Вёска ўдоваў Крушэс-сэ-Мазэ. Рэпартаж «Белсату» з «другой Срэбрэніцы»


Журналіст Алесь Сіліч пабываў у косаўскай вёсцы, у якой падчас «этнічных чыстак» сілавікі Мілошавіча знішчылі амаль усіх мужчынаў.

Месціцца вёска Крушэс-сэ-Мазэ ў маляўнічай лагчыне ля падножжа гор, што аддзяляюць Косава ад суседніх Албаніі ды Македоніі. Калі пад’язджаеш да вёскі ды бачыш, як тут усё цяпер дыхае жыццём, якія дамы будуюцца, цяжка нават уявіць сабе, што тая трагедыя, якая адбылася тут усяго 16 гадоў таму, наагул была магчымая.

«Калі ў 1999 годзе сюды ўвайшла сербская армія, мяне тут не было, я быў у Албаніі. Таму і застаўся жывы. Але ў вёсцы быў мой сын, і яго забілі. Тут была вялікая разня, мужчынаў пабілі амаль усіх, засталіся адныя жанчыны», – кажа жыхар Крушэс-сэ-Мазэ Малюш Гашы.

Сапраўдным ударам тыя падзеі сталі для жыхаркі вёскі Джэміле Хоці. За адзін дзень яна страціла мужа і дваіх сыноў. Гора прымусіла жанчыну выглядаць значна старэй за свае гады. Цяжка паверыць, што ёй усяго 46.

«А шостай раніцы мы выйшлі з дому і пайшлі ў бок гор, каб схавацца там. Але ўжо праз чатыры гадзіны сербскія жаўнеры знайшлі нас. Яны прывялі нас назад у вёску і сабралі ў адным месцы. Крыху пазней жанчынам загадалі ісці ў мячэць, а другой гадзіне дня пачалася страляніна. Як мы пазней даведаліся, усіх мужчын, якіх знайшлі, расстралялі», – дзеліцца ўспамінамі жыхарка Крушэс-сэ-Мазэ Джэміле Хоці.

Цяпер у гаспадарцы Джэміле – заняпад.

Косаўскія ж улады ў 2008-м годзе прынялі Дэкларацыю незалежнасці, таму афіцыйнаму Бялграду тут не падпарадкоўваюцца. Тым часам жыхары Крушэс-сэ-Мазэ выжываюць, намагаючыся аднавіць сваю вёску.

Стварылі ўдовы і свой амаль чыста жаночы сельскагаспадарчы кааператыў вытворчасці саленняў, забяспечваюць імі ўсё Косава. Галоўная гароднінная «фішка» Крушэс-сэ-Мазэ – айвар, чыста балканская страва – трохі перасмажаны або печаны перац, які выкарыстоўваецца ў якасці прыправы. За высокую якасць сваёй прадукцыі ўдовы атрымалі масу ўзнагародаў і граматаў. Частка з гэтых слоічкаў пойдзе на экспарт у Швейцарыю.

Цалкам рэпартаж з вёскі Крушэс-сэ-Мазэ глядзіце ў відэа вышэй.

Стужка навінаў