«Вышываныя» ёлачныя цацкі, календары, саламяны павук: недарагія падарункі з беларускім каларытам


Што падарыць на святы сябрам, калегам, родным у цяперашняй зусім не святочнай эканамічнай сітуацыі? Belsat.eu знайшоў танныя, прыгожыя, а галоўнае – беларускія калядныя падарункі.

Саламяны павук – самы беларускі падарунак на Каляды

У старажытнасці беларусы рабілі калядныя падарункі і аздобы для дому сваімі рукамі. Напрыклад, «павукоў» з саломы. Саламяны «павук», пэўна, самая беларуская і самая традыцыйная калядная аздоба. Некалі ён быў у кожнай хаце. «Павук» мае яшчэ і сакральнае значэнне – ён забірае ўсю дрэнную энергетыку. Сёння калі ў вас не стае часу, каб самому плесці з саломы, можна набыць такога «павука» у этнакраме «Рагна».

Акрамя «павукоў», у «Рагне» знойдзецца яшчэ шмат арыгінальных рэчаў ручной працы, якія можна падарыць на святы. Напрыклад, драўляная фігурка сімвала наступнага году – казы – з беларускім арнаментам. Кошт – 75 тысяч рублёў. Ці цёплыя валеныя рукавічкі за 192 тысячы.

Кніга і каляндар – лепшыя падарункі

Часопіс «ПрайдзіСвет» разам з Саюзам беларускіх пісьменнікаў і выдавецтвам «Кнігазбор» прапануюць павіншаваць з Калядамі кніжкай. Адмыслова для гэтага яны падрыхтавалі зборнік святочных апавяданняў «Падарунак на Каляды».

Збор уключае знакамітыя калядныя творы аўтараў з розных краін у перакладзе на беларускую мову. Тут ёсць і класічныя ўзоры жанру, як «Калядны харал» Чарлза Дыкенса, «Дары мудрацоў» О.Генры, і сучасныя апавяданні, дзеянне якіх адбываецца ў калядны і навагодні час. Прэзентацыя зборніка адбудзецца сёння, 22 снежня, а 19-й гадзіне ў кнігарні «Логвінаў» на «Каляднай вечарыне з ПрайдзіСветам».

Файным падарункам на святы стане каляндар на 2015 год «Не маўчы па-беларуску». У ім кожны месяц прысвечаны асобнай тэме – ежа, вопратка, кветкі, жывёлы, вандроўкі. Па кожнай тэме даюцца беларускія словы і прымаўкі. Штомесяц з календаром можна ўзбагачаць сваю беларускую мову. А замовіць яго можна на старонцы. Кошт – 59 990 рублёў.

Запрасі сяброў на Калядную гарбату

Prastora.by прапануе адзначаць святы з сябрамі і Каляднай гарбатай. У прыгожа аформленай з каляднымі матывамі бляшанцы – цэйлонская гарбата вышэйшага гатунку. А яшчэ ўнутры кожнай бляшанкі – паштоўка «Запрашаю на гарбату!». Кошт – 129 900 рублёў.

Напэўна, сяброўскі вечар за гарбатай будзе яшчэ больш прыемным, калі яе піць з кубкаў з беларускім арнаментам ці з «Пагоняй». Замовіць іх таксама можна на prastora.by за 99 900 рублёў.

«Вышываныя» ёлачныя цацкі

Стварыць атмасферу беларускага свята дапамогуць белыя ёлачныя шары з традыцыйным чырвоным арнаментам. Іх можна набыць у інтэрнэт-краме беларускіх рэчаў Symbal.by за 50 тысяч рублёў.

А ў Honar.by можна замовіць недарагія і вельмі прыгожыя льняныя торбы з беларускім арнаментам. Кошт – 18 долараў.
Арыгінальныя калядныя паштоўкі ёсць у «Галерэі Ў» у Менску па праспекце Незалежнасці 37а.

Дзень віншаванкі

Культурніцкая платформа «Беларуская прастора» запрашае сёння, 22 снежня, на Дзень віншаванкі. Дэвіз імпрэзы – «Віншуем па-беларуску!». Мерапрыемства пройдзе ў Менскай абласной бібліятэцы ім. А.С.Пушкіна па вуліцы Гікала 4. Пачатак а 18-й гадзіне. Віншаваць па-беларуску будуць Лявон Вольскі, Зміцер Вайцюшкевіч, Зміцер Бартосік, Юры Жыгамонт, гурт Guda і шмат іншых беларускіх зорак.

Будзе працаваць калядны кірмаш з беларускімі падарункамі. Арганізатары абяцаюць частаванне каляднай гарбатай і магчымасць бясплатна запісаць сваю калядную відэа-віншаванку.

Данута Бароўская, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары