«Вырываем траву ўручную 10 см ад бардзюра». Як праходзяць суботнікі на заводзе «Белкард»


Суботнік на ААТ «Белкард» у Горадні. Фота – Васіль Малчанаў / «Белсат»

Працаўнікоў заводу карданных валаў у Горадні цягам месяца незаконна зганяюць на прыбіранне тэрыторыі ў іх вольныя ад працы дні.

Раніцай а 7:30 каля ўваходу на завод Карданных валаў у Горадні збіраецца натоўп. Праца пачынаецца а 8-й, але паўгадзіны патрэбны на тое, каб прайсці прахадную і пераапрануцца. Усё нібыта, як заўсёды, з той толькі розніцай, што гэта субота – выходны дзень для большасці працоўных на прадпрыемстве. Усе дзве тысячы працаўнікоў абавязаны прыйсці на суботнік, каб бясплатна ў свой вольны дзень працаваць мінімум чатыры гадзіны.

Загад аб правядзенні суботнікаў на заводзе «Белкард»

Усё пачалося пасля выступу Аляксандра Лукашэнкі ў Воршы, калі прэзідэнт Беларусі бесцырымонна ўсіх аблаяў. Доўга не думаючы, кіраўніцтва заводу выдала загад: правесці месячнік па навядзенні парадку ў будынках (памяшканнях) ААТ «Белкард» і на прылеглай тэрыторыі ў перыяд з 20 жніўня па 20 верасня.

«За адсутнасць на суботніку пагражаюць забраць прэміі»

Як распавядае адна з працаўніц заводу, якая папрасіла не называць яе імені, першы суботнік адбыўся 25 жніўня, а другі 8 верасня.

«Прымушаюць рабіць усё: прыбіраць не толькі свае працоўныя месцы, але і ўсё навокал, мэблю цягаць, вырываць уручную траву вакол тэрыторыі і, каб абавязкова, 10 см ад бардзюра! – распавядае жанчына. – Не даюць спецвопраткі, нічога. Няма нават перапынку на абед. Людзі працуюць па чатыры, а хто і па восем гадзін у дзень! І гэта ў свой вольны дзень. Пры тым, што яшчэ і запужваюць нахабна як. У нас і так заробкі мізэрныя па 350 рублёў у сярэднім. Выцягваюць прэміі і даплаты, у выніку выходзіць на 400 рублёў. Дык кіраўніцтва пагражае, што за адсутнасць на суботніку мы не атрымаем даплатаў. За 25 жніўня ўжо складаюць спісы, хто быў, а хто не быў. Гэта проста жах і нейкі маразм».

Гадзіны працы на суботніках не аплачваюцца. Не аплачваецца таксама праезд, які працоўныя аплачваюць самыя. Людзі баяцца за свае працоўныя месцы, таму ніхто нават не спрабуе сварыцца з кіраўніцтвам, дадае жанчына.

Суботнік на заводзе «Белкард». Фота – Васіль Малчанаў / «Белсат»

«Мы бачым, як пасля разносу ў Воршы кіраўнікі дзяржаўных прадпрыемстваў заторгаліся, спужаліся, што яны могуць страціць свае хлебныя, наседжаныя месцы і вырашылі, звычайным для іх спосабам, шляхам запалохвання эксплуатаваць працоўных па суботах, каб прыкрыць сваё шматгадовае няўмелае кіраўніцтва прадпрыемствам. Людзі абураныя. На заводзе адзін з самых маленькіх заробкаў у горадзе, але і іншую працу знайсці ў Горадні праблематычна, таму прыходзіцца супраць сваёй волі выходзіць на гэтыя суботнікі. Некалькі чалавек да мяне тэлефанавалі і прасілі дапамагчы. На жаль, я болей нічога не магу зрабіць, бо некаторы час таму звольніўся з прадпрыемства, і на мае лісты ўва Упраўленні па працы рэагаваць не будуць, зрэшты як і любая іншая служба. Адна надзея на розгалас у СМІ», – кажа кіраўнік грамадскай ініцыятывы «Горадня» Анатоль Мышкевіч, які раней таксама працаваў на заводзе «Белкард».

«Калі дырэктар баіцца за сваю шкуру, няхай сам выходзіць на працу!»

Як распавёў грамадскі актывіст, людзі выконваюць працу, якую выконваць не павінныя: прыбіраюць смецце, перацягваюць металалом, старую мэблю.

«Некалькі месяцаў таму працоўны атрымаў цяжкую траўму на заводзе пры вывазе металалому, зламаў сцягно і тазавую костку. А калі гэта здарыцца на суботніку, хто будзе адказваць? Хто кампенсуе працоўнаму страту здароўя? Калі дырэктар баіцца за сваю працу, няхай сам выходзіць на працу ў свае выходныя і выпраўляе, што лічыць патрэбным», – кажа Анатоль Мышкевіч.

Чарговы суботнік на заводзе Карданных валаў у Горадні запланаваны на 15 верасня.

Завод карданных валаў у Горадні. Фота – Васіль Малчанаў / «Белсат»

Нагадаем, што прымусовая праца ў Беларусі забараняецца згодна з артыкулам 13 Працоўнага кодэксу РБ. У артыкуле прапісана, што прымусовай працай лічыцца праца, якая вымагаецца ад працаўніка пад пагрозай выкарыстання якога-кольвек уздзеяння з дапамогай гвалту, у тым ліку ў якасці метаду мабілізацыі і выкарыстання працоўнай сілы на патрэбы эканамічнага развіцця.

Паўліна Валіш

Стужка навінаў