афіцыйна з’яўляецца палітычным хаўруснікам Расеі. Гэта нічога не гарантуе практычна», – дадаў эксперт.

Запісаў Дзяніс Дзюба

Глядзі таксама
Каментары