Вышэйшая адукацыя? У калгас, на камяні! Як дзяржава «змагаецца» з беспрацоўем


Кожны будзённы дзень ад 6-й зранку на гарадзенскім аўтавакзале збіраецца тлум. Больш за дзве сотні беспрацоўных размяркоўваюцца па аўтобусах, каб ехаць працаваць у бліжэйшыя калгасы.

Вясны многія беспрацоўныя ў Горадні чакаюць, як збаўлення. Для іх гэта шанец зарабіць хоць нейкія грошы, калі ўладкавацца па спецыяльнасці няма магчымасці. Дзённая аплата – ад 9 да 14 рублёў. Прыходзяць асобы рознага ўзросту і адукацыі. «Белсат» пагутарыў аб тым, што змушае людзей займацца грамадскімі працамі.



На платформе людзі з падазрэннем пазіраюць на фотаапарат і дыктафон. Аднак суразмоўцы знаходзяцца. Вадзім – па прафесіі электраманцёр, але некалькі гадоў вымушаны такім чынам зарабляць на хлеб.

«Мне 44 гады, каму я ўжо патрэбны? Прыходзіш на біржу – дзве вакансіі на горад. Вы ўяўляеце, якія трэба мець сувязі, кваліфікацыі, каб туды патрапіць. Толькі па знаёмствах. Ездзім камяні збіраць, як тыя палонныя румыны. Ёсць такія ў кожнай дзяржаве, каторым толькі абы дзень пражыць, пад магазінам пастаяць. Гэта заўсёды пару працэнтаў. Але тут столькі людзей нармальных, самі бачыце. Ну гэта ж не нармальна, столькі народу назваць дармаедамі. Каб мы не хацелі працаваць, мы б прыходзілі сюды? На гэтыя камяні за 9 рублёў? Вось так і атрымоўваецца. Сам я ўжо каторы год без працы».

Вакансіі «дзеля птушачкі»

У Цэнтры занятасці

«Робіцца так: спачатку бярэцца па знаёмству чалавек, пасля толькі кідаецца заяўка ў Цэнтр занятасці», – уключаецца ў размову Уладзімір.

«У мяне знаёмы ў 2 гадзіны ночы залез у інтэрнэт. Не было. А 2.15 вярнуўся на гэтую старонку. Грузчык у Пушкінскі магазін патрабуецца. Прыходзіць на адкрыццё самы першы: а мы, кажа, ужо ўзялі. Або пытаюць узрост адразу. Дурдом! Я перакваліфікаваўся на сантэхніка. Залатыя горы абяцалі. Абяцалі ўладкаваць, зараз кажуць – шукайце самыя».

Іншага маладога мужчыну з прафесіяй будаўніка Цэнтр занятасці скіраваў… у заапарк

«Няма ў горадзе працы. Няма. Я будаўнік, а на біржы адправілі мяне ў заапарк за жывёлінамі даглядаць. Прыходжу ў той заапарк, там мне кажуць: а ветэрынарная адукацыя ў вас ёсць? Якая ў мяне ветэрынарная адукацыя?», – распавядае яшчэ адзін наш суразмоўца.

Першы раз паспрабаваць пазбіраць камяні вырашыў былы майстар спорту па дзесяцібор’і Уладзімір, які раней працаваў трэнерам па фітнесу.

«Пару месяцаў назад звольнілі, было скарачэнне. Далі загад зверху, людзей з 700 да 400 скарацілі. Тры месяцы няма цяпер працы. Вырашылі паспрабаваць сюды прыйсці. Што ўдому сядзець? У мяне ёсць вышэйшая адукацыя. Трэнер. Майстар спорту па дзесяцібор’і. Я быў у Цэнтры занятасці. Толькі дзіцячы садок прапанавалі. За трыста рублёў. А там вялікая адказнасць з дзецьмі працаваць. У міліцыю і органы не хачу».

Разам з Уладзімірам прыйшоў яго сябра, які працу мае, але з-за праблем на заводзе вырашыў знайсці падпрацоўку.



Выезды арганізоўвае гарадзенскі Цэнтр занятасці, кожны месяц здымае пляцоўку на аўтавакзале і аплачвае паліва для аўтобусаў. Акрамя збору камянёў, людзі едуць на самыя розныя працы. Фарбаваць дрэвы вапнай, грыбы перабіраць, слімакоў, летам у полі працаваць на праполцы буракоў або трускаўкі.

«Вельмі шмат людзей ездзіць. У горадзе каля 2-х з паловай тысячы беспрацоўных. 10-12 рублёў звычайна плацяць удзень. Самы багаты калгас менш за ўсіх плаціць. Будзе цёпла – прыедуць забіраць на праполку, у асноўным праполка буракоў. Буракі ў нас асноўная культура, на цукровы завод вязуць. А цяпер праз холад аўтобусы не прыязджаюць або менш людзей бяруць. Зараз не фантан у такое надвор’е халоднае. Калі цёпла, то неяк больш арганізавана. У іншых гарадах з міліцыяй садзяць у аўтобусы б’юцца, а ў нас культурна, спакойна», – кажа працаўнік Цэнтру занятасці.

ПВ, belsat.eu

Стужка навінаў