«Высмакталі з пальца». Што будзе далей са «справаю патрыётаў» і абвінавачанымі?


З падачы Аляксандра Лукашэнкі ў сакавіку сілавікі зладзілі шэраг паказальных арыштаў, а дзяржаўныя медыі распавялі пра «атрады баевікоў» і ледзь не рыхтаванні да дзяржаўнага перавароту. Belsat.eu высвятляе, чым можа скончыцца «справа патрыётаў».

Абвінавачванне аб рыхтаванні масавых закалотаў знятае з чарговага фігуранта – намесніка старшыні незарэгістраванай партыі «Народная Грамада» Сяргея Кулініча, якога вызвалілі з СІЗА 3 красавіка пад падпіску аб нявыездзе. Раней знялі падазрэнні яшчэ з трох маладафронтаўцаў. За кратамі застаюцца яшчэ 14 асобаў – іх вінавацяць у рыхтаванні да масавых закалотаў ды стварэнні незаконнага ўзброенага фармавання.

Чаму здымаюць абвінавачванні?

Эксперты сыходзяцца на думцы, што следства проста не здолела «прышыць» маладафронтаўцам ніякага крыміналу: яго проста няма.

Афіцыйныя лісты з інфармацыяй пра закрыццё крымінальнай справы спачатку атрымалі маладафронтаўцы Зміцер Дашкевіч і Сяргей Пальчэўскі, пазней – Раман Васільеў. Спыненне крымінальнай справы тлумачыцца аднолькава – адсутнічае склад злачынства. На той момант усе хлопцы знаходзіліся ўжо на волі.

Лідар «Маладога фронту» Зміцер Дашкевіч называе гэтыя дзеянні следства «юрыдычным доказам, што справа высмактаная з пальца».

На гэтую акалічнасць звяртае ўвагу і юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч:

Цяпер справы спыняюцца супраць тых, хто абвінавачваўся па адным артыкуле – па арганізацыі масавых беспарадкаў. Відавочна, што клуб «Патрыёт», актывісты «Маладога фронту» не мелі аніякага дачынення да «незаконнага ваеннага фармавання». Прадявіць ім вышкалы ды зброю было вельмі цяжка.

21 – 22 сакавіка спецслужбы затрымалі 17 асобаў, якім прадявілі абвінавачванне паводле артыкулу «Рыхтаванне да ўдзелу ў масавых закалотах». У выніку «справу аб масавых закалотах» раздзьмулі да 35 фігурантаў (па іншых звестках, да 32-х). Арышты пачаліся пасля заявы Лукашэнкі, якая прагучала 21 сакавіка на магілёўскім прадпрыемстве «Кронаспан», што затрыманыя баевікі са зброяй, якія правакавалі масавыя беспарадкі. А «лагерам баевікоў» аказаўся афіцыйна зарэгістраваным лагерам «Патрыёт» пад Асіповічамі.

– Крымінальную справу збіралі з розных элементаў. Верагодна, аператыўна-вышуковыя захады супраць групы, якая застаецца ў СІЗА па абвінавачанні ў «незаконным узброеным фармаванні», вяліся раней, а напярэдадні 25 сакавіка для ўладаў наступіў зручны момант, каб «раскрыць» сетку баевікоў. Да справы далучалі ўсіх, каго маглі, і выбудоўвалі сувязь паміж гэтай групай, 25 сакавіка і Статкевічам, – мяркуе Валянцін Стэфановіч.

Рыхтаванні да масавых закалотаў даказаць не ўдасца?

Заняткі ў патрыятычным клубе, якія ў дзяржмедыях падавалі як трэніраванні баевікоў.

– Хутчэй за ўсё, фэйкавая справа «аб падрыхтоўцы да масавых закалотаў» будзе спыненая. Ніхто ж не адмаўляе, што існаваў «Белы легіён» ці клуб «Ваяр». Падкінуць якую дымавую шашку – вось табе і ўзброенае фармаванне. Але даказаць бясчынствы, якіх не было, іх арганізацыю, якой не было, зусім немагчыма, – перакананы Зміцер Дашкевіч.

Дайсці да суда: і палітвязняў не нарабіць, і асудзіць

Пластыкавы страйкбольны “аўтамат”, які знайшлі ў “баевікоў”

11 красавіка газета прэзідэнцкай адміністрацыі «СБ. Беларусь сегодня» паведаміла, што супраць чальцоў «Белага легіёну» заведзеная другая крымінальная справа – па артыкуле 287 Крымінальнага кодэкса «Стварэнне незаконнага ўзброенага фармавання ці кіраўніцтва такім фармаваннем, удзел у ім». Санкцыя артыкула прадугледжвае да 7 гадоў зняволення.

ПЦ «Вясна» не мае дакладнай інфармацыі па справе, таму праваабаронцы асцерагаюцца прагназаваць, ці будзе спынены крымінальны пераслед супраць людзей, якія цяпер зараз знаходзяцца з СІЗА. Уся інфармацыя па справе выкладзеная толькі ў адзіным прэс-рэлізе КДБ і ў відэаматэрыялах беларускага тэлебачання, якія не з’яўляюцца афіцыйнай інфармацыяй.

Аднак праваабаронца Валянцін Стэфановіч фактычна не мае сумненняў, што справа дойдзе да суда:

– У чым заключаецца рэальнае абвінавачванне і ягоны аб’ём, мы не ведаем – пра гэта мы дазнаемся толькі на судзе. Калі справа сапраўды была сфальсіфікаваная, то на месцы ўлады я б не ішоў з такой доказнай базай у суд.

Склад злачынства носіць фармальны характар: крыміналізаваная любая дзейнасць незаконных узброеных стварэнняў, незалежна ад мэты стварэння; мэта (ці ахова некага, ці абарона краіны ад любой вонкавай агрэсіі) не ўплывае на кваліфікацыю. Другая прыкмета крымінальнага артыкула – зброя, якая кваліфікаваная паводле закона «Аб зброі»: неабавязкова баявая, можа быць паляўнічая, газавая, або выбуховыя рэчывы і боепрыпасы. Відавочна, што трэба даказваць і наяўнасць групы: павінна быць структура, іерархія.

Зміцер Дашкевіч лічыць, што дзяржава занадта шмат рэсурсаў уклала, каб проста зняць усе абвінавачанні з фігурантаў крымінальнай справы:

– Рэжым вельмі раздзьмуў істэрыю вакол гэтай справы, генералы паклалі свой аўтарытэт, таму некага будуць судзіць і абіраць меру стрымання. Верагодна, выберуць такі варыянт пакарання, каб не парадзіць новых палітвязняў, але адначасова і асудзіць, хай сабе на ўмоўныя тэрміны ці вызваліць прама ў зале суда. Нейкую частку людзей да суда давядуць пры такой істэрыі.

Па «справе патрыётаў» праходзілі 35 асобаў, усе яны ад пачатку затрымаліся па абвінавачванні ў рыхтаванні масавых закалотаў. Пасля частцы фігурантаў прадявілі новае абвінавачанне – у стварэнні незаконнага ўзброенага фармавання». Цяпер за кратамі застаюцца 14 асобаў, якія, мяркуючы па ўсіх, абвінавачваюцца адразу па двух артыкулах.

«Трэба патрабаваць ад дзяржавы кампенсацыю за незаконнае ўтрыманне пад вартаю»

Валянцін Стэфановіч адзначае адну акалічнасць: сярод затрыманых былі людзі, якім абвінавачванне нават і не прадяўлялася; яны знаходзіліся ў статусе падазраваных, пасля іх адпускалі. Прынамсі, з «Маладога фронту» абвінавачванне прадяўлялася толькі Дашкевічу і Пальчэўскаму, астатніх хлопцаў затрымалі ў якасці падазраваных і нават не абіралі меру стрымання; з іх узялі толькі абавязальніцтва з’яўляцца па выкліку следства.

– Я б настойліва рэкамендаваў усім, хто адсядзеў у СІЗА, падаваць позвы аб кампенсацыі маральнай шкоды. Незаконнае ўтрыманне пад вартай ёсць падставай для спагнання кампенсацыі маральнай шкоды. Я не прыгадаю, каб нехта патрабаваў такую кампенсацыю – варта стварыць такі прэцэдэнт, – адзначыў Валянцін Стэфановіч.

Юрый Дубіна, belsat.eu

Стужка навінаў