Вышываныя строі цяпер можна ўзяць напракат. Прапануе навуковец


Хочаце справіць вяселле альбо хрысціны ў народным стылі, маеце ідэю файнай фотасесіі ці сцэнар гістарычнага фільму, але няма традыцыйнага строю? Не бяда, цяпер адпаведную вопратку можна ўзяць напракат.

У «Фэйсбуку» нядаўна з’явілася суполка «Беларускі строй напракат і на замову». Belsat.eu высветліў, што гэтую групу стварыла дацэнт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту культуры Любоў Сівурава. Даследніца этнаграфіі беларусаў мае немалы досвед у пашыве і аздабленні традыцыйных касцюмаў – займаецца гэтым ужо цягам 25 гадоў.

[vc_single_image image=”1″ img_size=”large”]

За гэты час спадарыня Любоў назбірала таксама шмат прыладаў народнага побыту, якія, як падумала, могуць прыдасца і іншым падчас разнастайных імпрэзаў ды інсцэнізацыяў. У ейнай калекцыі ёсць каваныя нажы, крэсівы, кубачкі, місы, драўляныя лыжкі, іголкі з косткі, кубкі з рогу, каваныя нажніцы, торбачкі ільняныя з вышыўкай, шмат музычных інструментаў, плеценыя кошыкі і шмат чаго іншага.

Тым, хто не мае часу, каб пашыць вышываную сарочку, альбо адпаведных сродкаў (традыцыйны строй – рэч не танная, бо вымагае шмат ручной працы), майстрыха прапануе пазычыць на час народную вопратку ды аксесуары па даступным кошце.

[vc_single_image image=”3″ img_size=”large”]

«У беларускіх традыцыях было пазычаць строі для абрадаў і свят. Напрыклад, калі па нейкіх прычынах не было магчымасці рабіць альбо набываць вясельны строй, то яго пазычалі. Мая мама і тата так рабілі, калі браліся шлюбам у палескай вёсцы пасля вайны. Я нядаўна заўважыла, што нажыла традыцыйнага адзення і вопраткі ў этна-стылі так шмат, што наўрад ці знашу яе калі-небудзь самастойна. Да таго ж, у мяне часта пазычаюць. Бывала, бралі нават на здымкі фільмаў. Я вырашыла зрабіць гэта справай», – распавяла спадарыня Любоў.

Узяць напракат дзявочы строй, які мае больш аксесуараў, – будзе каштаваць прыблізна 20-30 у.а. за содні. Хлапечая кашуля і нагавіцы – 15-20 у.а, паведаміла майстрыха.

[vc_single_image image=”5″ img_size=”large”]

Можна пазычыць у яе такую эксклюзіўную рэч, як намітка амаль у 4-ры метры, якой ужо каля ста гадоў. Выкладніца гатовая навучыць, як яе правільна завязваць. Для ахвочых ёсць атласныя і плеценыя стужкі, якія спадарыня Любоў дапаможа заплесці ў коскі.

Апрача гэтага, дзяўчатам прапануецца 7 гарсэтаў, спадніцы розных гатункаў, фартухі, чапцы, хусцінкі на галаву, хусты наплечныя, тканыя абхінанкі, пасталы, рукавічкі, шкарпэтачкі, пасы, каралі бурштынавыя, пацеркі з бісеру, срэбныя пярсцёнкі, фібулы, завушніцы, грабеньчыкі – усё аўтарскай работы.

[vc_single_image image=”7″ img_size=”large”]

Сярод усіх гэтых рэчаў ёсць і такія, пра якія мала што ведаюць сучасныя людзі, адзначае навукоўка. Напрыклад, пульсэткі, якія насілі на запясцях модніцы. Пульсэткі выглядалі эстэтычна, сагравалі зімою ды засцерагалі, каб менш брудзіліся манжэты сарочак. Рэдкая і каларытная рэч – тканка, якую жанчыны накладалі пад чапец. «Тканка часта імітавала касу, калі яна станавілася не дужа густой», – патлумачыла адмысловец.

Хлопцам прапануюцца традыцыйныя нагавіцы, кашулі, камізэлькі. З цягам часу этнограф плануе назапасіць яшчэ больш строяў у сваю калекцыю – кашуль, спаднічак, камізэлек, мужчынскіх валеных галаўных убораў, скураных пасталочкаў з ільнянымі анучамі, торбаў і інш.

[vc_single_image image=”9″ img_size=”large”]

Майстрыха спадзяецца, што будзе ў стане дапамагчы шмат каму, асабліва пры арганізацыі імпрэзаў у традыцыйным стылі. «Пры калектыўных замовах, калі нечага будзе не хапаць, буду пазычаць ад сябровак», – адзначае спадарыня Любоў.

Ахвотна яна дапаможа таксама ў вырабе строяў на замову, пракансультуе, як мае выглядаць касцюм з таго ці іншага рэгіёну, падбярэ тканіну і аксесуары, а таксама арганізуе сямейныя святы і ўрачыстасці.

[vc_single_image image=”11″ img_size=”large”]

+++

Любоў Сівурава – аўтар больш за 100 навуковых працаў па этналогіі, этнакультуралогіі беларусаў, сучаснай сацыякультурнай дзейнасці, тэарэтык фестывальнага менеджменту ў Беларусі. Спявачка, салістка фальклорнай групы «Guda» (1995-2013 гады), аўтар сольнага праекту «SivaLove» (2013-2015 гады). Паэтка, піша вершы для дзяцей. Аўтар і арганізатар шматлікіх праектаў: фестывалю фальклору «Sonzavarot-2013», рамесніцкага летніка ў Азярычыне-2013, маладзёвай суполкі «Сябрына», шмат вандруе па Беларусі, гастралюе за яе межамі.

Віктар Шукеловіч, belsat.eu

Стужка навінаў