Выпускнікам, якія адмаўляюцца ад размеркавання, не прыйдзецца вяртаць стыпендыі


Выдаткі навучальных установаў усцяж трэба будзе кампенсаваць.

Савет міністраў зацвердзіў пастанову, паводле якой расходы на сацыяльнае падтрыманне – стыпендыі, выдаткі на харчаванне і інтэрнат – вяртаць не трэба ў выпадку адмовы працаваць па размеркаванні.

Як распавёў TUT.BY адзін са студэнтаў-пяцікурснікаў БДУ, калі ён падпісваў дамову на навучанне, у ім была прапісаная сума кампенсацыі пры адмове ад размеркавання – каля Br 12 000 (120 мільёнаў недэнамінаваных рублёў).

«Калі б я ўвесь гэты час атрымліваў мінімальную стыпендыю, якая цяпер складае ў БДУ Br 72,83, то за 5 гадоў набегла каля 4,4 тысячы рублёў новымі. Гэта прыкладна трэць ад усёй сумы, якую трэба пакрыць », – удакладніў студэнт.

Пры адмове ад размеркавання выпускнік усцяж мусіць вярнуць дзяржаве выдаткі навучальных установаў – грошы, якія ішлі, напрыклад, на інвентар, аплату сувязі і камунальных паслугаў, заробкі працаўнікоў вучэльняў.

Студэнты, якія адмаўляліся ад размеркавання, часам звярталіся ў суд, каб ім зменшылі суму кампенсацыі, але суды, як правіла, станавіліся на бок навучальных установаў.

Сёлета ў лістападзе беларускія студэнты запусцілі кампанію па рэфармаванні сістэмы размеркавання ў Беларусі.

ДД

Глядзі таксама
Каментары