Выпрабавана гіпергукавая зброя – удар за гадзіну ў любую кропку Зямлі


Ваенна-марскі флот ЗША выпрабаваў ракету, якая дазволіць ЗША нанесці трапны ўдар па любой мішэні на планеце менш чым за гадзіны, піша Інстытут ВМФ ЗША.

Гіпергукавыя – з хуткасцю больш за 5 Махаў (6000 км/г) – ракеты дазваляюць у мінімальны час нанесці ўдар па практычна любой кропцы Зямлі. Дадайце сюды магчымасць манеўраваць у паветры і пэўныя стэлс-магчымасці, каб ракету заўважылі ў самы апошні момант – і краіна з такімі ракетамі можа дыктаваць сваю волю ўсім астатнім. Вядома, калі ў іншых краін няма такіх ракет.

Сайт амерыканскага Інстытуту ВМФ кажа, што выпрабаванні прайшлі 30 кастрычніка, аднак падрабязнасці не паведамляюцца.

Згодна з інфармацыяй, ракета будзе несці звычайны, а не атамны зарад. Аднак адзначаецца, што «здольнасць нанесці ўдар па ўсім свеце будзе дапаўняць здольнасці па нанясенні атамных удараў і будзе з’яўляцца дадатковай зброяй стрымлівання».

«Я горды паведаміць, што ў 3 гадзіны ночы ў панядзелак ноччу ракета ПСС паднялася з Гаваяў… першая ракета хуткага ўдару ВМФ ЗША ў той форме, каторая магла бы выкарыстоўвацца па загадзе кіраўніцтва ў пускавых устаноўках падводных лодках класа «Агаё». Гэта вялікае дасягненне», – піша дырэктар ПСС (Праграмы стратэгічных сістэм) віцэ-адмірал Тэры Бенедыкт.

Цяпер чатыры атамныя падводныя лодкі класа «Агаё» пераробленыя ў падводныя лодкі-носьбіты кіраваных ракет. Верагодна гэтыя субмарыны ці мадэрнізаваныя падводныя лодкі класа «Вірджынія» будуць носьбітамі гіпергукавых ракет, піша US Naval Institute News.

Ракета пакуль што сярэдняга радыуса дзеяння была выпрабаваная на Гавайскіх выспах у Ціхім акіяне, паведаміў афіцыйны прадстаўнік Пентагона военачальнік Патрык Эванс.

Пасля 11 верасня 2001 году ЗША пачалі ініцыятыву Хуткі глабальны ўдар (Prompt Global Strike, PGS) – перш за ўсё для знішчэння выяўленых базах тэрарыстаў амаль адразу пасля атрымання разведаных. Мэта – мець зброю, якая дасягне праціўніка па ўсім свеце не больш чым за адну гадзіну. Аналагічныя распрацоўкі вядуць Кітай і Расея.

Малюнак-канцэнт. Амерыканская ракета HTV-2 выходзіць у космас, каб там разагнацца да гіпергукавых хуткасцяў і зноў вярнуцца ў атмасферу.

Чакаецца, што такія звышхуткія ракеты будуць базавацца як на зямлі, гэтак і ў моры, на цяжкіх паветраных баявых платформах, і ў космасе. Пры гэтым кожная ракета зможа ўтрымліваць некалькі «разумных» боегаловак, якія змогуць аддзяляцца, манеўраваць, каб пазбегнуць дзеяння зенітна-ракетных сістэм абароны, і паражаць адразу некалькі цэляў на зямлі.

Калі такія ракеты можна будзе запускаць з зямлі, з-пад вады, са стратэгічных бамбавальнікаў, якія ўвесь час дзяжураць у небе, з узброеных аўтаматычных спадарожнікаў у космасе – знішчальны ўдар можа трапляць у любую мішэнь на планеце менш чым праз 10-15 хвілін пасля каманды.

У выніку рэзкага падвышэння хуткасці ракет і іншых лятальных апаратаў эфектыўнай супрацьракетная і супрацьпаветраная абарона можа стаць толькі ў выніку поўнай аўтаматызацыі – толькі кампутар будзе мець хоць нейкія шанцы заўважыць, ацаніць пагрозу і паспець аддаць каманду на запуск зенітнай ракеты.

Пры гэтым плануецца, што ракеты будуць менавіта неядравымі – то бок не будуць наносіць планеце заўважнай шкоды.

Аднак, магчыма, цяпер мэтай Хуткага глабальнага ўдару можа стаць і камуністычная КНДР, якая, магчыма, атрымала ядравую зброю, альбо Іран, які можа патаемна працягваць праграму распрацоўкі такой зброі, альбо нават Расея і Кітай.

Аляксандр Гелагаеў

Стужка навінаў