Вёска кантрабандыстаў, лясная бабуля і Добры Дух Котранскага лесу


Тадэвуш Люткевіч – дырэктар і амаль адзіны ахоўнік 10-ці з паловай тысяч гектараў заказніка «Котра». «Котранскі лесавік» правёз журналістаў «Белсату» па лясным бездарожжы і паказаў, як жыве яго лес.

На ўсюдыходнай «Ніве» спадара Тадэвуша мы набліжаемся да ўезду ў заказнік «Котра». Не гледзячы на абяцанне памежнікаў, шлагбаум зачынены.

Дырэктар заказніка “Котра” Тадэвуш Людкевіч.

Выходзім з машыны і пачынаем наш шпацыр па лясных сцежках. Свежае лясное паветра бязлітасна казыча ў носе. У лесе, як нідзе болей, адчуваецца магія нараджэння новага жыцця, якую прыносіць вясна. Першыя сонечныя кветкі прабіваюцца сярод багністых гушчароў. Сваймі сімфоніямі заварожваюць птушкі.

Дзе жыве сонечны кот?

Котранскі лес стаў заказнікам у 2003-м годзе, з мэтай захаваць непаўторнае прыроднае багацце. Гэта адзіны ў Гарадзенскай вобласці заказнік, які мае статус міжнароднага значэння паводле Рамсарскай канвенцыі. Усяго такіх тэрыторый у Беларусі дзевяць. 135 гатункаў лішайнікаў, 634 гатункі сасудзістых раслін, з якіх 10 – пад аховай. 124 гатункі наземных пазваночных жывёлінаў, у тым ліку 26 звяроў, 85 птушак, 5 рэптыліяў і 8 амфібіяў. Векавыя дубы і ельнікі, старажытныя дзюны і стаянкі чалавека каменнага і бронзавага вякоў, і ўсяго адзін жыхар на 10,5 тысяч гектараў.

«Котра, Кот-ра… «Ра» – гэта сонца ў старажытных егіпцянаў. А кот – сонечны кот – рысь. У нас лагатып «Котры» – рысь, чырвонакніжная жывёла. Яшчэ водзіцца барсук. Можа сустрэнем сёння? », – сціпла дзеліцца сваймі разважаннямі спадар Тадэвуш, сядаючы ў «Ніву».

Прытулак кантрабандыстаў

Закінутая вёска Зубрава
Закінутая вёска Зубрава
Закінутая вёска Зубрава

Чарговы пункт нашага падарожжа – вёска Раманава, якую пасля вайны мяжа з Літвой падзяліла на дзве часткі, а жыхары апынуліся па розных баках калючага дроту. Зараз хаты пустуюць, але не зусім. Старыя нежылыя будынкі скупаюць беларусы, каб перахоўваць там кантрабанду.

Вёска Раманава. мяжа з Літвой

«Вам пакажу і граніцу, і вёску кантрабандыстаў. Гэта я так назваў, таму што, сапраўды, купляюць дамы іменна пад склады. І гарадзенскія ў тым ліку. Дамы пераўтвараюць у склад. Мы хадзілі са спецыялістам, хацелі паглядзець, дык яны так шчыльна завешаныя, што не ўбачыш нічога. Што возяць? Цыгарэты. Больш нічога не трэба. Два добрых «перабросы» – маеш крутую машыну. Чатыры добрых «перабросы» – кватэра ў Горадні. Яны ж карабамі, бусамі, аўтобусамі. Ну, чымсьці людзі займаюцца, калі добра жывуць. І не працуюць», – распавядае спадар Тадэвуш.

Лясная бабуля

Апошняя жыхарка вёскі Зубрава Марыя Фёдараўна Казадой.

Марыя Фёдараўна Казадой – апошняя жыхарка наступнай вёскі Зубрава, да якой мы дабраліся па ямістых лясных дарогах. Баба Маня ўжо паспела стаць гераіняй шматлікіх рэпартажаў і нават дакументальнага фільму. Ужо даўно бабулі пераваліла за 80, аднак свайго дакладнага ўзросту жанчына не ведае сама. Усё жыццё яна правяла ў вёсцы сярод лесу, гадуючы кароўкі ды бульбу. Дагэтуль у хаце няма электрычнасці, заўсёды карысталіся газнічкай і свечкамі.

«У школу пайшла, дык пачалася вайна. Адзін год пачала вучыцца, за 5 кілометраў і там немцы пабілі людзей. Так засталася неграматная. Вёска, дзе была школа – усіх спалілі. Пяцёра нас дзяцей было. Паўміралі ўсе. Маладыя ў горад паз’яжджалі, а старыя паўміралі. Адна я ў лесе. Зараз дачка прыехала, бо ўрач сказаў, што дагляд патрэбны. Ніколі не было электрычнасці. Ніякіх целевізараў. Радзіва толькі, во, ест. Дачка ўключае, а я дзе пайму, а дзе і не пайму. Думаеце, я разбіраюся ў гэтым радзіве? Я не граматны чалавек. Не магу так. Цяпер мяне смотрат пагранічнікі. Урачыха прыязджае. З дзікай жывёлы – дзікі прыходзяць, парылі каля сарая. Свіней пазаражалі, дык іх ахотнікі пабілі», – распавядае Марыя Фёдараўна.

Экатурыстычны рай? Мог бы быць…

Заказнік “Котра”. Васіліь Малчанаў / Белсат

Пакінуўшы адзіную лясную жыхарку, накіроўваемся далей – да ляснога возера. Дзякуючы спадару Тадэвушу і яго спецыялісту ў заказніку можна наведаць некалькі дзясяткаў ціхіх месцаў, каб атрымаць асалоду ад спакою прыроды і пасмажыць духмянае сала, якім пачаставаў нас гаспадар «Котры».

«Трэба карыстацца момантам пакуль жывеш. Сёння пасядзіш каля вогнішча, заўтра не пасядзіш. Не зрабіў нечага, упусціў, праспаў, гэтага ўжо не вернеш», – запрашае да стала добры і гасцінны «лясны дух».

Дырэктар заказніка “Котра” Тадэвуш Людкевіч

Сваймі сіламі ім удалося пабудаваць альтанкі, прыбіральні, сметніцы і абсталяваць бяспечнае месца для вогнішчаў. Усё драўлянае і «экалагічнае».

Як распавядае спадар Людкевіч, даглядам Котранскага лесу займаюцца па-сутнасці тры асобы: ён, спецыяліст і бухгалтар, які адказвае за фінансавую частку і паперы.

«Нашая асноўная задача – ахова чырвонакніжных жывёлаў і раслінаў. Мы выяўляем новыя месцы, дзе ёсць чырвонакніжныя гатункі. Запрашаем навукоўцаў, каб яны зафіксавалі, пацвердзілі, што гэта так. Гэтыя месцы заносяцца ў камп’ютар. Сочым за высечкай. Зімой можна толькі нешта высекчы, вясной і летам нельга. У прынцыпе, гэта нашая праца – каб не смецілі, каб не палявалі, каб не секлі, дзе нельга. Нейкую інфраструктуру крыху развіваць, падтрымліваць. Што можам».

Як тлумачыць спадар Тадэвуш, менавіта з турыстычнымі паслугамі ўзнікаюць складанасці.

«Паказаць – ёсць што. Пасядзець – ёсць дзе, адпачыць – ёсць дзе. Але зарабіць, мы шмат не заробім. Па-першае: для арганізацыі турыстычнай працы я не маю права выкарыстоўваць гэтую машыну, а ў нас яна адна. Таму што яна прызначана для аховы. Калі я праводжу экскурсію сёння з вамі, я напішу, што праводзіў экскурсію, я павінен выкрасліць з табеля свой працоўны дзень. Вы павінны мне заплаціць, а я з гэтых грошай павінен узяць сабе ў заробак. Адныя кажуць: займайцеся, іншыя – нельга, рэвізор прыедзе і пакарае. Я не маю права напісаць «турыстычная экскурсія». Трэба ж ліцэнзію, а ў нас яе няма. Калі школьныя экскурсіі, з дзяцей чыста сімвалічна мы бралі 1 рубель 50 капеек на цяперашнія грошы. От, што мы зарабілі».

І швец, і жнец і на дудзе ігрэц

«Нам патрэбна супраца з турыстычнымі фірмамі, так як на Захадзе. Заказнікі займаюцца сваёй працай непасрэдна, а турыстычныя фірмы займаюцца сваёй працай. Прывозяць турыстаў, арганізоўваюць, а заказнікі прадстаўляюць інфраструктуру і якуюсьці капейку за гэта атрымліваюць. Хацелася б, канешне, нешта зарабіць, каб на гэтыя грошы яшчэ нешта збудаваць. Хацелася б, каб хоць невялікі, але экалагічна-асветны цэнтрык мець. Мы былі ў Літве, у іх вялікія, прыгожыя. Вялікага нам не трэба, таму што ў будучыні яго пабудаваць, яго і атрымоўваць трэба. На жаль праекты нашыя не прайшлі».

«Быў я ў Літве, Латвіі – паўсюды. Там дырэктар нацыянальнага парку «Чапкеляй». Дык у іх асобна падраздзяленне, офісы там і там есць. Але яны бюджэтнікі таксама. І заробак дырэктара 1100 еўра. Сам пытаў. Гэта мы ў аўтобусе ехалі, нашыя і літоўцы. Кажу: слухай, Мінгаліс, які ў цябе заробак? Ён так прыкінуў і кажа: гэта без праектаў 1100 еўра. А ў цябе?, – на мяне такі. Я так падумаў, кажу: ведаеш, не буду казаць. Не хачу ганьбіць Беларусь. Насамрэч сорамна казаць. 150 Еўра. І лавачкі ён не робіць, і не косіць.

І на машыне такой не ездзіць. Як гэта ў нас заведзена ў Беларусі? Напрыклад, робяць касілку ў нас, дык яна ўніверсальная. Робіць усё: зерне ўбірае, сеяць можна, пахаць можна, але насамрэч нічога якасна не зробіць. Як у нас у працы. Гэта, хіба, нашая беларуская хвароба. Хочуць, каб чалавек рабіў усё – і ў заказніку, і ахоўнікам, і абараняў, і прыбіраў, і смецце вывозіў, і касіў, машыну рамантаваў, запчасткі купляў за свой рахунак. Таму што грошай няма на гэта. 10 з паловай тысяч гектараў. А выдзяляюць 4 літра бензіну на дзень. А кожны дзень трэба праехаць 30 км мінімум».

«Лес вучыць не быць такім жорсткім»

Заказнік “Котра”. Васіліь Малчанаў / Белсат
Заказнік “Котра”. Васіліь Малчанаў / Белсат
Заказнік “Котра”. Васіліь Малчанаў / Белсат
Заказнік “Котра”. Васіліь Малчанаў / Белсат
Заказнік “Котра”. Васіліь Малчанаў / Белсат
Заказнік “Котра”. Васіліь Малчанаў / Белсат
Заказнік “Котра”. Васіліь Малчанаў / Белсат
Заказнік “Котра”. Васіліь Малчанаў / Белсат

«Я люблю сваю працу. Лес вучыць толькі добраму. Як адносіцца да жывога, да людзей таксама. Не важна, дрэва вялікае ці маленькае, усе роўныя ў гэтым свеце. Толькі чалавек, на маю думку, гэта самая страшная жывёла, якая ёсць на свеце. Ён усё знішчае. Вось каб троху ён быў дабрэйшым, гэты чалавек, хаця б не браў бы без патрэбы. Вось ідзе: зломіць галінку, выкіне. Ну не перашкаджае яна яму. Навошта гэта рабіць? Ідзе: кіне запалку, спаліць 20-30 гектараў лесу з усім жывым. Навошта гэта трэба, не ведаю. Лес прымушае, хіба, падумаць, не быць такім жорсткім. І так хапае ўсякага зла. Без гэтага. Прыязджай сюды, тут птушкі спяваюць, добрае надвор’е. Можна бясконца сядзець і слухаць і ні якіх перакладчыкаў не трэба ўсё зразумееце».

Паўліна Валіш, belsat.eu

Стужка навінаў